Жанна Літвіна і Алесь Бяляцкі сустрэліся з прадстаўнікамі Еўрасаюза ў Бруселі

2016 2016-02-03T14:51:06+0300 2016-02-03T16:18:28+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/bialiacki-litvina-lambrynidzis.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Алесь Бяляцкі, Стаўрас Ламбрынідзіс і Жанна Літвіна. Фота з Твітэра @fidh_eu

Алесь Бяляцкі, Стаўрас Ламбрынідзіс і Жанна Літвіна. Фота з Твітэра @fidh_eu

2 - 3 лютага з працоўным візітам у Бруселі знаходзяцца экс-старшыня і сябра праўленьня Беларускай асацыяцыі журналістаў Жанна Літвіна і старшыня Праваабарончага цэнтру “Вясна”, віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека Алесь Бяляцкі.

Гэтымі днямі ў іх адбыліся сустрэчы з намесьнікам генеральнага сакратара еўрапейскай службы зьнешніх дзеяньняў Хельгай Шмід, спецыяльным прадстаўніком ЕС па правах чалавека Стаўрасам Ламбрынідзісам, амбасадарамі еўрапейскіх краінаў пры ЕС па палітычных пытаньнях і пытаньнях бясьпекі, а таксама іншымі прадстаўнікамі ЕС, якія займаюцца пытаньнямі правоў чалавека і еўрапейскай палітыкі суседства.

Падчас гэтых сустрэчаў была абмеркаваная сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Беларускія праваабаронцы адзначылі тое, што пасьля вызваленьня ў жніўні 2015 года палітычных зьняволеных ніякіх іншых пазітыўных зьменаў у галіне правоў чалавека і дэмакратыі ў Беларусі не адбылося, а прэзідэнцкія выбары ў кастрычніку 2015 года адбыліся з вялікімі парушэньнямі і фальсіфікацыямі.

На адкрыты зварот беларускіх праваабарончых арганізацыяў да ўладаў, які быў агучаны ў сьнежні 2015 году, у якім праваабаронцы прапануюць неадкладна распачаць працэс дэмакратычных зьменаў у краіне, спыніць палітычных перасьлед грамадзкіх і палітычных актывістаў, пачаць рэгістрацыю грамадзкіх арганізацыяў і палітычных партыў без палітычнай цэнзуры, стварыць бясьпечныя ўмовы вяртаньня палітычных уцекачоў у краіну, спыніць перасьлед незалежных журналістаў і дэмакратычных СМІ, увесьці мараторый на сьмяротнае пакараньне, з боку ўладаў не было ніякага адказу.

Больш за тое, працягваецца ціск на прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці і журналістаў, працягваюцца вынясеньні сьмяротных прысудаў, адмовы ў рэгістрацыі грамадзкіх арганізацыяў (адкладзенае рашэньне аб рэгістрацыі партыі БХД). Праваабаронцы зьвярнулі ўвагу на тое, што праблемы з правамі чалавека ў Беларусі і дэмакратычнымі свабодамі маюць сістэмны характар.

Прадстаўнікі ПЦ “Вясна” і БАЖ, абапіраючыся на ўзгодненую пазіцыю беларускіх праваабарончых арганізацыяў,  прапаноўваюць не зьніжаць узровень маніторынгу сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі і працягваць аказваць пастаянны палітычны ціск на беларускія ўлады з мэтай пашырэньня ў краіне дэмакратычнай прасторы. Беларускія праваабаронцы заклікалі Еўрапейскі Саюз абнародаваць план чаканых ад беларускіх уладаў першачарговых захадаў, ськіраваных на прагрэс у галіне правоў чалавека ў краіне, узгадніць з беларускімі ўладамі "дарожную мапу" па дэмакратычных зьменах у краіне.

Візіт актывістаў беларускай грамадзянскай супольнасьці ў Брусель адбываецца напярэдадні прыняцьця рашэньня Еўрасаюза па санкцыях супраць беларускіх чыноўнікаў, адказных за парушэньні правоў чалавека і выбарчыя фальсіфікацыі. У канцы кастрычніка 2015 года санкцыі былі прыпыненыя на чатыры месяцы. Пытаньне пра далейшы лёс санкцыяў будзе абмяркоўвацца Радай ЕС па замежных справах 15 лютага.

Прадстаўнікі Еўрасаюза і амбасадары краінаў ЕС заверылі беларускіх праваабаронцаў, што, нягледзячы на тое, якое рашэньне будзе прынята па санкцыях у дачыненьні да беларускіх чыноўнікаў, увага да Беларусі з боку Еўрасаюза ня зьменьшыцца. Што дэмакратычныя свабоды і правы чалавека будуць заставацца прыярытэтнымі пытаньнямі ў адносінах ЕС і Беларусі.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international