viasna on patreon

17 кастрычніка Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь прыняло рашэньне адмовіць у рэгістрацыі Асацыяцыі грамадзкіх аб’яднаньняў “Асамблея”. Падставай для адмовы стала негатыўнае заключэньне дзяржаўнай камісіі па рэгістрацыі (перарэгістрацыі) грамадзкіх аб’яднаньняў.

2003 2003-11-11T10:00:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Дакумэнты на рэгістрацыю Асамблеі, найбуйнейшай парасонавай структуры няўрадавых арганізацыяў Беларусі, былі пададзеныя яшчэ ў красавіку 2002 года. Нягледзячы на тое, што адказ Міністэрства юстыцыі мусіла даць адказ у месячны тэрмін, органы юстыцыі затрымалі прыняцьце рашэньня па гэтым пытаньні.

За паўтары гады, пакуль дакумэнты Асамблеі знаходзіліся ў Міністэрстве юстыцыі, былі ліквідаваныя некаторыя арганізацыі-заснавальніцы Асамблеі: праваабарончыя аб’яднаньні “Прававая дапамога насельніцтву” і “Праваабарончы цэнтр “Вясна”, гомельскія арганізацыі “Гарт” і “Грамадзянскія Ініцыятывы”. Працягваецца ціск на іншыя арганізацыі-заснавальніцы.

“Нікога з нас не зьдзіўляе гэтае рашэньне Міністэрства юстыцыі. У час, калі суды з падачы органаў юстыцыі зачыняюць найбольш аўтарытэтныя і дзейсныя арганізацыі, было б нелагічна, каб мін’юст дазволіў легалізацыю найбольш буйнога аб’яднаньня няўрадавых арганізацыяў. Улады цудоўна разумеюць, што набыцьцё Асамблеяй няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў легальнага статуса – ані для каго не сакрэт, што рэальна Асамблея актыўна дзейнічае з 1997 года – гэта азначае адкрытую кансалідацыю трэцяга сэктару, набыцьцё ім новых магчымасьцяў для сумесных дзеяньняў, - камэнтуе рашэньне Міністэрства юстыцыі старшыня Рабочай групы Асамблеі НДА Алесь Бяляцкі. - Таму мы ўспрымаем адмову ў рэгістрацыі Асамблеі як палітычнае рашэньне сёньняшніх уладаў, гэта на 100 адсоткаў палітычнае рашэньне. Дакумэнты, пададзеныя намі для рэгістрацыі Асамблеі, былі падрыхтаваныя бездакорна з юрыдычнага пункту гледжаньня. Таму ў якасьці падставы для адмовы ў рэгістрацыі ў рашэньні Мінюста пазначаныя не нейкія юрыдычныя недахопы, а заключэньне гэтак званай “камісіі па рэгістрацыі (перарэгістрацыі) грамадзкіх аб’яднаньняў”. Нам вядома, што гэтая камісія – адмысловы палітычны орган, які мае за мэту супрадзейнічаць рэгістрацыі тых грамадзкіх арганізацыяў, якія небясьпечныя для сёньняшняга рэжыму.
Нягледзячы на гэта, я лічу сабе абавязаным заявіць пра тое, што дзейнасьць Асамблеі ня спыніцца з-за таго, што ёй адмовілі ў легальным статусе. Мы рабілі, робім, і будзем рабіць усё магчымае для яднаньня беларускіх няўрадавых арганізацыяў дзеля дабрабыту ўсяго беларускага народу.”

У найбліжэйшы час кіраўніцтва Асамблеі будзе разглядаць пытаньне пра мэтазгоднасьць абскарджаньня адмовы ў рэгістрацыі праз Вярхоўны суд.

Юрка Чавусаў,
www.belngo.info

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства