Пад алкаголем, раней судзімы, але не маньяк: што ўяўляе з сябе тыповы прысуджаны да расстрэлу (табліца)

2016 2016-01-18T13:13:05+0300 2016-01-18T13:13:05+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/smiarotnae21.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У пачатку студзеня быў вынесены чарговы расстрэльны прысуд. 49-гадовы Генадзь Якавіцкі быў асуджаны за забойства сужыцелькі. Гэтую гісторыю робіць унікальным той факт, што за савецкімі часамі жыхар Вілейкі ўжо атрымаў смяротны вырак, які, праўда, пасля абскарджвання быў заменены на працяглы тэрмін. Ягоная сітуацыя – важкі аргумент і для прыхільнікаў захавання смяротнага пакарання і для іх апанентаў.

Якавіцкаму даравалі жыццё, але ён выйшаў на волю і зноў забіў, кажуць першыя. Але калі мэта смяротнага пакарання – застрашэнне патэнцыйных забойцаў, то яна абсалютна не працуе, парыруюць іншыя. Хто як не Якавіцкі разумеў, што такое расстрэл?

«Наша Ніва» сістэматызавала гісторыі вынясення смяротных прысудаў за апошні час – адкуль паходзіць злачынца, дзе адбылося забойства, ці стала яго прычынай ужыванне алкаголю.

Раней грамадскасць надзяляла расстрэлам значна менш увагі – складана знайсці нават імёны асуджаных за 1990-2000-ыя. Цяпер сітуацыя змянілася, хоць улады па-ранейшаму замоўчваюць большасць «смяротных справаў».

Найбольш шчыльна са справамі асуджаных на расстрэл працуе кампанія «Праваабаронцы за адмену смяротнае пакарання». Яе каардынатар Андрэй Палуда адказаў на пытанні «Нашай Нівы».

«Наша Ніва»: У пачатку 1990-ых да расстрэлу штогод прысуджалася па 20-30 чалавек. Цяпер лічба апусцілася да 2-3 чалавек. Гэта сведчыць пра тое, што грамадства стала больш цывілізаваным?

Андрэй Палуда: Уплывае ўвядзенне альтэрнатыўных мераў пакарання, напрыклад, з’явілася пажыццёвае зняволенне. Раней была альтэрнатыва – ці 15 гадоў, ці расстрэл. І калі злачынства было вельмі сур’ёзным, для суддзі было складана прымаць рашэнне.

Таксама мае значэнне, што грамадства больш пільна сочыць за гэтымі кейсамі. Праваабаронцы пастаянна звяртаюць на гэта ўвагу, вынесена шэсць рашэнняў Камітэта ААН па правах чалавека.

Ну і злачыннасць вельмі моцна звязана з эканамічным чыннікам. У 1990-ыя існавалі розныя іерархічныя крымінальная структуры накшталт банды Марозава, банды пажарнікаў. Я баюся прагназаваць, але калі ўзровень жыцця ў краіне будзе падаць, узровень злачыннасці можа вырасці. І ніякае смяротнае пакаранне не будзе стрымліваючым фактарам.

«НН»: Ці магчыма скласці партрэт тыповага «смяротніка»?

АП: Кожная гісторыя індывідуальная, але агульныя рысы, вядома ж, ёсць. Гэтыя людзі з’яўляліся прадстаўнікамі арганізаванай крымінальнай злачыннасці? За рэдкім выняткам – не. З’яўляліся маньякамі? Не. Злоўжывалі спіртнымі напоямі альбо наркатычнымі рэчывамі? Як правіла – так. Былі раней судзімымі? Большасць – так. Вельмі яскравая рэч – тое, што абсалютная большасць гэтых злачынстваў былі побытавымі.

Возьмем гарадзенскую гісторыю Бурдыкі і Грышкаўцова за 2010 год. Яны разам адбывалі пакаранне. Калі вызваліліся, адзін прыехаў да другога ў госці. Яны некалькі дзён пілі ў вялікай кампаніі разам з сужыцелькай Грышкаўцова, яе бацькам і сяброўкай. Шэсць разоў (!) бацька званіў у міліцыю, прасіў: «Прыйдзіце, разганіце іх, не даюць жыць». А яго пасылалі ў адказ: «Дзед, бензіну няма ездзіць. Вы там п’яце кожны дзень, што да вас катацца». Чым скончылася? Яны сп’яну ўсіх пазабівалі…

«НН»: Большасць асуджаных на расстрэл раней мелі судзімасці, аднак зноў здзейснілі злачынства. Ці можна гэта лічыць недапрацоўкай пенітэцыярнай сістэмы, якая мае мэтай выпраўленне асуджаных?

АП: Гэта пытанне прафілактыкі злачынстваў. За пяць-сем год знаходжання ў беларускай турме псіхіка руйнуецца настолькі, што яе немагчыма аднавіць. У грамадства вяртаюцца людзі, якія не ведаюць, як тут жыць. Праграм для адаптацыі фактычна не існуе. Усё сканчваецца прымітыўным надглядам – прыходзь і адзначайся.

Прычым адаптацыі няма і для сваякоў ахвяраў. Маці студэнткі, забітай Груновым, прасіла ў судзе: расстраляйце яго. Добра, дзяржава адказала: «Добра, расстрэльваем. Вы задаволеныя?» А хто ведае лёс гэтай маці? Хто з ёй працуе, які псіхолаг? Яна засталася з партрэтам сваёй дачкі.

«НН»: Кожная «расстрэльная» гісторыя выклікае шырокае абмеркаванне ў грамадстве. Але калі паглядзець на рэакцыю інтэрнэт-каментатараў, шмат хто шкадаваў толькі студэнта Селюна (які забіў жонку з каханкам) і тэрарыстаў Кавалёва з Канавалавым. Пад астатнімі абмеркаванні большасць аўдыторыі хутчэй падпісвалася пад выракам «расстраляць».

АП: Пытанне смяротнага пакарання палягае ў эмацыйнай плоскасці. Калі паказаць вочы маці забітых, вынікі апытанняў становяцца іншымі. І гэта пацвярджае тое, што такое пытанне не павінна выносіцца на агульны рэферэндум. Гэта мусіць быць палітычным крокам.

Адносіны да гісторыі з Кавалёвым і Канавалым паказваюць, што грамадства не паверыла ў вынікі расследавання і справядлівасць прысуду, хоць дзяржава прыкладала ўсе намаганні. І пасля такой рэакцыі ў 2012 годзе не было вынесена ніводнага расстрэльнага прысуду.

Бывае і так, што да грамадскасць не ведае акалічнасцяў. У 1998 годзе не за сваю віну быў расстраляны малады хлопец Іван Фамін. Злачынцы з асабістай жорсткасцю забілі таксіста. Ён трапіў пад уплыў мясцовых крымінальных аўтарытэтаў, якія сказалі: давай, малы, вазьмі віну на сябе, нічога табе за гэта не будзе. А тут яго раптам прысудзілі да расстрэлу… Алкаеў (былы начальнік СІЗА №1 Мінска, дзе выконваюцца прысуды – «НН») узгадваў, што калі Фаміна вялі на расстрэл, ён казаў: «Які ж я быў дурань».

Наша Ніва

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international