Таямніцы расстрэльнага калідора. Частка 2

2016 2016-01-26T09:57:26+0300 2016-01-26T09:58:21+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/valadarka-3-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Стары Пішчалаўскі замак

Стары Пішчалаўскі замак

Тэма смяротнага пакарання ў Беларусі дагэтуль застаецца за сям’ю пячаткамі. Грамадства практычна нічога не ведае пра ўмовы ўтрымання асуджаных да вышэйшай меры. Вядома толькі тое, што яны некаторы час пасля вынясення прысуда знаходзяцца ў цэнтры Менску, у СІЗА на Валадарскага. Таму праваабаронцы заўсёды намагаюцца адшукаць і сабраць па зярнятках гэтую інфармацыю. Прадстаўнікамі кампаніі "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі" збіраюцца ўспаміны ісведчанні былых супрацоўнікаў СІЗА №1 і былых вязняў, сваякоўрасстраляных, частка якіх і пакладзеныя ў асновудадзенай публікацыі. Гэтыя людзіпа зразумелых прычынах папрасілі захаваць іх імёны ў сакрэце.

Надзея памірае апошняй

Пасля вынясення прысуду асуджаныя да вышэйшай меры пакарання маюць магчымасць звярнуцца з касацыйнай скаргай у Калегію па крымінальных справах Вярхоўнага суда. Практычна ўсе смяротнікі карыстаюцца гэтым правам, многія грунтоўна рыхтуюцца да працэсу, які пакідае ім няхай і слабую, але ўсё ж надзею на жыццё.

Увесь гэты час смяротнікі знаходзяцца ў СІЗА №1, ці за рэдкім выключэннем у СІЗА КДБ. Ім выдаюць спецыяльную вопратку, якую яны павінны насіць пастаянна.

Як паведамляе адзін з былых супрацоўнікаў Валадаркі, – “форма альбо сіняя, альбо шэрая з надпісам “ИМН” [выключная мера пакарання. Рэд]. Надпіс вышываецца альбо пішацца фарбай ці мелам”.

Вольга Грунова, маці расстралянага за забойства сваёй знаёмай Аляксандра Грунова, атрымала па пошце турэмную робу сына і абутак, у якім ён знаходзіўся ў камеры смяротнікаў. Усё гэта было даслана пасылкай “да запатрабавання”. Форма смяротніка складаецца з некалькіх прадметаў: шапка, абутак,  блакітна-шэрага колеру куртка і такія самыя нагавіцы. На куртцы напісаны белай фарбай няроўныя літары “ИМН”.

Турэмная роба Аляксандра Грунова.

 У час падрыхтоўкі да суда вязні сустракаюцца з абаронцамі. Прычым, гэта адбываецца ў іншым будынку. Распавядае адзін з былых падследных С.:

 “Калі асуджаных да смяротнага пакарання вядуць, напрыклад, да адваката –  гэта наогул асобнае мерапрыемства, пэўны рытуал і працэдура.

У гэты час забаронены ўсе іншыя перамяшчэнні зняволеных у СІЗА. Іх вядуць па найкароткім шляху праз вуліцу. У гэты час зняволеным забараняюць глядзець у вокны. Але зняволеныя заўсёды разумеюць, што ў такім выпадку вядуць або смяротнікаў, або злодзея ў законе. Па ходзе дзеяння адкрываюцца ўсе дзверы, якія стаяць на даводчыках, такіх спецыяльных металічных спружынах, г.зн. дзверы за сабой зачыняць не трэба, яны робяць гэта аўтаматычна. Смяротніка хутка праганяюць па калідорах. Ён ляціць як птушка, ён нават не паспявае паглядзець па баках.

У кабінеце, дзе адвакаты альбо следчыя сустракаюцца з асуджанымі да смяротнага пакарання вокны закратаваныя, але на час размовы з асуджаных здымаюцца кайданкі. Ахова застаецца на калідоры”.

Асабліва цяжкіх злачынцаў праводзяць па калідоры турмы ў Жодзіна. Фота: zhodinovel.com

 Пасля разгляду скаргі ў Вярхоўным судзе у смяротніка застаецца адзіны ілюзорны шанец на выратаванне – памілаванне ад імя Прэзідэнта. Прычым Камісія па памілаванні разглядае ўсе расстрэльныя справы, незалежна ад прашэння самога вязня.

Ад гэтага дня па калідоры смерці, дзе знаходзяцца камеры смяротнікаў, можна выйсці толькі на расстрэл. І выключэнняў амаль не бывае.

“Аднак у красавіку 1999 г. у “Вясну” прыйшоў ліст ад Сяргея Праціраева – ён пісаў з калоніі, якая знаходзілася ў горадзе Глыбокім. Смяротнае пакаранне яму было заменена на пажыццёвае зняволенне. Ёсць меркаванне, што менавіта Сяргей Праціраеў з’яўляецца тым адзіным смяротнікам, якога памілаваў прэзідэнт у перыяд да 2001 г”. З кнігі “Смяротнае пакаранне ў Беларусі”.

Момант “вяршэнства закону”

Асаблівасці працэдуры прывядзення прысуду ў выкананне апісаныя ў некалькіх крыніцах. Адным з першых пра гэта распавёў былы начальнік СІЗА №1 Алег Алкаеў:

“Праз падземны пераход супрацоўнікі спецыяльнай групы сталі па адным прыводзіць асуджаных. Яны былі апранутыя ў паласатыя «робы» і абутыя ў лямцавыя тэпцікі. Рукі іх былі звязаны ззаду. Яны трэсліся ці то ад холаду, ці то ад страху, а іх вар'яцкія вочы выпраменьвалі такі сапраўдны жах, што глядзець на іх было немагчыма. Пачаўся працэс азнаямлення асуджаных з рашэннем прэзідэнта. Пракурор звыкла ўдакладняў анкетныя дадзеныя чалавека, які стаяў перад намі, затым гэтак жа звыкла аб'яўляў аб адмове ў памілаванні…

…Асуджанаму завязваюць павязкай вочы, каб ён не арыентаваўся ў прасторы, і адводзяць у суседняе, спецыяльна абсталяванае памяшканне, дзе яго ўжо чакае выканаўца з пісталетам напагатове. Па сігнале выканаўцы двое супрацоўнікаў перад адмысловым шчытом - «куляўлоўнікам» апускаюць асуджанага на калені, пасля чаго выканаўца страляе яму ў патыліцу”. З кнігі “Смяротнае пакаранне ў Беларусі”

Пра тое, што адбываецца далей у памяшканні для расстрэлу на прыкладзе бандыта Аляксандра Мезіна ў 1991 годзе падрабязна распавядаецца ў кнізе Славаміра Антонавіча «Вязьні Пішчалава замка»:

Першым у пакой пакарання увайшоў лекар, за ім усе астатнія. Мезін ляжаў на падлозе тварам уніз, выцягнуўшыся ва ўсю даўжыню свайго вялікага цела, яшчэ быў жывы ... Хтосьці прапанаваў стрэліць, але лекар сказаў, што гэтага ўжо не патрабуецца. Удыхаючы парахавы дым, абменьваліся пустымі словамі. Толькі памочнік выканаўцы заўважыў:

- Трэба ж, перад смерцю сказаў: «А сэрца яшчэ б'ецца».

Аб выкананні прысуду склалі акт.

Труп Мезіна даставілі ў морг адной з мінскіх бальніц, дзе лекар выняў з галавы кулю і выпісаў пасведчанне аб смерці. На падставе пасведчання супрацоўнікі «растрэльнай каманды» на наступны дзень атрымалі ў спецкамбінаце, што на вуліцы Альшэўскага, труну, у якой пахавалі пакаранага на адным з нумарных участкаў разам з бамжамі і іншымі неапазнанымі асобамі.

Стары спецкалідор у Пішчалаўскім замку. Фота з тэлесюжэта канала “Беларусь-1” “Гісторыя адной турмы”.

 Адзін з супрацоўнікаў Валадаркі С. канкрэтна і дэталёва распавёў праваабаронцам аб тым, па якіх прыкметах ахова і іншыя вязні здагадваюцца пра час выканання прысуду. А смяротнікі нават дакладна ведаюць хто ідзе да іх па кроках.

“Калі прыводзяць у выкананне смяротны прысуд – здымаецца ўся ахова з СІЗА, звычайна ўначы, каб зняволеныя не маглі здагадацца і зладзіць ўцёкі або бунт. Здымаюць усіх, акрамя аднаго дзяжурнага памочніка начальніка СІЗА. Найбольш верагодна, што ўсіх супрацоўнікаў выводзяць ў панадворак.

Усе супрацоўнікі ведаюць, што, калі іх здымаюць з пастоў - то адбываецца смяротнае пакаранне, паколькі  здымаюць толькі ў адным выпадку.

Расстрэльваюць на Валадарцы, гэта вельмі зручна, целы адвозяць на Альшэўскага, а затым на Паўночныя могілкі і спальваюць”. 

Трэба дадаць, што  праваабаронцы не зусім падзяляюць гэтае меркаванне, паколькі маюцца альтэрнатыўныя сведчанні аб тым, што расстраляных хаваюць у нумарных магілах, на ўчастках для неапазнаных і неўстаноўленых асоб, з мэтай магчымасці правядзення пры неабходнасці эксгумацыі цела.

(Працяг будзе)

Пачатак: Таямніцы растрэльнага калідора. Частка 1

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international