У Магілёве затрымана трое грамадскіх актывістаў

2016 2016-01-20T21:30:44+0300 2016-01-21T09:47:41+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/sudovaja_zala.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Аляксандр Хамратаў разам з юрыстам Дзмітрыем Здубнікавым і супрацоўнікам прыватнай фірмы Юрыем Гарбаценка прыйшлі ў Магілёўскі раённы суд, каб праманіторыць адкрытае судовае пасяджэнне суддзі Станіслава Леўчанкі.

Судовае пасяджэнне было прызначана 20 студзеня на 14-30. Разглядалася шараговая справа ў межах крымінальнага артыкула.

У 14-28 актывісты пастукаліся да суддзі Леўчанкі і спыталі яго, у колькі пачнецца судовае пасяджэнне, бо яны жадаюць прысутнічаць на ім. На іх просьбу спачатку суддзя сказаў, што не ведае, а калі хлопцы спыталі ў суддзі ў другі раз, то ён выклікаў міліцыю.

Міліцыя затрымала актывістаў і правяла разбіральніцтва ў будынку суда, якое працягвалася цягам двух гадзін, пасля чаго іх адвезлі ў Магілёўскі РАУС, дзе на кожнага з іх склалі пратаколы аб затрыманні, а таксама пратаколы агляду. Іх абвінавацілі ў парушэнні арт. 24.1 КаАП “Непавага да суда”.

У РАУСе іх пратрымалі больш за тры гадзіны, пасля чаго павезлі ў суд Магілёўскага раёна да дзяжурнага суддзі.

Першапачаткова ў судовую залу не пускалі людзей, а адваката -- да затрыманых. Толькі пасля тлумачальнай працы праваабаронцы Барыса Бухеля і адваката ўсе былі дапушчаны.

У судзе аказалася, што супрацоўнікі міліцыі забылі скласці пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні, і ўсіх затрыманых адправілі ў ізалятар часовага ўтрымання да заўтра.

Праваабаронца Барыс Бухель адзначае, што пакуль невядома, у які суд даставяць затрыманых, бо хоць усё адбылося ў судзе Магілёўскага раёна, сам суд знаходзіцца на тэрыторыі Ленінскага раёна Магілёва.

-          Заўтра абараняць хлопцаў будзе адвакат. Вельмі абсурдная сітуацыя. Варта таксама ўлічыць, што тут неправамерна выкарыстоўваецца артыкул, па якім іх абвінавацілі. Судовае пасяджэнне не пачалося, таму пра знявагу суда не можа ісці гутаркі. Мне стала вядома, што хлопцы паспелі пакінуць запіс у кнізе скаргаў і прапаноў суда Магілёўскага раёна. Мяркую, што суддзя Леўчанка мог такім чынам адпомсціць Аляксандру Хамратаву і яго сябрам, бо яны неаднаразова пісалі на яго скаргі, - гаворыць Барыс Бухель.

Трэба адзначыць, што суддзя Станіслаў Леўчанка стаў вядомым на ўсё краіну пасля таго, як агучыў пікантныя падрабязнасці адной судовай справы, удзельнікам якой стаў прадстаўнік нетрадыцыйнай сэксуальнай арыентацыі. З дапамогай газеты “Вячэрні Магілёў”, рэдактарам якой з’яўляецца яго маці, уся краіна даведалася пра мужчыну, які змяніў пол і быў абвінавачаны ў здзяйсненні бытавога злачынства. Пасля гэтага выпадку суддзя Леўчанка атрымаў афіцыйную вымову. 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international