“Кнуты і пернікі” лячэбна-працоўных прафілакторыяў

2015 2015-12-23T11:30:24+0300 2015-12-23T11:49:32+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/palienka.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Актывіст Дзмітрый Паліенка

Актывіст Дзмітрый Паліенка

Праваабарончы цэнтр "Вясна" паслядоўна даследвае пытанне ўтрымання грамадзян у месцах несвабоды і ажыццяўляе адпаведны маніторынг на аснове аналізу нарматыўных актаў і збору звестак аб становішчы зняволеных. Сярод такіх месцаў – лячэбна-працоўныя прафілакторыі, недарэчны сімбіёз рэабілітацыйнага цэнтру і турмы для алкаголікаў і нарказалежных, дзе адсутнічае належнае лячэнне.

Некалькі дзён таму сведчаннямі пра ўмовы ўтрымання ў ЛПП з праваабаронцамі падзяліўся Зміцер Паліенка, які па рашэнні суда правёў там 1 год.

Шлях у ЛПП праз Акрэсціна

Актывіст нацыянал-бальшавіцкага руху Дзмітрый Паліенка ў 2014 годзе па рашэнні суда быў змешчаны ў лячэбна-працоўны прафілакторый. Прычым, працэс накіравання быў не зусім зразумелым і хуткім. Судовае рашэнне аб накіраванні ў ЛПП ён абскардзіў, аднак вынікаў не дачакаўся, паколькі ў той час адбываў адміністратыўны арышт пад час чэмпіянату свету па хакеі у ЦІПе на Акрэсціна. Адтуль яго адразу і павезлі ў Светлагорск на “лекаванне”. Спачатку Паліенка ўтрымліваўся ў Светлагорскім ЛПП, а апошнія тры месяцы ў Дзяржынску, у аналагічнай установе, і таму яму ёсць з чым параўноўваць умовы ўтрымання ў розных прафілакторыях.

Адразу па прыездзе ў ЛПП картку Зміцера Паліенкі пазначылі адмысловай “чырвонай паласой”. Такую “метку” маюць тыя, хто схільныя да пабегу. Для іх уводзіцца спецыяльны рэжым, здзяйсняюцца частыя праверкі, нават уначы.

Паліенка распавёў, што ў Светлагорскім ЛПП  на той час колькасць “пацыентаў” даходзіла да 1500 чалавек. Яны размяшчаюцца ў некалькіх асобных памяшканнях, накшталт казармаў, па 70-80 чалавек.

Прафілакторый жа ў Дзяржынску значна меншы. Тут, па словах Паліенкі, ўтрымліваецца каля 200 чалавек. Умовы ўтрымання, па ягоных назіраннях, крыху лепшыя, чым у Светлагорску.

Першы заробак, які выдалі Паліенку – 250 рублёў

У Светлагорскім ЛПП Зміцер займаўся некваліфікаванай працай: здзіраў ізаляцыю з дроту, метадычна і манатонна. А якая праца – такія і заробкі. Першы заробак, які выдалі Паліенку на рукі – 250 рублёў. Часам, успамінае Паліенка,  атрымліваў 5 тысяч рублёў, а калі перавялі ў Дзяржынск, то працаваў на дрэваапрацоўцы, тут выходзіла да 30 тысяч. Па-праўдзе, налічвалася больш, аднак з заробку вылічваюцца грошы за харчаванне і ўтрыманне.

– Зразумела, каб не перадачы з дому і ўласныя грошы – было б зусім цяжка, бо патрэбна набываць сродкі гігіены. Ежы таксама не хапала, асабліва ў Светлагорску, а якасць яе цяжка нават апісаць словамі. Пры гэтым ад нас патрабавалася пад’есці за 5-6 хвілін. Таму трэба было нешта з прадуктаў набываць у краме. У Светлагорск, напрыклад, перыядычна 2 разы на тыдзень на тэрыторыю ЛПП прыязджала аўталаўка. А ў Дзяржынску нас вадзілі ў краму, праўда праз асобны ўваход.

“Кнуты і пернікі” ЛПП

За нязначныя парушэнні Правілаў унутранага распарадку ў лячэбна-працоўных прафілакторыях часта выносяцца спагнанні. Напрыклад, Зміцеру Паліенку яны выносіліся за тое, што піў гарбату ў неўстаноўлены час, альбо не паспеў пагаліцца раніцай. Калі чалавек атрымлівае некалькі спагнанняў, кіраўніцтва калоніі можа звярнуцца ў суд з прапановай аб працягненні тэрміну ўтрымання ў ЛПП яшчэ на некалькі месяцаў, звычайна на 3 месяцы. Такое тут здараецца нярэдка. На суд, звычайна, вывозяць у горад. Могуць таксама змясціць у ізалятар на 3-5 сутак. Паліенка, які прайшоў праз гэтае выпрабаванне, распавядае, што гэта невялікая камера з цмяным асвятленнем і закратаванымі вокнамі. У ізалятары ўдзень няможна ляжаць, нельга чытаць альбо пісаць. Адзін раз на дзень выводзяць на прагулку, працягласцю да 20 хвілін, хаця па тых жа Правілах пагулка павінна быць не меней 30 хвілін. Аднак найбольшая праблема – патрапіць у прыбіральню, паколькі выводзяць туды раз на дзень.

Колькасць спатканняў з роднымі і блізкімі практычна неабмежаваная, - кажа Паліенка.

 - Аднак дзіўным падаецца, што у суботу, у дзень калі ў людзей выходны, і яны могуць прыехаць на спатканне, спатканні не дазваляюцца.

Звычайна, на абед падаецца суп ці боршч, які нагадвае неякаснае варыва, на другое – капуста, да якой дадаецца сасіска, ці кавалак рыбы. І абавязковы вадкі кісель. Па-праўдзе, ў Дзяржынску харчаванне было больш прыстойным і якасным, і часу для прыняцця ежы давалася значна больш.

Распавядаючы пра эфектыўнасць “лячэння” ў ЛПП, Зміцер Палінка адзначыў, што многія з “пацыентаў” сюды змяшчаюцца па другім разе. Ён прыгадаў нават выпадак, калі ў ЛПП патрапіў мужчына “на пятую ходку”.  

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international