viasna on patreon

У Краснаполлі ўзнагародзілі членаў выбарчых камісій і чальцоў ініцыятыўнай групы Аляксандра Лукашэнкі

2015 2015-12-27T17:05:35+0300 2015-12-27T17:05:35+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/lavrenkov-vybary-kranapolle.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Фота "Чырвоны сцяг"

Фота "Чырвоны сцяг"

У Краснаполлі прайшла “ўрачыстая цырымонія” ўручэння падзячных лістоў кіраўніка краіны Аляксандра Лукашэнкі членам раённых і ўчастковых выбарчых камісій, чальцам яго ініцыятыўнай групы і праўладным назіральнікам. Уручаў падзячныя лісты ў раённым Цэнтры культуры памочнік прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, галоўны інспектар па Магілёўскай вобласці Генадзь Лаўранкоў, удзел у цэрэмоніі прыняло ўсё кіраўніцтва Краснапольскага раёна, паведамляе інтэрнэт-сайт краснапольскай раённай газеты “Чырвоны сцяг”.

Уручаючы падзячныя лісты, Генадзь Лаўранкоў “адзначыў значнасць працы, праведзенай у раёне падчас перадвыбарчай і выбарчай кампаній, актыўную грамадзянскую пазіцыю выбаршчыкаў, вернасць выбранаму раней курсу на карысць моцнай, незалежнай і квітнеючай Беларусі”.

Старшыня Краснапольскага райвыканкама Ігар Балахонаў у сваім выступленні распавёў пра тое, што жыхары раёна “паспяхова вытрымалі экзамен”, яўка выбаршчыкаў на Краснапольшчыне на прайшоўшых выбарах склала 98,1%, і гэта сведчыць аб тым, “што ўлада і народ працуюць у адзіным ключы”.

Таксама ў змешчаным на інтэрнэт-сайце “Чырвонага сцяга” матэрыяле адзначаецца, што “ўручэнне падзячных лістоў прайшло ў цёплай атмасферы, чаму спрыялі не толькі словы ўдзячнасці і ацэнка зробленай падчас перадвыбарчай і выбарчай кампаніі працы, а і адзінства беларускага народа ў імкненні да трывалай палітычнай і сацыяльна-эканамічнай стабільнасці нашай краіны”.

Неабходна адзначыць, што падчас прэзідэнцкіх выбараў 2015 года Краснапольскі раён на Магілёўшчыне вызначыўся не толькі высокай яўкай выбаршчыкаў, а і вялікім працэнтам прагаласаваўшых за кандыдата Аляксандра Лукашэнку. Згодна дадзеных ЦВК, за Аляксандра Рыгоравіча на Краснапольшчыне прагаласавала 93,57% выбаршчыкаў, большы працэнт галасоў нязменны кіраўнік краіны на Магілёўшчыне набраў толькі ў родным Шклоўскім раёне.

Між тым, па сацыяльна-эканамічных паказчыках і ўзроўню жыцця Краснапольскі раён займае адно з апошніх месцаў не толькі ў Магілёўскай вобласці, але і ў краіне цалкам. Напачатку 2015 года ў раёне засталося пражываць 9969 чалавек, хоць яшчэ ў 2010 годзе колькасць яго жыхароў складала 11124 чалавек. Сярэдні заробак ў Краснапольскім раёне ў лістападзе 2015 года быў толькі 4 641 187 рублёў, што складае 94% ад рэальнага заробка ў лістападзе 2014 года і значна ніжэй за сярэдні заробак па Магілёўскай вобласці (5 774,4 у лістападзе 2015 г.). У Краснапольскім раёне засталося адзінае сельгаспрадпрыемства, якое і гэтыя невялікія заробкі не можа выплаціць сваім працаўнікам своечасова, аднак высокія чыноўнікі ўсё роўна распавядаюць казкі пра “стабільнасць і квітненне”.

Аднак магілёўскія абласныя і краснапольскія раённныя чыноўнікі ясна вызначылі свае прыярытэты – іх хвалюе не тое, як жывуць людзі і якія эканамічныя паказчыкі ў раёне, яны больш занепакоены атрыманнем патрэбных вынікаў галасавання падчас прэзідэнцкай выбарчай кампаніі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства