Прывезьлі ў коме ў кайданках, рукі падрапаныя — маці ўпершыню ўбачыла сына пасьля спробы самагубства ў турме

2016 2016-01-13T16:37:43+0300 2016-01-13T16:37:43+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/pratasenia-1.jpg
Ягор Пратасеня. Фота "Нашай нівы".

Ягор Пратасеня. Фота "Нашай нівы".

Прывезьлі ў коме ў кайданках, рукі падрапаныя — маці ўпершыню ўбачыла сына пасьля спробы самагубства ў турме

Сьвятлана Пратасеня ўбачыла сына, які дзявяты дзень ляжыць у коме ў жодзінскім шпіталі. Гэта было першае спатканьне маці з сынам пасьля ягонай спробы суіцыду ў турме Жодзіна. Сьвятлана Пратасеня распавяла пра стан здароўя яе сына Ягора Пратасені.

«Ён па-ранейшаму ў коме. Як я зьехала ад яго, дык павезьлі на апэрацыю, будуць устаўляць трубку ў трахею, каб мог дыхаць самастойна. Але шанцаў, сказалі, вельмі мала. Выглядае вельмі дрэнна. Проста жах. І яшчэ мяне ўразіла, што ў яго рукі ў драпінах. Спытала ў ягоных ахоўнікаў, чаму рукі такія, дык сказалі, што яго прывязвалі, калі катэтэр устаўлялі. І навошта чалавека ў коме прывязваць, калі ён і без таго не варушыцца? А лекар мне сказаў, што яго прывезьлі ў шпіталь у кайданках. Уяўляеце: чалавек у коме, а яго вязуць у кайданках! Лекар сказаў, што драпіны ад кайданкоў, але ў яго і пальцы ў драпінах. Я ўсё паглядзела. Каля гадзіны там была», — распавяла Сьвятлана Пратасеня.

Паводле Сьвятланы Пратасені, на твары і галаве яе сына падазроных сьлядоў няма. Яшчэ жанчына згадала, што ў сына апухлыя рукі.

Жыхар Салігорску Ягор Пратасеня 4 або 5 студзеня спрабаваў павесіцца ў адзіночнай камэры жодзінскай турмы, куды трапіў пасьля арышту ў красавіку мінулага году. У канцы сьнежня Салігорскі раённы суд прызнаў Ягора вінаватым у распаўсюдзе наркотыкаў і асудзіў на 14 гадоў зьняволеньня. У лістах дамоў і на спатканьні з маці пасьля суду Ягор Пратасеня распавядаў пра зьдзекі і катаваньні з боку супрацоўнікаў управы міліцыі па наркакантролі і папярэджваў, што скончыць жыцьцё самагубствам — на знак пратэсту і каб адпомсьціць міліцыянтам.

5 студзеня Сьвятлана Пратасеня прыехала ў турму на спатканьне з сынам, але ёй сказалі, што сын трапіў у рэанімацыю пасьля спробы самагубства.

Адміністрацыя жодзінскай турмы адмаўляецца камэнтаваць інцыдэнт для журналістаў. У Сьледчым камітэце Беларусі карэспандэнту Свабоды паведамілі, што супрацоўнікі аддзелу Сьледчага камітэту ў Жодзіне пачалі перадсьледчую праверку акалічнасьцяў і прычын спробы Ягора Пратасені скончыць жыцьцё самагубствам.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international