ГА “БАЖ” звярнулася ў Адміністрацыю Прэзідэнта з нагоды пераследу журналістаў-фрылансераў

2016 2016-01-11T15:36:20+0300 2016-01-11T15:36:20+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/baj.jpg

Кіраўніцтва арганізацыі просіць службоўцаў праясніць сітуацыю з новай хваляй пераследу журналістаў за супрацу з замежнымі СМІ.

У звароце на імя кіраўніка Адміністрацыі Аляксандра Косінца сярод іншага адзначаецца:

“4 жніўня мінулага года Аляксандр Лукашэнка, адказваючы на пытанне пра выпадкі пераследу беларускіх журналістаў-фрылансераў за супрацу з замежнымі СМІ, сказаў: “Я думаю, што гэта дурасць… Забараняць – гэта не мой прынцып. Я вывучу гэту праблему. Што да гэтых штрафаў, таксама вывучым. Людзі ж не багатыя, і я разумею. Я вам абяцаю, што я разгляджу гэта пытанне. Не таму, што мы з вамі сустракаемся, а таму што вы, мабыць, маеце рацыю тут. Мы паглядзім на гэту праблему”.

Пасля гэтага новых спраў па арт. 22.9 КаАП у дачыненні да журналістаў-фрылансераў не заводзілася. Гэты факт быў станоўча ацэнены, у прыватнасці, Еўрапейскай федэрацыяй журналістаў.

Але ў канцы снежня – пачатку студзеня стала вядома пра распачынанне ў Гомельскай вобласці адразу трох адміністрацыйных спраў супраць беларускіх журналістаў, матэрыялы якіх з'явіліся ў замежных СМІ.

28 снежня гомельскі журналіст Кастусь Жукоўскі атрымаў два выклікі ў міліцыю ў сувязі з сюжэтамі, паказанымі па тэлеканале “Белсат”, для складання пратаколаў па арт. 22.9 КаАП. 24 снежня падобны пратакол быў складзены і ў дачыненні да гомельскай журналісткі Ларысы Шчыраковай.

Аднаўленне падобнай практыкі мы лічам недапушчальным. Да таго ж, гэта наносіць урон іміджу дзяржавы і яе кіраўніка.

У сувязі з важнасцю ўзнятай праблемы і з улікам пазіцыі Аляксандра Лукашэнкі ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”:

- выказвае занепакоенасць у сувязі з аднаўленнем адміністрацыйнага пераследу журналістаў за выкананне іх прафесійных абавязкаў;

- заклікае садзейнічаць спыненню неабгрунтаванага ўмяшання супрацоўнікаў органаў унутраных спраў у права журналістаў на свабоднае атрыманне, захаванне і распаўсюд інфармацыі, свабоду выказвання меркаванняў і перакананняў, гарантаваныя артыкуламі 33 і 34 Канстытуцыі Беларусі.

Прапануем разглядзець пытанні, выкладзеныя ў звароце, на сустрэчы з удзелам службовых асоб Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, іншых дзяржаўных органаў, прадстаўнікоў ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” і іншых зацікаўленых арганізацый і асоб”.

У дадатак да звароту ў Адміністрацыю Прэзідэнта Беларусі была накіравана заява ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” з нагоды ўзмацнення ціску на журналістаў-фрылансераў, абгрунтаванне неправамернасці прыцягнення да адказнасці журналістаў за супрацоўніцтва з замежнымі СМІ, а таксама перапіска ГА “БАЖ” у гэтай справе з Вярхоўным судом, МУС, Генеральнай пракуратурай і КДБ Беларусі.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international