Праваабаронца Андрэй Бандарэнка зьмешчаны ў адзіночную камэру

2016 2016-02-22T10:05:21+0300 2016-02-22T10:05:43+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/bandarenka-sud.jpg
Андрэй Бандарэнка. Фота: svaboda.org

Андрэй Бандарэнка. Фота: svaboda.org

Праваабаронца Андрэй Бандарэнка, які адбывае пакараньне ў магілёўскай турме, зьмешчаны ў адзіночную камэру. Пра гэта ў інтэрвію «Радыё Свабода» паведаміў яго бацька Валерый Бандарэнка пасьля нядаўняй сустрэчы з сынам.

«Учора бачыўся з Андрэем у турме. Спатканьне было кароткім, як заўсёды, праз шкло пагаварылі, пад кантролем ахоўнікаў. Андрэй распавёў, што перавялі яго з камэры, дзе было некалькі вязьняў, у адзіночную. Сказалі, нібыта за тое, што шмат піша лістоў. Але мяркую, галоўная прычына ў тым, што яму давялося шмат скаргаў складаць ад імя іншых вязьняў. Як суседзі па камэрах даведаліся, што зь імі сядзіць вядомы праваабаронца, то пасыпаліся такія просьбы. Андрэй пра гэта распавядаў», – сказаў Валерый Бандарэнка.

Ён таксама паведаміў, што яго сын фактычна адрэзаны ад кантактаў зь сябрамі і аднадумцамі на волі. Раней праваабаронца пісаў лісты Міхаілу Пастухову, Ганьне Шапуцька, Марыне Адамовіч, але цяпер ад іх лістоў не прыходзіць і пра лёс сваіх лістоў ён таксама не ведае. Мяркуе, што іх проста не прапускаюць.

Сын прасіў перадаць праваабаронцам, каб дамагаліся вызваленьня Міхаіла Жамчужнага, яго справу ён назваў цалкам сфальсыфікаванай, паведаміў бацька Андрэя Бандарэнкі.

«Пра сябе прасіў перадаць, што яго пазбавілі законнага права на амністыю, і гэта таксама ёсьць прычынай для патрабаваньня лічыць ягоны перасьлед палітычна матываваным», – расказаў бацька.

Паводле слоў Валерыя Бандарэнка, сын «выглядае нармальна, трымаецца ў зьняволеньні мужна».

Андрэй Бандарэнка – стваральнік і кіраўнік інфармацыйна-асьветніцкай установы «Платформа» і культурна-асьветніцкай установы «Платформ інавэйшн», якія займаліся абаронай правоў чалавека ў месцах пазбаўленьня волі. 12 жніўня 2014 года суд прызнаў яго вінаватым па трох частках артыкула 339 Крымінальнага кодэкса (хуліганства, злоснае хуліганства і асабліва злоснае хуліганства) і прыгаварыў да чатырох гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Пазьней у сувязі з амністыяй тэрмін быў скарочаны да трох гадоў.

Вясной 2015 года падатковыя органы выставілі кіраўніцтву «Платформ інавейшн» прэтэнзіі з нагоды неажыцьцяўленьня гаспадарчай дзейнасьці і нявыплаты падаткаў. У выніку ў ліпені ўстанова была ліквідаваная як «суб'ект гаспадараньня, які не прыносіць даход дзяржаве».

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international