Алесь Бяляцкі: Мы павінны не толькі патрабаваць, але і на справе дабівацца дэмакратычных зменаў

2016 2016-01-27T11:52:45+0300 2016-01-27T11:52:45+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/bialiacki-2000.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Кіраўнік Праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесь Бяляцкі.

Кіраўнік Праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесь Бяляцкі.

Савет ЕС працягнуў (прыпыніў) санкцыі супраць прадстаўнікоў Беларусі на чатыры месяцы, да 29 лютага 2016 года. Каля месяца застаецца да таго часу, калі “беларускае пытанне” будзе разгледжана ізноў. Працягнуць санкцыі? Поўнасцю здымуць? Якія з гэтай нагоды чаканні?

На гэтыя пытанні сайту palitviazni.info адказвае кіраўнік Праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесь Бяляцкі.

– Не варта гадаць, як яно будзе, – кажа Алесь Бяляцкі. – Важна мець уласную пазіцыю. Замарозіўшы санкцыі супраць усіх чыноўнікаў, апроч чатырох, якіх падазраюць у дачыненні да знікненняў беларускіх апазіцыйных палітыкаў і журналіста, Еўрапейскі Саюз выдаў індульгенцыю і тым, напрыклад, хто ўдзельнічаў у фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў у 2015 годзе. Для мяне відавочна, што яны зрабілі болей, чым мусілі зрабіць. Зрабілі, бо спадзяваліся на наступныя станоўчыя крокі з боку афіцыйнага Мінска. Як заявіў напрыканцы мінулага году міністр замежных спраў Германіі Франк-Вальтэр Штайнмаер, прыпыненнем санкцый ЕС выдаў Беларусі “крэдыт даверу”.

Да разгляду Еўрасаюзам пытання па санцыях застаецца месяц, а ніякіх станоўчых зменаў у сітуацыі з правамі чалавека, з развіццём дэмакратычных свабодаў беларускія праваабаронцы не адзначаюць.

Беларускія ўлады дабіваюцца поўнай адмены санкцыяў, бо тады здымаецца пытанне пастаяннага маніторынгу з боку Еўрасаюза за тым, што ў нас робіцца ў краіне. Вось жа ў 2016 годзе ў Беларусі чарговыя парламенцкія выбары. Ці не будзе поўная адмена санкцыяў ясным сігналам для беларускіх чыноўнікаў: працягваем і далей фальсіфікаваць выбары і нам усё даруецца?

Наяўнасць маніторынгавага перыяду прымушае еўрачыноўнікаў звяртаць увагу на Беларусь. Санкцыі хоць і ў такім замарожаным выглядзе – гэта сур’ёзны абмежавальны бар’ер для беларускага рэжыму у правядзенні рэпрэсіўнай палітыкі ў дачыненні да сваіх апанентаў і ўсяго грамадства.

Таму важна, каб санкцыі не адмянялі зусім, каб гэты перыяд “замарозкі” яшчэ працягнуўся як мінімум да канца 2016 году. У мяне цвёрдае адчуванне, што санкцыі, як інструмент уплыву на беларускі рэжым, яшчэ могуць спатрэбіцца Еўрасаюзу.

– Праваабаронцы неаднаразова звярталі ўвагу і ўраду, і еўрачыноўнікаў на тое, якія крокі павінны зрабіць улады па дэмакратызацыі ў краіне, захаванні правоў чалавека. Што на сёння маем тут?

– У снежні 2015 года беларускія праваабаронцы распрацавалі і падпісалі супольны дакумент. У ім пяць асноўных пунктаў, выкананне якіх не патрабуе ад рэжыму сур’ёзных зменаў заканадаўства, а вымагае толькі палітычнай волі. І ў той жа час яны вельмі важныя для ўсяго беларускага грамадства. Іх выкананне паслужыла б выразным сігналам пра тое, што беларускія ўлады гатовыя да дэмакратычных зменаў. Гэта: спыненне крымінальных справаў супраць палітычных апанентаў, рэгістрацыя няўрадавых арганізацыяў і палітычных партыяў, спыненне пераследу незалежных масмедыя і журналістаў, гарантыі для вяртання ў краіну беларускіх палітычных уцекачоў і адмена ці мараторый на смяротнае пакаранне. Палітычныя дэмакратычныя партыі ў асноўным салідарныя з намі і дадаюць яшчэ адзін надзвычай важны для іх пункт: змены і паляпшэнне выбарчага заканадаўства.

