Упраўленне адукацыі Гомельскага аблвыканкама прыцягнула да адказнасці асоб, якія неабгрунтавана адмовілі ў працы грамадскаму актывісту

2016 2016-01-06T14:53:55+0300 2016-01-06T15:11:26+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/pesikau-igar.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Грамадскі актывіст са Светлагорску Ігар Песікаў атрымаў ліст з упраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкаму, падпісаны начальнікам упраўлення Сяргеем Парошыным. Упраўленне адукацыі сумесна са Светлагорскім райвыканкамам разгледзела зварот Ігара Песікава, накіраваны ў пракуратуру, і прыйшло да высновы, што заяўнік мае рацыю, а службовыя асобы неабгрунтавана адмовілі яму ў працаўладкаванні.

Ігар Песікаў праз сваю актыўную грамадзянскую пазіцыю ўжо больш за пяць гадоў не можа знайсці працу ў родным Светлагорску. Жыхар райцэнтру мае вышэйшую педагагічную адукацыю, з 2010 года стаіць на ўліку як беспрацоўны, рэгулярна атрымлівае афіцыйныя накіраванні на працу ад упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва. Вось толькі наймальнікі адмаўляюць яму ў працы пад любой нагодай.

Адмовы ў працаўладкаванні Ігар Песікаў неаднаразова абскарджваў праз суды, заяўляючы аб дыскрымінацыі пры прыёме на працу. Але ўсё было марна: суды станавіліся на бок наймальнікаў – розных службовых асоб.

Летам грамадскі актывіст звярнуўся да старшыні Светлагорскага райвыканкаму Віктара Дарашэвіча з просьбай пасадзейнічаць у атрыманні працы ва ўстановах адукацыі райцэнтру. Заяўнік атрымаў адказ, што з'явіліся вакансіі ў СДЮСШАР №4. Але як толькі на наступны дзень Ігар Песікаў звярнуўся туды з заявай аб атрыманні працы трэнера (а ён працаваў 20 гадоў менавіта трэнерам па грэблі) – у працаўладкаванні было адмоўлена. Не дапамог і суд.

«У дачыненні да мяне устанавілі незаконную забарону на педагагічную дзейнасць. Мая актыўная грамадзянская пазіцыя не з'яўляецца перашкодай для працаўладкавання, яна не звязаная з дзелавымі якасцямі, не абумоўлена спецыфікай працоўнай дзейнасці трэнера», - адзначаў жыхар Светлагорску.

Чарговыя скаргі ў розныя інстанцыі не прынеслі плёну. Тым часам у светлагорскіх установах з'яўляліся новыя вакансіі, Ігар Песікаў спрабаваў атрымаць працу, - але зноў і зноў яму адмаўлялі. Адмовілі і ў працаўладкаванні ў мясцовай гімназіі.

Днямі актывіст атрымаў адказ з упраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкаму. «Устаноўлена, што прычынай адмовы Вам ў працаўладкаванні педагогам-арганізатарам дырэктар гімназіі П.М. Кулакоўскі указаў «неадпаведнасць кваліфікацыі», што не адпавядае рэчаіснасці. Вы маеце права звярнуцца ў суд і абскардзіць адмову дырэктара гімназіі ў заключэнні з Вамі працоўнай дамовы... За неабгрунтаваную адмову ў працаўладкаванні, а таксама валакіту і фармалізм пры разглядзе Вашага звароту аб садзейнічанні ў працаўладкаванні начальнік аддзелу адукацыі, спорту і па справах моладзі Ж. Чэркас і дырэктар гімназіі П. Кулакоўскі прыцягнуты да дысцыплінарнай адказнасці», - гаворыцца ў адказе з упраўлення адукацыі.

Ігар Песікаў лічыць, што службовыя асобы сваімі дзеяннямі парушаюць заканадаўства, таму зноў звярнуўся ў суд. Паседжанне адбудзецца 19 студзеня.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international