Неэфектыўнасць у папярэджанні планаваных злачынстваў

2016 2016-01-26T21:20:25+0300 2016-01-26T21:20:25+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У грамадстве існуе меркаванне, што смяротнае пакаранне стрымлівае злачыннасць. Такія заявы часта робяць урады, якія ўжываюць смяротнае пакаранне. Аднак няма такіх статыстычных або іншых дадзеных.

Больш за тое, шырокае даследаванне, праведзенае для Камітэта ААН па папярэджанні злачыннасці ў 1988 годзе і абноўленае ў 1996 і ў 2002 гадах, змяшчае выснову, што «дадзенае даследаванне не змагло прадставіць навуковых доказаў таго, што прывядзенне ў выкананне смяротных прысудаў аказвае большы стрымліваючы ўплыў, чым пажыццёвае зняволенне. І наўрад ці ўдасца знайсці такія доказы. Тыя сведчанні, якія ўдалося сабраць, не даюць падставаў падтрымаць гіпотэзу аб стрымліваючым характары».

Статыстычныя даныя па краінах, якія адмянілі смяротнае пакаранне, пастаянна даказваюць, што не існуе сувязі паміж смяротнай карай і ўзроўнем злачыннасці – гэта датычыць і краінаў на пераходным этапе да дэмакратыі. На сённяшні дзень таксама можна сцвярджаць, што адмова ад смяротнага пакарання ў Албаніі, Расійскай Федэрацыі і Украіне не прывяла да хваляванняў сярод насельніцтва і павелічэння колькасці і аб'ёму злачынстваў, спалучаных з гвалтам. У Літве з 1996 года не быў пакараны ніводзін злачынец, а колькасць забойстваў пастаянна скарачаецца. У Грузіі смяротнае пакаранне было адмененае ў лістападзе 1997 года, і з таго часу ў гэтай краіне назіраецца сур'ёзнае зніжэнне колькасці наўмысных забойстваў.

Тых людзей, якія сапраўды загадзя плануюць злачынства, стрымлівае не суровасць пакарання, а верагоднасць таго, што іх зловяць і асудзяць. Калі плануецца злачынства, злачынец звычайна засяроджаны на тым, каб пазбегнуць арышту і абвінаваўчага прысуду, а не на ступені суровасці пакарання. Пагроза нават самага суровага пакарання не стане перашкодай для тых, хто ўпэўнены ў тым, што не будзе злоўлены. Ключ да стрымлівання – гэта не больш суровае пакаранне, а сур'ёзная верагоднасць таго, што асобы, якiя здзяйсняюць злачынства, будуць выяўленыя, арыштаваныя і асуджаныя.

Гэта азначае, што намаганні па папярэджанні злачыннасці павінны быць накіраваны на павышэнне эфектыўнасці працы праваахоўных органаў. Упэўненасць грамадскасці ў тым, што злачынствы будуць неадкладна і прафесійна расследаваныя, а злачынцы паўстануць перад судом, мае прынцыпова важнае значэнне для стрымлівання злачыннасці. Гэта ўключае ўмацаванне даверу паміж грамадствам і праваахоўнымі органамі, а таксама павышэнне аўтарытэту сістэмы правасуддзя. Патрабуючы ўзмацнення жорсткасці пакарання, захавання смяротнага пакарання для стрымлівання злачыннасці, праваахоўныя ведамствы адводзяць увагу грамадскасці ад эфектыўнасці іх працы па прафілактыцы і расследаванні злачынстваў, што на самой справе з'яўляецца галоўным для бяспекі грамадзянаў і развіцця прававога грамадства.

Смяротнае пакаранне таксама не з'яўляецца неабходным для барацьбы з тэрарызмам і арганізаванай злачыннасцю. Аналіз вынесеных смяротных прысудаў у дачыненні да членаў злачынных груповак паказвае, што пакаралі смерцю выканаўцаў злачынстваў, а не заказчыкаў, і гэта ніяк не ўплывала на дзейнасць арганізаваных злачынных групаў у далейшым. Таксама няма сведчанняў таго, што тэрарызм будзе зніжацца дзякуючы існаванню смяротнага пакарання. У рэчаіснасці, тыя службовыя асобы, якія нясуць адказнасць за барацьбу з палітычнымі злачынствамі і тэрарызмам, неаднаразова паказвалі на тое, што смяротнае пакаранне можа прывесці да адваротнага дзеяння – пакаранні могуць ствараць пакутнікаў, памяць аб якіх становіцца аб'ядноўваючым фактарам для тэрарыстычных арганізацый і для правядзення далейшых тэрарыстычных актаў.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international