Праваабарончы цэнтр “Вясна” разам з Міжнароднай федэрацыяй правоў чалавека заклікалі Брусель дабівацца ад афіцыйнага Мінска распрацоўкі і выканання дарожнай карты па дэмакратызацыі краіны, бо сітуацыя цяжкая, крызісная, яна патрабуе з боку беларускіх уладаў комплексных і пастаянных зменаў.

– На ваш погляд, ці ёсць ва ўладаў шчырае жаданне ісці насустрач Еўропе і змяняць сітуацыю ўнутры краіны ў лепшы бок?

– На жаль, ўсе нашыя прапановы былі беларускімі ўладамі праігнараваныя. Ведаю, што Еўрасаюз і ЗША таксама заахвочвалі беларускі рэжым пачаць сур’ёзны працэс дэмакратызацыі ў краіне. З-за эканамічных цяжкасцяў і складанай геапалітычнай сітуацыі ўлады вымушаныя былі ў жніўні 2015 года выпусціць шасцёх палітычных зняволеных, але на гэтым ўсё і скончылася. Лукашэнка баіцца, што, калі ў краіне пачнуцца дэмакратычныя змены, калі ў грамадстве знізіцца ўзровень страху, тады ён проста згубіць уладу. Таму, як мне падаецца, беларускія ўлады будуць імкнуцца атрымаць ад Еўрасаюзу і ЗША максімум эканамічных выгодаў і ў той жа час старацца не дапусціць ніякіх зменаў у той аўтарытарнай, несвабоднай сістэме, якую яны выбудавалі за апошнія 22 гады.

Я ўпэўнены, што такія рэжымы дабраахвотна пазітыўным зменам не паддаюцца. Да гэтага іх можна толькі сур’ёзна падштурхнуць.

– Ці зможа Еўропа змірыцца з той беларускай уладай (і той сітуацыяй, якая зараз ёсць у галіне правоў чалавека), што існуе ў яе сёняшнім выглядзе?

– У Бруселі і ў еўрапейскіх сталіцах ёсць розныя погляды на тое, што трэба рабіць з беларускім аўтарытарным рэжымам. Ёсць такі пункт погляду, што трэба ўцягваць беларускія ўлады ў еўрапейскія працэсы, даваць грошы, супрацоўнічаць з чыноўнікамі, спрабаваць пераканаць, што дэмакратычныя змены – гэта да лепшага беларускага народу.

Другі погляд – захаваць усё так, як ёсць. Галоўнае, каб не было горш, каб не было масавых рэпрэсіяў, здачы незалежнасці Расіі, каб Беларусь не панастварала дадатковых клопатаў. І гэтага дастаткова, бо ў Еўропе хапае іншых больш вострых праблемаў: бежанцы, тэрарыстычныя акты, а Лукашэнка ўжо далёка не першы дыктатар у Еўропе.

Трэці пункт погляду – выбудоўваць адносіны з Беларуссю на прынцыпах павагі беларускіх уладаў да правоў чалавека і дэмакратыі, на тых падвалінах, на якіх пабудавана еўрапейскае грамадства, бо толькі такі падыход дае ясную і трывалую перспектыву для далейшага супрацоўніцтва. Калі беларусы лічаць сябе еўрапейскім народам, дык яны тады і павінны жыць па еўрапейскіх правілах, шануючы еўрапейскія каштоўнасці.

