Маці вязьня, які спрабаваў зрабіць суіцыд, зноў не пусьцілі адведаць сына

2016 2016-01-21T11:55:37+0300 2016-01-21T11:55:37+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/pratasenia-1.jpg
Ягор Пратасеня. Фота "Нашай нівы".

Ягор Пратасеня. Фота "Нашай нівы".

Сьвятлану Пратасеню зноў не пусьцілі ў шпіталь да сына, які ляжыць у коме пасьля спробы суіцыду ў Жодзінскай турме. «Лекар сказаў па тэлефоне, каб прыяжджала, а пасьля размовы з турэмным начальнікам не пусьціў мяне ў шпіталь», — паведаміла 20 студзеня Сьвятлана карэспандэнту Свабоды.

«Сёньня мяне зноў не пусьцілі да Ягора. У мяне быў дазвол судзьдзі, я пазваніла лекару, той сказаў, каб прыяжджала, што пусьціць да сына. Але як прыехала, ён схадзіў на размову да намесьніка начальніка турмы і пасьля гэтага адмовіў. Таму сына я другі раз так і не пабачыла. Бачыла адзін раз 13 студзеня, але больш не дазволілі.

Сёньня мне сказалі ў шпіталі, што Ягора адключылі ад апарата штучнага дыханьня, бо пачаў дыхаць самастойна. Гэта вельмі добрая навіна. Але ёсьць і дрэнная. Лекар сказаў, што Ягор у прытомнасьць так і не прыйшоў, што па-ранейшаму знаходзіцца ў коме ў крытычным стане. Нават калі застанецца жывы, сказаў лекар, у яго праблема з мозгам, можа быць інвалідам.

Але я згодная на што заўгодна, хай будзе інвалідам, толькі б жывы. На руках буду насіць, на вазку вазіць, толькі б жыў. Але і ад тых, хто яго давёў да гэтага, я не адчаплюся», — сказала Сьвятлана Пратасеня.

Сьвятлана Пратасеня дадала, што зьбіраецца падаць заяву ў пракуратуру аб завядзеньні крымінальнай справы на супрацоўнікаў управы міліцыі па наркакантролі паводле артыкула аб давядзеньні да самагубства. Са Сьледчага камітэту жанчыне паведамілі, што там вядзецца праверка інцыдэнту са спробай самагубства Ягора Пратасені. Пра заканчэньне праверкі ў СК не паведамлялі.

20-гадовы жыхар Салігорску Ягор Пратасеня ў сьнежні 2015 году быў асуджаны на 14 гадоў зьняволеньня за распаўсюд наркотыкаў. На спатканьні з маці, якое адбылося пасьля суду, Ягор Пратасеня распавёў пра зьдзекі і катаваньні пасьля арышту з боку міліцыянтаў, а таксама паведаміў пра намер скончыць жыцьцё самагубствам, каб адпомсьціць опэрупаўнаважаным. Як кажуць ахоўнікі, 4 студзеня 2015 году яны дасталі Ягора Пратасеню зь пятлі ў адзіночнай камэры. Маці асуджанага ня верыць, што ён быў наркаманам і зрабіў спробу суіцыду з прычыны псыхічных адхіленьняў, зьвязаных з наркатычнай залежнасьцю. З 4 ці 5 студзеня Ягора Пратасеню трымаюць у Жодзінскім шпіталі, нават у коме яго працягваюць ахоўваць міліцыянты.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international