Праваабаронцы настойліва просяць кіраўніка МУС прыняць меры да міліцыянераў, якія распальваюць варожасць да цыган

2016 2016-02-16T00:59:27+0300 2016-02-16T08:40:11+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/gazeta-cygan.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Гомельскія праваабаронцы Марыя Клімовіч і Алесь Яўсеенка звярнуліся да міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча. Заяўнікі пішуць: «Настойліва просім Вас прыняць меры, каб супрацоўнікі міліцыі не абражалі ў СМІ нацыянальныя пачуцці прадстаўнікоў цыганскай дыяспары і не распальвалі міжэтнічную варожасць». Праваабаронцы лічаць, што ўзмацненне антыцыганскіх настрояў у грамадства робіць складаным працаўладкаванне грамадзян цыганскай нацыянальнасці, а таксама прыводзіць да хуліганскіх праяў у дачыненні да ромаў.

Марыя Клімовіч і Алесь Яўсеенка нагадалі міністру, што больш за тры гады таму, у чэрвені 2012 года, яны ўжо прасілі МУС давесці да ведама супрацоўнікаў міліцыі, што публічна ўказваць на нацыянальную прыналежнасць злачынцаў супрацьзаконна, таму што ўсе нацыянальнасці ў нашай краіне роўныя перад законам, і неэтычна – таму што ніводная этнічная група не можа складацца толькі з крымінальных элементаў. У адказе з МУС у 2012 годзе паведамлялася, што «сярод супрацоўнікаў рэгіянальных аддзелаў унутраных спраў увесь час вядзецца тлумачальная праца ў мэтах недапушчэння канкрэтызацыі расавых, этнічных і рэлігійных прыкметаў злачынцаў і правапарушальнікаў».

Аднак супрацоўнікі міліцыі ў розных рэгіёнах Беларусі, відаць, ігнаруюць рэкамендацыі МУС. Так, 9 студзеня ў газеце «Кобрынскі веснік» з'явіўся артыкул з загалоўкам «Не попадитесь на уловки цыган» за аўтарствам оперупаўнаважанага аддзелу крымінальнага вышуку Кобрынскага РАУС Дзегцярука. Ужо сам загаловак сведчыць, што артыкул носіць дыскрымінацыйны характар.

Артыкул з падобным загалоўкам «Калі прыйшлі ў дом цыганы – званіце ў міліцыю» з'явіўся ў жніўні 2014 годзе ў газеце «Ганцавіцкі час». І прыкладна ў гэты ж час у газеце «Чырвоны Кастрычнік» (Гомельская вобласць) начальнік аддзялення Акцябрскага РАУС Гапоненка заклікаў чытачоў «у выпадку з'яўлення ў населеных пунктах асоб цыганскай нацыянальнасці тэрмінова інфармаваць аддзел унутраных спраў».

А газета «Маяк Палесся» (Гомельская вобласць) у снежні 2015 года паведаміла, што міліцыя затрымала групу грамадзян толькі па той прычыне, што яны належалі да цыганскай нацыянальнасці: «У машыне знаходзілася пяць чалавек… Можна выказаць здагадку, што яны хацелі пажывіцца за кошт мясцовых жыхароў».

Праваабаронцы спадзяюцца, што міністр зверне ўвагу сваіх падначаленых на неабходнасць выканання заканадаўства – забарону дыскрымінацыі па нацыянальнай прыкмеце.

Сябра БХК Віктар Адзіночанка салідарны са сваімі калегамі і называе такія публікацыі яўнай дыскрымінацыяй цыганскай дыяспары. «Гэта тое, што называецца «мова варожасці». Такія артыкулы – недапрацоўка як СМІ, так і супрацоўнікаў міліцыі. Артыкулы з такімі выказваннямі – недапушчальныя, і варта аб гэтым заяўляць, каб пераадолець такую з'яву», - пракаментаваў Віктар Адзіночанка.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international