viasna on patreon

У Азербайджане працягваецца пераслед адвакатаў, якія абараняюць дысідэнтаў

2016 2016-03-02T17:41:47+0300 2016-03-02T17:46:01+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/imanov.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Адвакат Ялчын Іманаў. Фота: kavkaz-uzel.ru

Адвакат Ялчын Іманаў. Фота: kavkaz-uzel.ru

Міжнародныя праваабаронцы выказваюць сур’ёзную занепакоенасць з нагоды чарговай палітычна матываванай справы. Гэтым разам пад прыцэл патрапіў адвакат Ялчын Іманаў, сярод кліентаў якога зняволеная журналістка Хадзіджа Ісмаілава.

Пра дысцыплінарны пераслед вядомага азербайджанскага адваката-праваабаронца Ялчына Іманава паведамляецца ў заяве сябраў кааліцыі “Спорт за правы” (Sport For Rights):

“Ялчын Іманаў з’яўляецца сябрам калегіі адвакатаў з 2007 года. Ён прадстаўляў інтарэсы многіх вядомых палітычных зняволеных. Сярод яго кліентаў былі журналістка Хадзіджа Ісмаілава, апазіцыйныя палітыкі Мамед Ібрагім, Фуад Гахраманлы і Мурад Адылаў, журналіст Ніджат Аліеў і многія іншыя незаконна арыштаваныя дысідэнты і ахвяры парушэнняў правоў чалавека ў Азербайджане.

Пераслед Ялчына Іманава пачаўся пасля таго, як 12 лютага суддзя Нарыманаўскага раённага суда Баку накіраваў у калегію адвакатаў скаргу з патрабаваннем зрабіць адпаведныя дысцыплінарныя захады ў дачыненні да Іманава з сувязі з яго “неэтычнымі паводзінамі” ў дачыненні да суда. Паводле Іманава, у скарзе сцвярджаецца, што адвакат заяўляў аб “нядбайным” і “неаб’ектыўным” падыходзе суддзі да разгляду хадайніцтваў, чым выказаў непавагу да суда.

Дысцыплінарная камісія калегіі адвакатаў мусіць разгледзець скаргу аб паводзінах Іманава. На дадзены момант камісія яшчэ не прызначыла дату правядзення пасяджэння па скарзе. Адвакат не быў праінфармаваны, ці атрымала калегія скаргу.

Яму таксама не была прадастаўлена афіцыйная копія заявы суддзі супраць яго”.

Як адзначаюць падпісанты заявы, дысцыплінарныя санкцыі ў дачыненні да адваката могуць негатыўна паўплываць на яго незалежнасць як прадстаўніка юрыдычнай прафесіі і перашкодзіць яго важнай і законнай прафесійнай дзейнасці. Сябры кааліцыі заклікаюць дысцыплінарную камісію калегіі адвакатаў адхіліць скаргу супраць Іманава і забяспечыць яго права і надалей выконваць свае прафесійныя абавязкі без запалохвання, перашкодаў або пераследу.

Пры гэтым міжнародныя праваабарончыя арганізацыі нагадваюць, што на працягу апошніх двух гадоў у Азербайджане назіраецца рэзкае павелічэнне ўзроўню рэпрэсій супраць незалежных адвакатаў-праваабаронцаў. Для адвакатаў, якія вядуць палітычна матываваныя справы, існуюць вялікія рызыкі. Напрыклад, адвакат-праваабаронца Інтыгам Аліеў быў асуджаны да 7,5 гадоў турэмнага зняволення.

Акрамя таго, супраць азербайджанскіх адвакатаў ужываюцца адвольныя забароны на выезды за мяжу, якія ў выніку не дазваляюць ім прадстаўляць сваіх кліентаў у Еўрапейскім судзе па правах чалавека (ЕСПЧ), атрымліваць далейшую адукацыю і навучанне за мяжой або браць удзел у міжнародных мерапрыемствах.

За апошнія некалькі гадоў калегія адвакатаў, якая знаходзіцца пад строгім кантролем Міністэрства юстыцыі, пазбавіла права займацца адвакацкай дзейнасцю шэраг юрыстаў, якія прадстаўлялі крытычных да ўрада актывістаў.

Пачынаючы з лета 2014 года, многія адвакаты, якія прадстаўлялі лідараў грамадзянскай супольнасці краіны, былі арыштаваныя і сутыкнуліся з пераследам і неапраўданым пакараннем. Кааліцыя “Спорт за правы” цвёрда перакананая, што дысцыплінарны пераслед супраць Іманава – гэта чарговы выпадак палітычна матываванай справы ў дачыненні да адвакатаў, якія абараняюць дысідэнтаў.

Даведка: “Спорт за правы” (Sport For Rights) – міжнародная кампанія, мэтай якой з’яўляецца распаўсюд інфармацыі аб “беспрэцэдэнтным падаўленні правоў чалавека ў Азербайджане”. Сярод удзельнікаў кааліцыі – Civil Rights Defenders, Фонд Дамоў правоў чалавека, Міжнародная федэрацыя за правы чалавека (FIDH), Нарвежскі Хельсінкскі камітэт, Сусветная арганізацыя супраць катаванняў (OMCT) і інш.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства