У «лепшых» савецкіх традыцыях: раёнка бэсціць актывістаў сацыяльнай сеткі з Акцябрскага

2016 2016-01-25T16:15:38+0300 2016-01-25T16:15:38+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/setka-net.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У 2014 годзе грамадскі актывіст з Акцябрскага Андрэй Павук з паплечнікамі стварыў групу «Рудабельская паказуха» ў сацыяльнай сетцы «Аднакласнікі». Група, якая актыўна інфармавала карыстальнікаў Сеціва пра праблемы жыхароў Акцябрскага раёна, за кароткі час стала папулярнай і заваявала сваю аўдыторыю – зараз мае амаль дзве тысячы падпісчыкаў. Жыхары «Рудабельскага краю», не знайшоўшы паразумення і падтрымкі ў мясцовых уладаў, пачалі звяртацца да адміністратараў групы па дапамогу: недзе ферма не мае даху, у іншай вёсцы – клуб знаходзіцца ў аварыйным стане, у новабудоўлях – развальваюцца сцены, людзі хварэюць на грып, а афіцыйнай інфармацыі няма. Інфармацыяй, якая падаецца ў групе, цікавяцца і журналісты, якія час ад часу знаходзяць тут тэмы для сваіх артыкулаў і сюжэтаў. Відавочна, што мясцовыя ўлады таксама «манітораць» сацыяльныя сеткі, таму што нядаўна на групе «Рудабельская паказуха» з'явіўся каментар ад галоўнага санітарнага ўрача раёна Сяргея Белага, які прадставіў інфармацыю па захворваннях грыпам у раёне. «Паколькі колькасць падпісчыкаў вашай старонкі можна супаставіць з накладам газеты, і каб страшныя плёткі пра грып не расцякаліся па Акцябрскаму раёну, выкарыстоўваю ваш інфармацыйны патэнцыял у сваёй прафілактычнай працы і дазволю сабе каментар з гэтай нагоды», - напісаў галоўны санітарны ўрач. Удзельнічаюць у каментаванні матэрыялаў на «Рудабельскай паказусе» і ідэолагі.

Тым часам на папулярнасць старонкі ў сацыяльнай сетцы адрэагавала і мясцовая раённая газета «Чырвоны кастрычнік», прадставіўшы «трыбуну» нейкаму Вову Бібіку. Артыкул меў назву «Паход за праўдай і дэмакратыяй у інтэрнэт-суполку».

У артыкуле яго аўтар раскрытыкаваў групу «Рудабельская паказуха» і яе адміністратараў, у прыватнасці, Андрэя Павука. «Жыхары рудабельскага краю, моладзь і ўсе тыя, хто любіць сваю малую радзіму! Няўжо вам не істотна, што пра вас, жыхароў Рудабелкі, гавораць і паказваюць? Няўжо мы такія лайдакі і не ўмеем працаваць? Наадварот. У нас свой, мясцовы, малады кіраўнік раённай вертыкалі (такога ніколі не было). Дык давайце дапаможам яму, падставім плячо. Хто перашкаджаў Павуку прадставіць інфармацыю кіраўніку, які адказвае за сельскую гаспадарку, з умовай, што калі нічога не зменіцца, то тады ўжо «спадар» Павук выкладзе ўвесь негатыў у Інтэрнэт? Аж не. Грошай і (ці) славы захацелася!», - упэўнена разабраўся ў матывацыі актывіста аўтар выкрывальніцкага артыкулу. Ён даводзіць жыхарам раёна, што іх матэрыялы Андрэй Павук выкарыстоўвае ў сваіх карыслівых мэтах, і тыя матэрыялы перадрукоўваюць «апазіцыйныя газета і апазіцыйны сайт». І ўсе, па меркаванні аўтара, «маюць свой кавалак «зеляніны». А жыхароў раёна нібыта прадстаўляюць як «тупых і непісьменных людзей».

«Калі ёсць такі паклёп на нас у раённай газеце – значыць, мы на правільным шляху. Гэта паказвае, што далей раённыя ўлады не могуць не лічыцца з меркаваннем людзей. Таму райвыканкам і наняў, напэўна, БРСМ-троляў для адпаведнай інфармацыйнай атакі на нас», - пракаментаваў публікацыю Андрэй Павук.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international