Зварот да ўсіх, хто разам з намі!

2003 2003-11-06T10:00:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Два апошнія месяцы для Праваабарончага цэнтра “Вясна” сталі сапраўдным выпрабаваннем. Мы ўдзячныя ўсім, хто аказваў нам маральную падтрымку ў гэты час -- ад моманту атрымання зыску Міністэрства юстыцыі аб ліквідацыі да судоў па закрыцці арганізацыі і над сябрамі “Вясны”, якія выказалі пратэст у сувязі з палітычна матываваным судовым рашэннем.

Сябры “Вясны” адчулі вялікую ўвагу беларускіх грамадзянаў, арганізацыяў, журналістаў, міжнароднай супольнасці. Мы атрымалівалі шматлікія лісты ў падтрымку, чулі словы салідарнасці і абурэння дзеяннямі ўладаў, якія вырашылі пазбавіць беларускіх грамадзян магчымасці атрымання рэальнай дапамогі, а праваабаронцаў гарантаванага Канстытуцыяй права на аб’яднанне і выказванне свайго меркавання.

Працэс над Праваабарончым цэнтрам “Вясна” яскрава прадэманстраваў адсутнасць незалежнасці беларускай судовай сістэмы. Закрыццё “Вясны” выявіла жаданне уладаў знішчыць у краіне непадкантрольную грамадскую актыўнасць, спыніць дзейнасць правабарончай арганізацыі, якая на працягу сямі гадоў свайго існавання заяўляла пра татальныя парушэнні ў галіне правоў чалавека.

Прыняўшы рашэнне аб ліквідацыі “Вясны” выключна за правядзенне незалежнага назірання падчас прэзідэнцкіх выбараў у 2001 годзе, улады ясна далі зразумець, што не жадаюць дапусціць кантролю грамадзтва падчас бліжэйшых выбарчых кампаній (парламенцкія выбары і магчымы рэферэндум па зменах у Канстытуцы).

Сёння мы заяўляем: з ліквідацыяй рэгістрацыі ў Мінюсце Праваабарончы цэнтр “Вясна” не спыняе сваё існаванне і будзе у поўным аб’ёме працягваць сваю дзейнасць. Мы будзем і надалей бараніць правы грамадзянаў краіны. Мы будзем і надалей звяртаць увагу беларускага грамадства і міжнароднай супольнасці на парушэнні правоў чалавека ў Беларусі.

Мы яшчэ раз выказваем словы ўдзячнасці ўсім, хто ў цяжкія часы падтрымаў нас, хто накіроўваў пратэсты ў дзяржаўныя органы і ўстановы, хто пратэставаў супраць незаконнага судовага рашэння, хто прыходзіў на судовыя паседжанні і распаўсюджваў інфармацыю пра лёс “Вясны”.

Мы ўпэўнены, што разам з Вамі мы зможам змяніць сітуацыю ў краіне і пабудуем такую Беларусь, дзе будуць паважаць і захоўваць правы чалавека, дзе кожны чалавек будзе ўпэўнены, што ён знойдзе абарону ў аб’ектыўным судзе, а ягоны голас на выбарах не будзе скрадзены.

6 лістапада 2003 года.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international