viasna on patreon

Беларусь у штогадовым дакладзе Amnesty International

2016 2016-02-24T15:49:01+0300 2016-02-24T18:02:20+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/ai_report2015-16.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Штогадовы даклад Amnesty International 2015/16

Штогадовы даклад Amnesty International 2015/16

Захавалася заканадаўства, якое строга абмяжоўвае свабоду выказвання меркаванняў, асацыяцыі і мірных сходаў. Журналісты па-ранейшаму цярпелі пераслед. Былі вызваленыя некалькі зняволеных, асуджаных за апошнія гады ў выніку палітычна матываваных працэсаў, аднак яны вымушаныя рэгулярна паведамляць у міліцыю пра свае рухі і дзейнасць. Прынамсі два чалавекі былі асуджаныя да смерці, але пра выкананне пакаранняў не паведамлялася. Працягваўся пераслед праваабаронцаў, дыскрымінацыя, пераслед і гвалт у дачыненні да прадстаўнікоў сексуальных меншасцяў.

Такое рэзюмэ зроблена да раздзелу пра Беларусь у дакладзе Amnesty International 2015/16, які быў презентаваны 24 лютага.   

Падрабязная інфармацыя – у перакладзе Праваабарончага цэнтра “Вясна”:

Агульная сітуацыя

У кастрычніку прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка камфортна выйграў свой пяты запар тэрмін на фоне дзяржаўнага кантролю над СМІ, а таксама пераследу і рэпрэсій супраць палітычных апанентаў. Перамовы па канфлікт на ўсходзе Украіны, якія адбыліся пры міжнародным пасярэдніцтве ў сталіцы краіны Менску, паспрыялі дыпляматычным намаганням Беларусі па паляпшэнні адносінаў з ЕС. У кастрычніку ЕС прыпыніў шматгадовыя санкцыі супраць высокапастаўленых беларускіх чыноўнікаў, за выключэннем чатырох прадстаўнікоў сілавых ведамстваў, якія, як мяркуецца, звязаныя са знікненнем палітычных актывістаў у ранейшыя гады. Нацыянальная валюта страціла больш за 50% сваёй вартасці ў адносінах да даляра ЗША, а эканамічны рост, паводле прагнозаў, скароціцца на 4% у асноўным з-за эканамічнага спаду ў Расіі, галоўным гандлёвым партнёры краіны.

Смяротнае пакаранне

Беларусь захавала смяротнае пакаранне. Паведамленняў пра пакаранні смерцю не паступала, але 18 сакавіка да смерці быў прысуджаны Сяргей Іваноў. 14 ліпеня Вярхоўны суд адхіліў яго скаргу. 20 лістапада Гродзенскі абласны суд вынес смяротны прысуд Івану Куляшу.[1] 1 красавіка Камітэт па правах чалавека ААН прыняў меркаванне, што расстрэл Алега Грышкаўцова ў 2011 годзе ўяўляе сабой парушэнне яго права на жыццё, што яму не было прадастаўлена права на справядлівае судовае разбіральніцтва і што яго прызнанне было атрыманае пад ціскам.

Вязні сумлення

У жніўні прэзідэнт вызваліў вязняў сумлення Мікалай Статкевіча і Юрыя Рубцова, а таксама актывістаў Мікалая Дзядка, Ігара Аліневіча, Яўгена Васьковіча і Арцёма Пракапенку, якія трапілі за краты ў выніку палітычна матываваных судовых працэсаў. Аднак іх судзімасці не былі знятыя і на іх былі накладзеныя значныя абмежаванні, у тым ліку “прафілактычны ўлік”. З гэтай прычыны былы кандыдат у прэзідэнты Мікалай Статкевіч быў пазбаўлены магчымасці балатавацца на выбарах, і вымушаны рэгулярна паведамляць у міліцыю пра свае рухі і дзеянні цягам наступных васьмі гадоў. Невыкананне гэтых абмежаванняў можа прывесці да яшчэ больш сур’ёзных абмежаванняў і новых крымінальных абвінавачванняў. Аналагічныя абмежаванні, але на меншыя тэрміны, былі накладзеныя на астатніх пяцярых вызваленых актывістаў.

Свабода выказвання меркаванняў

СМІ па-ранейшаму знаходзіліся пад пільным кантролем з боку ўрада, а незалежныя сродкі масавай інфармацыі і журналісты рэгулярна падвяргаліся пераследу. Журналісты-фрылансеры, якія працуюць на замежныя СМІ, абавязаныя атрымліваць акрэдытацыю ад Міністэрства замежных справаў, якое рэгулярна ім у гэтым адмаўляла або адкладала вырашэнне пытання на нявызначаны тэрмін. Кастусь Жукоўскі, які працуе на польскі канал “Белсат”, быў аштрафаваны тры разы за працу без акрэдытацыі, у тым ліку 9 ліпеня, а таксама яшчэ тры разы ў папярэднія гады: судом Цэнтральнага раёна і судом Чыгуначнага раёна Гомеля, а таксама судом Рагачоўскага раёна. Паводле незалежных экспертаў у сферы СМІ з арганізацыі “Індэкс цэнзуры”, у перыяд са студзеня прынамсі 28 незалежных журналістаў былі пакараныя штрафамі ад 3 да 7,8 мільёнаў рублёў (215-538 долараў ЗША) за працу без акрэдытацыі. Паводле цмяных паправак да Закона “Аб сродках масавай інфармацыі”, прынятых у снежні 2014 г., Міністэрства інфармацыі атрымала паўнамоцтвы прымушаць інтэрнэт-правайдэраў блакаваць доступ да пэўных інтэрнэт-рэсурсаў без рашэння суда. 27 сакавіка ў адпаведнасці з гэтай нормай быў заблакаваны доступ да сайтаў праваабарончай арганізацыі “Вясна” і незалежных інфармацыйных платформаў “Беларускі партызан” і “Хартыя’97”. З 2 па 5 кастрычніка у выніку хакерскіх атак быў заблакаваны доступ да сайтаў інфармацыйных агенцтваў БелаПАН і Naviny.by, пасля таго як яны апублікаваныя рэпартаж пра прымус студэнтаў да ўдзелу ў грамадскай імшы з удзелам прэзідэнта. 11 жніўня актывісты Вячаслаў Касінераў, Яраслаў Ульяненкаў, Максім Пякарскі і Вадзім Жаромскі, а таксама грамадзянін Расіі, чыё прозвішча засталося невядомым, былі затрыманыя ў Менску за графіці “Беларусь павінна быць беларускай” і “Рэвалюцыя свядомасці”. Яны былі вызваленыя 31 жніўня пасля таго, як далі падпіскі аб неразгалошванні дэталяў расследавання. Праз палітычную накіраванасць гэтых надпісаў яны былі абвінавачаныя у “злосным хуліганстве” і ім пагражае да шасці гадоў пазбаўлення волі. У выніку затрымання ў Вячаслава Касінерава была зламаная сківіца, і ён быў шпіталізаваны. Напрыканцы года яны ўсё яшчэ чакалі пачатку судовага працэса.

