Камітэт па правах чалавека ААН у шосты раз прызнаў парушэнне з боку беларускіх уладаў правоў Леаніда Судаленкі

2016 2016-01-01T12:13:27+0300 2016-01-01T12:13:27+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/sudalenka-leanid.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабаронца Леанід Судаленка

Праваабаронца Леанід Судаленка

Своеасаблівы падарунак на канец 2015 года атрымаў гомельскі праваабаронца Леанід Судаленка. 31 снежня па пошце яму было дасланае рашэнне, прынятае на восеньскай сесіі Камітэту па правах чалавека ААН па справе №2016/2010, «Леанід Судаленка супраць Беларусі». Міжнародныя эксперты прыйшлі да высновы, што беларускія ўлады ўжо ў шосты раз парушылі грамадзянскія і палітычныя правы грамадзяніна, у гэты раз – правы на мірны сход і выказванне меркавання, замацаваныя ў артыкулах 19 і 21 Пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах. Згодна рашэнню КПЧ, беларускія чыноўнікі абавязаны не толькі прадставіць Судаленку эфектыўныя сродкі прававой абароны, кампенсаваць судовыя выдаткі, але і змяніць як нацыянальны закон аб масавых мерапрыемствах, так і практыку яго прымянення такім чынам, каб пазбегнуць у будучым аналагічных парушэнняў.

Камітэт па правах чалавека ААН прызнаў, што ў 2009 годзе гомельскія чыноўнікі парушылі правы грамадзяніна, калі забаранілі яму правесці 10 снежня пікет, прымеркаваны да Дня правоў чалавека. «Я планаваў правесці пікет, каб звярнуць увагу грамадскасці на Усеагульную дэкларацыю правоў чалавека, але гарвыканкам адмовіў мне ў гэтым. Я выкарыстаў усе унутраныя сродкі прававой абароны, пачынаючы з раённага суда і заканчваючы Вярхоўным, але суд не стаў на маю абарону. Услед за чыноўнікамі нацыянальная судовая сістэма палічыла, што гарвыканкам законна абмежаваў мае правы», - адзначыў Леанід Судаленка.

Ён нагадаў, што права на правядзенне мірных сходаў не з'яўляецца абсалютным, яно можа быць абмежаваным, але дзяржава павінна даказаць – для дасягнення якой мэты яно абмежавала правы грамадзяніна – напрыклад, у мэтах нацыянальнай бяспекі, забеспячэння правоў іншых грамадзян. У дадзеным выпадку дзяржава гэтага не зрабіла. «Гэтым чарговым рашэннем Камітэту я паказваю беларускім уладам – змяняйце што-небудзь у накірунку правоў чалавека. Вы сёння збіраецеся размаўляць на роўных з Еўропай, кажаце, што будзеце наладжваць стасункі, а на практыцы што мы бачым?» - падкрэсліў праваабаронца.

Раней Камітэт па правах чалавека ААН прызнаваў, што беларускія ўлады парушалі правы Судаленкі на мірныя сходы, свабоду выказвання меркавання, права выбіраць і быць абраным. Таксама КПЧ прыйшоў да высновы ў адным са сваіх рашэнняў, што у дачыненні праваабаронцы дзяржава праявіла дыскрымінацыю па палітычнай прыкмеце.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international