viasna on patreon

Кастусь Жукоўскі атрымаў са жлобінскай міліцыі адразу два пратаколы за «незаконны выраб прадукцыі СМІ»

2016 2016-02-13T16:04:59+0300 2016-02-13T16:04:59+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/zukouski-kastus-gomel.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Фота Радыё Свабода

Фота Радыё Свабода

Гомельскі журналіст-фрылансер Кастусь Жукоўскі 13 лютага атрымаў па пошце адразу два адміністрацыйныя пратаколы, складзеныя ў дачыненні яго супрацоўнікамі Жлобінскага РАУС. Гаворка зноў ідзе пра парушэнне артыкулу 22.9 КаАП – незаконны выраб прадукцыі СМІ. У дадзеным выпадку жлобінская міліцыя мае прэтэнзіі да двух сюжэтаў пра рэгіён, якія выйшлі ў эфіры тэлеканалу «Белсат» - пра паміраючую вёску і эканамічныя праблемы на прамысловым гіганце – Беларускім металургічным заводзе. Прадстаўнікі ўлады ці праваахоўных структур яшчэ ніводнага разу не заявілі, што ў сюжэтах утрымліваецца няпраўда ці паклёп, разам з тым, яны працягваюць пераследаваць журналістаў, якія паказваюць існуючыя праблемы.

Позвы ў суд Кастусь Жукоўскі пакуль не атрымліваў. Таксама на ім зараз «вісіць» аналагічны пратакол па артыкуле 22.9 КаАП, складзены Веткаўскім РАУС за відэаздымкі пра эканамічныя праблемы на ткацкай фабрыцы і масласырзаводзе.

У лютым фрылансер ужо атрымліваў спагнанне за прафесійную дзейнасць: суд Буда-Кашалёўскага раёну пакараў яго штрафам у 40 базавых велічынь - 8 млн. 400 тыс. рублёў. У райцэнтры па просьбе мясцовых жыхароў журналіст здымаў відэа пра праблемы на масласырзаводзе, працаўнікоў якога адправілі ў адпачынак за свой кошт. А пасля міліцыя склала пратакол за журналісцкую дзейнасць.

14 студзеня Калінкавіцкі раённы суд аштрафаваў Кастуся Жукоўскага на 35 базавых велічыняў (7 мільёнаў 350 тысяч рублёў) за парушэнне артыкулу 22.9 КаАП.

20 студзеня суд Кармянскага раёна таксама пакараў фрылансера штрафам на 30 базавых велічынь (6 мільёнаў 300 тысяч рублёў).

Нагадаем, 4 лютага ў судзе Савецкага раёна Гомеля разглядалася чарговая адміністрацыйная справа ў дачыненні журналісткі-фрылансера Ларысы Шчыраковай. Міліцыя склала на журналістку пратакол па артыкулу 22.9 КаАП – незаконны выраб прадукцыі СМІ. Суддзя Алена Шайн прыняла пастанову: спыніць адміністрацыйны працэс у дачыненні Ларысы Шчыраковай «у сувязі з адсутнасцю 7 снежня падзеі адміністрацыйнага правапарушэння, прадугледжанага артыкулам 22.9 КаАП». Вусна суддзя патлумачыла, што ў міліцэйскіх паперах і рапартах немагчыма разабрацца дакладна, пра які менавіта дзень ідзе гаворка – ці пра 7 снежня, ці пра 9, лічбы закрэслены, выпраўлены, таму працэс спынены.

А 5 лютага суд Светлагорскага раёна спыніў справу ў дачыненні Ларысы Шчыраковай на той падставе, што скончыўся тэрмін прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці. Грамадская супольнасць Гомеля ўздыхнула з палёгкай: здаецца, рэпрэсіўны канвеер у дачыненні да журналістаў спыніўся. Але пратаколы са Жлобінскага РАУС на Кастуся Жукоўскага прымушаюць задумацца, што ціск на незалежных журналістаў працягваецца.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства