viasna on patreon

Апарат упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў дыпламатычна адказаў праваабаронцам на зварот аб дыскрымінацыі цыганоў

2016 2016-01-01T12:23:23+0300 2016-01-01T12:23:23+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/cygany.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Гомельскія праваабаронцы Марыя Клімовіч і Алесь Яўсеенка, якія звярталіся да ўпаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Леаніда Гулякі з прапановай выпусціць інфармацыйны буклет пра жыццё цыганскай дыяспары, прававыя нормы, якія тычацца нацыянальнага пытання, і распаўсюдзіць яго сярод журналістаў і міліцыянераў, атрымалі «дыпламатычны» адказ. Па-першае, на прапанову выдаць інфармацыйны буклет адказу не было – ні станоўчага, ні адмоўнага. Нібыта і не заўважылі. Па-другое, зварот Апарат упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў «адфутболіў» у Міністэрства інфармацыі.

«Адзін станоўчы момант – у адказе чыноўнікі выказаліся, што пры правядзенні прафілактычнай працы міліцыі патрэбна ўлічваць недапушчальнасць распальвання ў грамадстве варожасці па нацыянальнай прыкмеце. Што ж, будзем чакаць рэакцыі з Міністэрства інфармацыі», - пракаментавала Марыя Клімовіч.

Гомельскія праваабаронцы шмат разоў на працягу апошніх некалькіх гадоў звярталіся ў розныя дзяржаўныя ўстановы – МУС, Міністэрства адукацыі, Гомельскі аблвыканкам, да рэдактараў газет з патрабаваннем спыніць дыскрэдытацыю цыганскай меншасці ў СМІ. Службовыя асобы абяцалі прыняць меры, але публікацыі ў СМІ, якія прыніжаюць гонар і годнасць цыган, з'яўляюцца і сёння.

Па словах Марыі Клімовіч, журналісты і міліцыянеры павінны быць аб'ектыўнымі, а ў некаторых, відаць, для аб'ектыўнасці відавочна не хапае інфармацыі. І дапамагчы атрымаць інфармацыю пра нацыянальную меншасць мог бы інфармацыйны буклет.

Дыскрымінацыя па нацыянальнай прыкмеце забаронена заканадаўствам. Але ў снежні ў буйнейшай беларускай газеце з'явіўся артыкул з загалоўкам «На Гомельшчыне цыганкі скралі грошы ў маці і яе дзіця-інваліда» («СБ-Беларусь Сегодня, 14.12.2015), а брагінская газета «Маяк Палесся» паведаміла пра затрыманне групы цыганоў толькі за тое, што яны належаць да нацыянальнай меншасці.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства