Еўрасаюз зноў заклікаў Беларусь увесці мараторый на смяротную кару

2016 2016-01-14T09:45:48+0300 2016-01-14T09:45:48+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/eurazviaz.jpg

У сувязі з вынясеннем у Беларусі новага смяротнага прыгавору Еўрасаюз зноў заклікаў улады краіны ўвесці мараторый на смяротную кару.

У заяве прэс-сакратара Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў Маі Качыянчыч, апублікаванай на сайце прадстаўніцтва Еўрасаюза ў Беларусі, падкрэсліваецца, што прыгаворанаму да смяротнай кары Генадзю Якавіцкаму павінна быць гарантаванае права на абскарджанне рашэння суда.

"Якавіцкі быў асуджаны за цяжкае злачынства, і мы выказваем нашы глыбокія шкадаванні родным і блізкім ахвяр", — гаворыцца ў дакуменце.

У той жа час падкрэсліваецца, што Еўрапейскі саюз "настроены супраць смяротнай кары ва ўсіх выпадках і без усялякіх выключэнняў", паведамляе БелаПАН.

"Мы заклікаем Беларусь, якая з'яўляецца адзінай краінай у Еўропе, што прымяняе смяротную кару, далучыцца да глабальнага мараторыя на смяротную кару ў якасці першага кроку да яе поўнай адмены. Змякчэнне прыгавораў і пачатак грамадскіх абмеркаванняў пытання смяротнай кары было б важным захадам у гэтым кірунку", — адзначаецца ў дакуменце.

Як паведамляў БелаПАН, 5 студзеня Мінскі абласны суд на выязным пасяджэнні прыгаварыў 49-гадовага Генадзя Якавіцкага да расстрэлу. Ён прызнаны вінаватым у жорсткім забойстве сваёй сужыцелькі. Высветлілася таксама, што Якавіцкі прыгаворваўся да смяротнай кары яшчэ ў савецкія часы, але тады яму ўдалося абскардзіць прыгавор і расстрэл быў заменены на працяглы тэрмін пазбаўлення волі.

Гэта першы смяротны прыгавор, вынесены ў Беларусі ў новым годзе. Летась да вышэйшай меры пакарання быў прыгавораны жыхар Лідскага раёна Іван Кулеш, які прызнаны вінаватым у забойстве трох чалавек, а таксама ў замаху на забойства, крадзяжы, рабаванні. У камеры смяротнікаў на вуліцы Валадарскага ў Мінску зараз утрымліваецца Сяргей Іваноў, асуджаны летась за жорсткае забойства дзяўчыны ў Рэчыцы. 

За ўсю гісторыю незалежнай Беларусі было вынесена 406 смяротных прыгавораў. Толькі адзін асуджаны быў памілаваны прэзідэнтам.

Беларусь — адзіная ў Еўропе і на постсавецкай прасторы краіна, дзе дагэтуль захавалася смяротная кара.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international