Мне асабіста падабаецца трэці падыход. Ён больш ясны і зразумелы, ён сапраўды больш трывалы і перспектыўны. Зразумела, што Еўропа зараз далёка не рай і там хапае сваіх праблем. Але шлях захавання сваёй нацыянальнай тоеснасці і засваенне асноваў дэмакратыі, правоў чалавека, павагі да чалавечай годнасці, існаванне сістэмы справядлівага правасуддзя далі б беларусам магутны штуршок да пабудовы больш справядлівага і заможнага грамадства.

Што б там не ківалі на Еўропу, але зараз не еўрапейцы, а беларусы масава з’язджаюць у еўрапейскія краіны, шукаючы лепшай долі. Толькі за мінулы год больш за 70 тысячаў чалавек пераехалі з Беларусі на Захад на сталае жыхарства.

Дык чаму ж мы не хочам узяць лепшае ў еўрапейцаў і пачаць жыць лепей у сябе дома? Па вялікаму рахунку, не еўрапейцы, а мы самі павінны дбаць пра свой, заможны, дэмакратычны беларускі дом.

– Сёння рэжым адносна лаяльна ставіцца да сваіх апанентаў (ва ўсялякім выпадку, не кідаюць за краты), але сітуацыя нагадвае нейкую паўзу ў гульні. Ці можа хіснуцца сітуацыя ў лепшы ці горшы бок? Альбо можа застацца надоўга ў такім стане?

– Стан такога “зацішша” вельмі нетрывалы. Я не веру, што ён доўга працягнецца, і ўжо ёсць трывожныя сігналы пра тое, што ўлады зноў пачалі патроху закручваць гайкі. У студзені 2016 году ізноў былі аштрафаваныя некалькі незалежных журналістаў, выключаны з вучобы студэнт, які ўдзельнічаў у студэнцкай акцыі пратэсту, працягваецца пераслед іншых студэнтаў-пратэстоўцаў, вынесены яшчэ адзін смяротны прысуд… Сітуацыя вельмі нестабільная, таму я не здзіўлюся, калі ізноў пачую з вуснаў Лукашэнкі: “Больш бязглуздай дэмакратыі ў краіне не будзе!”

Але крытычная сітуацыя ў эканоміцы прымушае яго трываць. Мы павінны выкарыстаць гэтае зацішша, умацоўваць грамадзянскую супольнасць і пастаянна патрабаваць пашырэння ў краіне дэмакратычных правоў і свабодаў. І не толькі патрабаваць, але і на справе дабівацца дэмакратычных зменаў.

– Ці застаецца зараз актуальным пытанне палітвязняў у краіне?

– Хоць у снежні 2015 года і былі выпушчаныя шэсць палітычных зняволеных, тым не менш, сітуацыя з палітвязнямі не абнулілася.

Па-першае, высвятлілася праўда пра Міхаіла Жамчужнага. Ягоныя дзеянні, у якіх ён абвінавачваецца, былі справакаваныя КДБ. І гэта стала зразумелым пасля таго, як быў перасланы на волю ягоны судовы прысуд. Суд над ім быў зачынены і праваабаронцы доўгі час не мелі ніякай інфармацыі, за што ён патрапіў у турму. Зараз ўсе вядучыя праваабарончыя арганізацыі прызналі Міхаіла Жамчужнага палітычным зняволеным.

Па-другое, зараз адбываецца суд над трыма антыфашыстамі, якія абвінавачваюцца ў псаванні маёмасці, а двое з іх – у злосным хуліганстве.

Па-трэцяе, не зачыненая судовая справы супраць палітыка Алеся Міхалевіча.

Пакуль у краіне не адбудуцца сур’ёзныя змены у галіне дэмакратыі і правоў чалавека, мы заўсёды маем пагрозу таго, што ў турме могуць апынуцца палітычныя апаненты ўлады, дэмакратычныя актывісты, журналісты, студэнты, праваабаронцы. Дзяржава працягвае ваяваць са сваім грамадствам, з беларускай грамадзянскай супольнасцю.

– Які ваш прагноз на гэты год?

– Я ўжо 22 гады чакаю, калі сваё важкае слова пра тое, як нам жыць і куды ісці, скажа беларускі народ. Можа быць, гэта адбудзецца і ў гэтым годзе.

palitviazni.info

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international