Прэвэнтыўны нагляд за Мікалаем Аўтуховічам спынены

2016 2016-02-04T15:02:55+0300 2016-02-04T15:02:55+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/autuhovich-6.jpg
Мікалай Аўтуховіч. Фота: "Беларускі партызан".

Мікалай Аўтуховіч. Фота: "Беларускі партызан".

Ваўкавыскі раённы суд прыняў рашэньне аб спыненьні прэвэнтыўнага нагляду над Мікалаем Аўтуховічам.

Пад прэвэнтыўным наглядам Мікалай Аўтуховіч знаходзіўся 22 месяцы. Сёньня Ваўкавыскі раённы суд прыняў канчатковае рашэньне аб ягонай свабодзе, і 8 лютага а 24-й гадзіне прэвэнтыўны нагляд сканчаецца. Віншую Аўтуховіча і цікаўлюся — як адбываўся сёньняшні суд?

Аўтуховіч: «У мяне не было ніводнага парушэньня, якое б магло стаць падставай для працягненьня тэрміну прэвэнтыўнага нагляду. Тым ня менш і ўпэўненасьці не было ніякай, што суд прыме рашэньне на маю карысьць. Судзьдзя вельмі падрабязна цікавіўся і ў прадстаўніка міліцыі, і ў пракурора — ці ня меў я хоць якіх парушэньняў за гэты тэрмін, спраўджваў усе дакумэнты. Урэшце пракурор сказаў, што парушэньняў няма і варта не працягваць прэвэнтыўны нагляд».

Карэспандэнт: «Мікола, летась улетку гэты ж Ваўкавыскі суд прымаў рашэньне аб спыненьні прэвэнтыўнага нагляду за вамі, але потым хутка вымушаны быў перагледзець сваё рашэньне, і тэрмін нагляду быў працягнуты на паўгода. А цяпер няма адчуваньня, што празь некалькі дзён рашэньне Ваўкавыскага суду могуць перагледзець?»

Аўтуховіч: «Цяпер у мяне такога адчуваньня няма, але мінулым разам, калі я выходзіў з суду, то нешта такое адчувалася. Памятаю, мне тады патэлефанавала знаёмая зь Менску і запыталася, як мае справы. Я адказаў, што ўсё добра, але папрасіў, каб яна пакуль нікому пра гэта не казала. Але інфармацыя ўсё ж адразу трапіла ў СМІ. А я тады як прадчуваў, што трэба колькі дзён памаўчаць, бо абудзяцца, апамятаюцца, і будзе позна — так і атрымалася. А гэтым разам у мяне нават такога адчуваньня няма, бо наагул няма ніякіх падставаў, каб працягваць нагляд. Хаця, зь іншага боку, адчуваецца нейкая насьцярога, што яны мяне ня проста так адпускаюць, а магчыма, у іх ёсьць нейкі іншы плян. Упэўнены, што яны баяцца адпускаць мяне на свабоду, бо ведаюць, што я працягну зьбіраць доказы сваёй невінаватасьці».

Карэспандэнт: «Як даліся вам гэтыя 22 месяцы прэвэнтыўнага нагляду? Ці можаце цяпер сказаць, што сёньня ўжо ўздыхнулі з палёгкай?»

Аўтуховіч: «Прэвэнтыўны нагляд у нашай краіне — гэта нешта такое, што парушае правы чалавека. Я ведаю, што ў Эўропе, калі ты пад прэвэнтыўным наглядам, то за табой ніхто так сачыць ня будзе. Калі табе забаронена хадзіць па барах ці кавярнях і трэба быць дома а 22-й гадзіне, то там бы ніхто па начах да цябе не прыходзіў і ня спраўджваў, ці ты дома. Калі ты ўжо сам папаўся і парушыў гэтыя правілы, то тады цябе пакараюць. Калі там трэба сачыць за чалавекам, то надзяюць нейкія бранзалеты ці гадзіньнік на руку, а ў нас прыходзяць два разы ўначы і будзяць цябе ў хаце. Але навошта гэта?»

Карэспандэнт: «Мікалай, якія зьмены цяпер адбудуцца ў вашым жыцьці?»

Аўтуховіч: «Цяпер урэшце я магу сесьці ў машыну і паехаць куды захачу па Беларусі, і ні ў кога нічога ня буду пытацца. Трэба пайсьці ў госьці ўвечары — зьбяруся і пайду. Хоць я добра разумею, дзе жыву, і думаю, што ўсё роўна сачыць будуць, ёсьць шмат ахвотных гэта рабіць. Я не разумею, як такой стала наша краіна... Гэта калі выяжджаеш недзе ў Нямеччыну, то там можаш адчуць, што дыхаеш іншым паветрам».

Карэспандэнт: «Нягледзячы на тое, што вы 22 месяцы былі пад прэвэнтыўным наглядам, усё ж жылі на волі. Ці ўдалося за гэты час наладзіць жыцьцё пасьля вязьніцы?»

Аўтуховіч: «Не, ніяк. Па-першае, за гэты час не ўдалося паправіць здароўе, шмат якія праблемы са здароўем за гэты час яшчэ больш абвастрыліся. Тое самае і на працы — я ня ўсё мог, бо нават любая камандзіроўка за межы гораду азначала тое, што мусіў ісьці ў міліцыю і пісаць заяву, тлумачыць навошта, потым чакаць некалькі дзён, пакуль яны адкажуць. І часьцей яны адказвалі мне адмовамі».

Карэспандэнт: «На ўсіх судовых працэсах вы заяўлялі, што не прызнаяце сябе вінаватым, і не пагаджаліся з рашэньнямі судоў. Ці працягнеце цяпер дамагацца сваёй рэабілітацыі?»

Аўтуховіч: «Я буду нешта рабіць, каб гэта не засталося забытым, хоць пры гэтай уладзе, разумею, нічога немагчыма дабіцца. Яшчэ ў 2008 годзе я выступіў з ініцыятывай, каб апазыцыя стварыла адмысловую камісію і разглядала ўсе гэтыя прысуды рэжыму над тымі, хто зь імі не пагаджаецца. Я ў гэтай частцы ўжо нечым займаюся, бо да мяне прыходзяць людзі і прыносяць падобныя рашэньні судоў. А я, у сваю чаргу, прашу адмыслоўцаў аналізаваць гэтыя рашэньні і ствараць пэўную базу дадзеных. Вельмі важна, каб усё гэта працавала дзеля таго, каб тыя, хто выносіць незаконныя прысуды, ведалі, што ўсё гэта застаецца і нікуды не зьнікае. Гісторыя сьведчыць, што ўсе рэжымы рана ці позна зьмяняюцца і за свае ўчынкі давядзецца адказваць кожнаму».

Палітвязень Мікалай Аўтуховіч быў асуджаны паводле часткі 3 артыкула 295 Крымінальнага кодэксу на 5 гадоў і 2 месяцы пазбаўленьня волі. Пасьля вызваленьня ў красавіку 2014 году над ім быў усталяваны прэвэнтыўны нагляд. 17 ліпеня 2015 году рашэньнем Ваўкавыскага раённага суду прэвэнтыўны нагляд быў адменены. Аднак ужо 5 жніўня Гарадзенская абласная калегія судзьдзяў перагледзела рашэньне Ваўкавыскага суду, і 6 жніўня ў Ваўкавыску адбыўся паўторны працэс, на якім прэвэнтыўны нагляд Аўтуховічу быў працягнуты яшчэ на паўгода. 27 жніўня абласная калегія разгледзела скаргу Аўтуховіча, але пакінула рашэньне Ваўкавыскага суду бязь зьменаў.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international