viasna on patreon

Магілёўская міліцыя адмаўляецца рэагаваць на незаконныя дзеянні адносна журналіста

2016 2016-02-23T00:49:07+0300 2016-02-23T00:49:07+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/supracounik_milicyji.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Праверка па факту нявядачы кнігі скаргаў і прапановаў па першым патрабаванні расцягнулася на чатыры месяцы.

28 кастрычніка 2015 года магілёўскі журналіст Ігар Барысаў разам са сваёй жонкай юрыстам Аленай Барысавай з’явіліся ў офісе арганізацыі “Камунальнік МК”, якая займаецца абслугоўваннем дома, у якім яны пражываюць. Наведвальнікі камунальнай арганізацыі хацелі азнаёміцца з планамі і графікамі сезоннага агляду іх кватэры, які хацелі правесці камунальнікі.

-          Мне на мабільны тэлефон патэлефанаваў невядомы мужчына, які назваўся майстрам ТДА “Камунальнік” і выказаў жаданне прыйсці да нас, каб зрабіць сезонны агляд кватэры. У выніку размовы мужчына пачаў выкручвацца і называць іншыя прычыны візіту – праверка пажарных апавяшчальнікаў, проста трубы паглядзець, а можа яшчэ што. Мужчына размаўляў вельмі рэзка, ціснуў на тое, што ў нас з іх арганізацыяй заключана дамова, і я абавязана яго пусціць па любой прычыне. Мяне гэта засмуціла, я апытала суседзяў і жыхароў іншых дамоў, але да іх  ніхто з падобнымі патрабаваннямі  не звяртаўся.  - гаворыць Алена Барысава.

У камунальнай арганізацыі такіх планаў і графікаў не аказалася.

-          Я папрасіла, каб мне далі кнігу скаргаў і прапановаў, каб я магла зрабіць запіс у сувязі з незаконным патрабаваннем камунальнікаў патрапіць у нашую кватэру, аднак у гэтым мне было адмоўлена. Супрацоўнікі “Камунальніка МК” пачалі патрабаваць пашпарт і дамову на абслугоўванне нашай кватэры. Завязаўся канфлікт і толькі недзе праз 5-6 хвілін пасля таго, як мой муж прадаставіў ім свой пашпарт, нам была выдадзена кніга скаргаў і прапановаў, - працягвае Алена.

Адразу пасля гэтага інцыдэнта была накіравана скарга ў адміністрацыю Кастрычніцкага раёна Магілёва, дзе распавядалася пра тое, што кніга скаргаў і прапановаў была выдадзена не па першым патрабаванні.

-          У сваіх пісьмовых тлумачэннях дырэктар ТДА “Камунальнік” Андрэй Караткевіч прызнаў, што кніга скаргаў і прапановаў была выдадзена пасля прад’яўлення пашпарта, а таксама дамовы на абслугоўванне іх арганізацыяй нашай кватэры. Аднак нават пасля гэтага адміністрацыя раёна не склала на супрацоўнікаў камунальнай арганізацыі адміністрацыйны пратакол. У выніку я была вымушана напісаць заяву ў міліцыю. Наяўнасць віны пацвярджаецца запісам у кнізе скаргаў, паказаннямі Барысава І.П., пісьмовым тлумачэннем дырэкрата, - гаворыць Алена Барысава.

Але першая справа была спынена за недаказанасцю. Пасля тлумачэння ў скарзе працэсуальных нормаў права справа была адменена і накіравана на новы разгляд.  Пад час гэтага супрацоўнікі “Камунальніка МК” сталі даваць ужо зусім іншыя паказанні, якія адрозніваліся ад усіх доказаў.

Жанчына адзначае, што ў міліцыю быў прадастаўлены аўдыёзапіс канфлікту, у якім цудоўна чуваць, што супрацоўнікі камунальнай арганізацыі адмовіліся выдаваць кнігу скаргаў і прапановаў па першым патрабаванні, як тое прапісана ў законе. З апошняга ліста міліцыі стала вядома, што дадзены запіс быў перададзены на фонаскапічную экспертызу.

-          Мяркую, што ў гэтай сітуацыі ТДА “Камунальнік” пакрывае міліцыя, бо 13 лістапада яны дзейнічалі ў звязцы і спрабавалі незаконна патрапіць у нашую кватэру, не маючы на тое ніякіх законных падставаў. Міліцыянты гатовы траціць велізарныя сродкі на экспертызы і свой працоўны час, не для таго, каб прасачыць за законнасцю, а для таго, каб спрабаваць выкруціцца і прыкрыць сваіх хаўруснікаў і прыхаваць проціпраўныя дзеянні, якіх прыйшлося суправаджаць. Усё гэта ячшэ раз пацвярджае, што справа мае палітычны характар - гаворыць Алена Барысава.

Гэтую справу курыруюць начальнік Кастрычніцкага РАУСа Магілёва Клімаў і яго намеснік Мажанкоў, якія, ведаючы пра палітычны складнік дадзенай справы, даюць  юрыдычна няграматныя адпіскі і спрабуюць спусціць справу на тармазах, лічыць Алена Барысава.

Нагадаем, што 13 лістапада 2015 года пяцёра невядомых разам з двума супрацоўнікамі міліцыі спрабавалі незаконна патрапіць у кватэру магілёўскага журналіста Ігара Барысава. Пры гэтым свае пасведчанні прад’явілі толькі міліцыянты. Спробу свайго пранікнавення невядомыя, якія назваліся камунальнікамі, тлумачылі неабходнасцю правядзення сезоннага агляду кватэры, аднак што канкрэтна яны там хацелі ўбачыць, так і не назвалі.

Пазней, у прыватных размовах, камунальнікі прызналіся, што разам з міліцыянтамі спрабавалі праверыць кватэру на наяўнасць у ёй незарэгістраваных газет, а таксама палітычных улётак.  

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства