Гомельскага журналіста-фрылансера Кастуся Жукоўскага суд пакараў штрафам у памеры 80 базавых велічынь

2016 2016-02-24T17:59:05+0300 2016-02-25T12:42:12+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/zukouski-kastus-gomel.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Фота Радыё Свабода

Фота Радыё Свабода

24 лютага суд Жлобінскага раёна разгледзеў адразу два адміністрацыйныя пратаколы па артыкулу 22.9 КаАП (незаконны выраб прадукцыі СМІ), складзеныя мясцовай міліцыяй у дачыненні да гомельскага журналіста-фрылансера Кастуся Жукоўскага. За кожны з пратаколаў суддзя пакарала фрылансера штрафам у памеры 40 базавых велічынь (агулам 80 базавых велічынь, што складае больш за 16 мільёнаў рублёў). Справу разглядала суддзя Валянціна Сапонава.

Згодна міліцэйскім пратаколам, Кастусь Жукоўскі, не маючы акрэдытацыі ў якасці журналіста замежнага СМІ, незаконна праводзіў апытанне і здымкі на відэакамеру жыхароў Жлобіна і раёна. Сюжэты аб праблемах рэгіёну былі паказаны ў эфіры тэлеканалу «Белсат». Гаворка ў відэасюжэтах ішла пра праблемы жыхароў вёскі Рудзенка, якія не маюць працы з-за працяглага рамонту на мясцовай ферме, і цяжкім фінансавым становішчы прамысловага гіганту – Беларускага металургічнага заводу.

На пачатку судовага паседжання пры ўдакладненні пашпартных дадзеных суддзя спыталася ў фрылансера – ці мае ён на ўтрыманні яшчэ нейкіх асоб, акрамя непаўналетняй дачкі? «Прэзідэнта, і іншых дзяржаўных служачых», - адказаў Кастусь Жукоўскі. Ён не прызнаў сваю віну, сцвярджаючы, што не мае працоўных стасункаў з тэлеканалам «Белсат», а відэа здымае, рэалізуючы сваё канстытуцыйнае права на збор і распаўсюд інфармацыі. Відэа ён змяшчаў на сваім блогу, і выкарыстаць яго пры сённяшніх інфармацыйных тэхналогіях мог хто заўгодна, у тым ліку і тэлеканал «Белсат». «Я вінаваты, канечне, у тым, што збіраю праўдзівыя звесткі і паказваю рэальнасць не такой, як беларускае тэлебачанне. Вінаваты я і ў тым, што не веру беларускаму тэлебачанню, а веру ўласным вачам. Але з «Белсат» я не маю працоўнай дамовы, і вы можаце зрабіць туды запыт і спраўдзіць дадзеную інфармацыю», - адзначыў журналіст.

Сведкамі на судзе выступалі жыхары вёскі Рудзенка, якіх апытваў фрылансер. Яны паказалі, што ведаюць дадзенага грамадзяніна і сапраўды на камеру расказвалі пра свае праблемы, але не ведалі – для якога менавіта каналу здымае Жукоўскі і не пыталіся ў яго пра гэта. Сведчанні на судзе даваў і міліцыянер – старэйшы ўчастковы інспектар Аляксандр Раманенка. Ён адзначыў, што сюжэт пра Жлобінскі раён быў «выяўлены» ў эфіры тэлеканалу «Белсат» шляхам маніторынгу сеткі Інтэрнэт. Апытваючы жыхароў раёна, міліцыя паказвала ім здымкі, і людзі паказалі, што менавіта Жукоўскі браў у іх каментары. Міліцыянер не здолеў адказаць на пытанне: якія ёсць доказы таго, што фрылансер здымаў для тэлеканалу «Белсат», перадаваў ім матэрыялы, ці нейкім чынам рабіў мантаж іх, вырабляў сюжэт. «У сюжэце з маіх здымкаў выкарыстана толькі недзе 30% матэрыялу, астатняе невядома хто рабіў і здымаў, у тым ліку выкарыстаны здымкі афіцыйных беларускіх тэлеканалаў. Якая падстава сцвярджаць, што гэта мой сюжэт, калі і голас за кадрам іншы, і аўтарам сюжэту пазначаны іншы чалавек, і я не маю дамовы з «Белсатам»? - падкрэсліў Жукоўскі.

Яго адвакат Пётр Барысаў у сваім выступе пералічыў шэраг парушэнняў ПВКаАП, якія дапусцілі міліцыянеры пры складанні пратаколу – не было подпісаў сведак, Жукоўскаму не паведамілі належным чынам пра адміністрацыйны працэс і гэтак далей. Таксама адвакат прасіў зрабіць запыт на тэлеканал «Белсат», каб мець аб'ектыўныя доказы, што яго падабаронны сапраўды працуе на дадзены тэлеканал. «Не знайшлося пацвярджэння таго, што ў дзеяннях майго падабароннага ёсць склад правапарушэння, прадугледжанага артыкулам 22.9 КаАП», - рэзюмаваў Пётр Барысаў.

Фрылансер на сканчэнне працэсу сказаў, што «гэта цырк і здзек з закону, і я чакаю час, калі суддзі будуць сапраўды незалежныя і будуць кіравацца законам, а не тэлефонным правам і ўказаннямі зверху».

Жукоўскі неаднаразова быў пакараны рознымі судамі Гомельскай вобласці за журналісцкую дзейнасць. Агулам яго штрафы на дадзены момант перавысілі 70 мільёнаў рублёў.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international