Свабода сходаў

Улады працягвалі рэгулярна ўжываць Закон “Аб масавых мерапрыемствах”, у адпаведнасці з якім любы сход або грамадскі пратэст разглядаецца як незаконны, калі ён не дазволены чыноўнікамі. 27 верасня да вулічнай акцыі ў горадзе Баранавічы, якая была арганізаваная ў падтрымку кандыдата ў прэзідэнты Таццяны Караткевіч і санкцыянаваная ўладамі, далучыліся каля 30 футбольных заўзятараў, якія ішлі на матч. Неўзабаве пасля таго, як яны пачалі скандаваць “Жыве Беларусь!” на месца здарэння прыбыла міліцыя, якая пасадзіла фанатаў у аўтобусы. Астатнім мітынгоўцам было дазволена працягнуць акцыю. 30 верасня суд у Менску пакараў штрафамі ў памеры ад 5,4 да 9 мільёнаў рублёў (300-500 долараў ЗША) кандыдатаў у прэзідэнты на выбарах 2010 года Мікалая Статкевіча і Уладзіміра Някляева, а таксама лідара АГП Анатоля Лябедзьку за арганізацыю “несанкцыянаваных” акцый пратэсту ў сувязі з выбарамі. Іншыя мірныя дэманстранты былі падобным чынам затрыманыя і аштрафаваны на працягу года.

Свабода асацыяцыі і праваабаронцы

Захаваўся артыкул 193.1 Крымінальнага кодэкса, які забараняе дзейнасць незарэгістраваных арганізацый (палітычных партый і рэлігійных групаў, а таксама НДА). Вядомая праваабаронца і старшыня праўлення Цэнтр прававой трансфармацыі Алена Танкачова была вымушаная пакінуць Беларусь. Акрамя таго, ёй забаронены ўезд у краіну на працягу трох гадоў. Танкачова нарадзілася ў Расіі, але жыла ў Беларусі з 1985 года. Рашэнне было прынятае 5 лістапада 2014 года і заснаванае на неаднаразовых парушэннях правілаў дарожнага руху. Алена Танкачова некалі разоў спрабавала абскардзіць яго, але беспаспяхова. 19 лютага Менскі гарадскі суд адхіліў яе канчатковую скаргу, прымушаючы яе пакінуць краіну 21 лютага. У сакавіку кіраўнік гомельскай праваабарончай НДА “Цэнтр стратэгічнай цяжбы” Леанід Судаленка атрымаў прынамсі дзве пагрозы па электроннай пошце, якія ўлады адмовіліся расследаваць. 8 красавіка міліцыя абшукала яго дом і офіса, а 14 красавіка ў дачыненні да самога Леаніда Судаленка была распачатая крымінальнай справа. Улады абвінавацілі яго ў распаўсюдзе парнаграфіі з яго электроннай пошты, аднак ён сцвярджаў, што яго акаўнт быў узламаны. Леанід Судаленка сцвярджае, што гэта помста за яго працу ў дапамогу ахвярам парушэнняў правоў чалавека, якія дасылаюць свае скаргі ў Камітэт па правах чалавека ААН. Апошняя з іх была накіраваная 28 лютага ад Вольгі Груновай, чый сын быў таемна расстраляны 22 кастрычніка 2014 года, і якая запатрабавала паведаміць месца яго пахавання.

Правы лесбіянак, геяў, бісэксуалаў, транссэксуалаў і інтэрсэксуалаў

Прадстаўнікі сэксуальных меншасцяў па-ранешаму падвяргаліся штодзённай дыскрымінацыі, ціску і гвалту. Міхаіл Пішчэўскі, які быў збіты актывістамі-гамафобамі, калі выходзіў з гей-вечарыны ў клубе ў Менску 25 траўня 2014 года, памёр 27 кастрычніка ў выніку ўскладненняў, выкліканых цяжкімі траўмамі галавы. Толькі адзін з нападнікаў быў асуджаны да двух гадоў і васьмі месяцаў пазбаўлення волі за хуліганства і вызвалены ў выніку прэзідэнцкага памілавання ў жніўні, адбыўшы 11 месяцаў з свайго тэрміну.

[1] Другі вядомы смяротны прысуд у Беларусі ў 2015 годзе: Іван Кулеш (EUR 49/2926/2015)

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства