viasna on patreon

Віцебская ініцыятыва пра адукацыю ў сферы правоў чалавека не атрымала падтрымкі

2016 2016-03-01T16:14:54+0300 2016-03-01T16:14:55+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/pravy-kniga.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У “Народным сацыяльным універсітэце”, адчыненым пры раённым цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, праваабаронцам адмовілі ў падтрымцы ініцыятывы стварыць факультэт прававых ведаў.

Праваабаронцы Леанід Свецік і Павел Левінаў звярнуліся з такой прапановай да кіраўніцы цэнтра сацыяльнай абароны насельніцтва Першамайскага раёна яшчэ ў траўні мінулага года. Спачатку справа ўвогуле не краналася з месца, а потым кіраўніцтва цэнтра знайшло падставы для адмовы па фармальнай прычыне.

“Дабрачынныя структуры для атрымання ведаў людзьмі сталага веку на бясплатнай аснове існуюць шмат у якіх замежных краінах. “Народны сацыяльны універсітэт” адчыніўся ў цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Першамайскага раёна пасля ўдзелу ў міжнародным праекце “Рэгіён, які вучыцца: адукацыя для ўсіх пакаленняў”, рэалізаванага інстытутам развіцця адукацыі пры фінансавай падтрымцы прадстаўніцтва таварыства Deutscher Volkshochschul-Verband e.V. (ФРГ) у Беларусі. Для адкрыцьця НСУ былі адрамантаваныя памяшканні, закуплена спартовае абсталяванне, кампутары і новая мэбля. Афіцыйнае адкрыццё адбылося ў сакавіку 2015 года. А ў траўні мы пайшлі да кіраўніцы цэнтру з нашай ініцыятывай, каб пажылых людзей вучылі не толькі кветкаводству ці тэатральнаму майстэрству ці асновам ралігіязнаўства – каб для наведнікаў адчынілі яшчэ і прававы факультэт, дзе б вывучалі правы чалавека і асаблівасці іх прымянення”, - распавядае Павел Левінаў.

Леанід Свецік дадае: “Мы былі ўпэўнены, што заяртаемся якраз туды, дзе такія веды найбольш запатрабаваны. Па-першае, у “Народным сацыяльным універсітэце” навучаюцца людзі з ужо багатым жыццёвым досведам. Па-другое, яны ўжо пенсіянеры, а значыць, могуць быць смялейшымі – бо ўжо не залежныя ад працоўных кантрактаў і ад іншых мажлівасцяў уціску. Па-трэцяе, яны маюць шмат вольнага часу, і гэта дазваляе дапамагчы як сабе, так і іншым. І па-чацвёртае, людзі ў нашай краіне не дужа пісьменныя ў прававой галіне, так што такое навучанне, безумоўна, карыснае! Першая сустрэча з кіраўніцай цэнтра была прыемнай: яна пагадзілася, што правы чалавека варта вывучаць, што гэта патрэбная справа і папрасіла скласці праграму – як мы бачым гэты курс”.

Усё тое, што адбывалася далей, ужо немагчыма назваць памкненнем да канструктыўнага супрацоўніцтва.

“Я склаў праграму і даслаў яе ў Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання. І пачаў чакаць адказу. Чакаў два месяцы. Калі пераканаўся, што чыноўнікі парушаюць заканадаўства аб зваротах насельніцтва, паскардзіўся ў пракуратуру. Неўзабаве атрымаў адказ, але нават не пісьмовы: проста да мяне дахата прыйшлі дзве супрацоўніцы Цэнтра з прабачэннямі. Аказваецца, яны атрымалі мой допіс, ён зарэгістраваны, аднак праграму яны згубілі. Папрасілі, каб я склаў яе наноў. Давялося зрабіць і гэта. Цяпер адказ прыйшоў у належны тэрмін: спадарыня Старынская паведаміла, што адправіла праграму на экспертызу ў Віцебскі дзяржуніверсітэт і Упраўленне юстыцыі Віцебскай вобласці. І папрасіла, каб мы пацьвердзілі, што маем вышэйшую юрыдычную адукацыю. Каб пацвердзіць, што мы маем права выкладаць нешта пра правы чалавека. Гэта было ўжо зусім нелагічна: мы ж у выкладчыкі не прасіліся. Толькі прапанавалі стварыць адпаведны факультэт!”—працягвае Леанід Свецік.

На думку Паўла Левінава, такі падыход кардынальна адрозніваецца ад уладкавання падобных структураў у замежжы: “Калі ў выкладчыкі хацелася ўзяць адмыслоўцаў, то мы і прапаноўвалі, каб выкладалі прадстаўнікі віцебскіх ВНУ, пракурорскія работнікі, суддзі, работнікі міліцыі і органаў юстыцыі. Пра нейкія аспекты прааабарончай дзейнасці маглі б распавесці і мы. У мяне, прыкладам, стаж праваабарончай дзейнасці – каля 10 гадоў. Я магу навучыць скласці скаргу або падказаць , куды звярнуцца з канкрэтнай праблемай… Бо галоўны прынцып такой нефармальнай адукацыі: умееш сам – навучы іншага. У замежных краінах людзі збіраюцца разам, каб нехта з іх кола навучыў астатніх ці граць на гітары, ці плесці кошыкі, ці даглядаць хамячкоў… А ў нас вырашылі развесці бюракратыю! Хаця – не веру я, што праграма па кветкаводству ці вязанню таксама зацвярджалася на абласным узроўні! Найхутчэй чыноўнікі палічылі, што ведаць заканадаўства і свае правы – гэта лішняе. Дый увогуле небяспечна!”

Кіраўніцу Цэнтра сацыяльнай абароны насельніцтва Першамайскага раёна не пераканалі сертыфікаты, атрыманыя спадарамі Левінавым і Свецікам па выніках навучальных курсаў і стажыровак у галіне правоў чалавека. Прааабаронцаў палічылі некампетэнтнымі, і факультэт прававых ведаў у Народным сацыяльным універсітэце адчынены не будзе.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства