Вячаслаў Касінераў: Мы – не хуліганы, а людзі, якія выказваюць сваю пазіцыю

2015 2015-12-22T13:19:51+0300 2015-12-22T13:19:51+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/kasinerau.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Вячаслаў Касінераў. Фота: Ірына Арахоўская

Вячаслаў Касінераў. Фота: Ірына Арахоўская

27-гадовы Вячаслаў Касінераў – адзін з фігурантаў “справы графіцістаў” – распавядае сайту palitviazni.info  пра свае захапленні і перакананні.

– Я маю вышэйшую адукацыю, – кажа Вячаслаў Касінераў. – Гісторык, скончыў БДУ па спецыяльнасці агульная гісторыя. Сфера маёй цікаўнасці падчас навучання ў “альма матэр” – заходнія славяне ў сярэднявеччы…

– Адным словам, вы – гуманітарый…

– Што тычыцца майго дзяцінства і юнацтва, то мая прага да ведаў у дзяцінстве і юнацтве якраз і вяла мяне ў гуманітарныя сферы навучання. Яшчэ са школьнай лавы я вельмі зацікавіўся сутнасцю гістарычных працэсаў, спрабаваў знаходзіць заканамернасці і адрозненні, а з тым – і падабенствы ў межах розных палітычных, сацыяльных і культурных фармацый.

Дарэчы, навучаўся я ў англамоўным класе, пры гэтым там жа, падчас атрымання сярэдняй школьнай адукацыі, паспеў некалькі год павучыць і нямецкую мову…

– Маляваць таксама ў школе навучыліся?

– З выяўленчым мастацтвам адносіны складаліся цяжэй, гэта давалася мне не так лёгка. Першае знаёмства з нечым сур’ёзным – гэта пачатак 2000-х, павальная мода на хіп-хоп, а з тым – і на графіці. Гэта былі не тыя прыгожыя малюнкі, часам наадварот – даволі незразумелыя скарачэнні і дзіўныя па знешнему выгляду надпісы. Але калі ты быў “у тэме”, то разумеў іх. Для нас усіх тады, зусім зялёных юнакоў, гэта былі першыя крокі самавыражэння. Глытком паветра, калі ты нешта мог данесці ў свет праз хоць і крывы, але твой уласны надпіс.

– Наколькі я зразумеў, глыбінным зместам тыя графіці не былі азначаны?

– Безумоўна. Хутчэй гэта былі ўласныя імёны, назвы найбольш ушанаваных гуртоў, проста малюнкі. Але з часам мы раслі, змяняліся і нашыя творы.

Камусці, хто звыклы да шэрасці сцен і сваіх уласных дзён, такая творчасць можа падацца праявай непавагі, дзяцінствам ці проста глупствам. Але мы ўжо не першае дзесяцігоддзе жывем у інфармацыйным вакууме, дзе паняцці цэнзура і розныя забароны сталі нам звыклыя, як сонейка на ўсходзе. Таму прабачце нас, калі мы не бачым іншай мажлівасці данесці сваю неадцэнзураную думку да грамадства…

– Ці можна сказаць, што тыя графіці, з-за якіх і была заведзена крымінальная справа, былі выклікам сучаснасці?

– Непасрэдна гэтыя графіці, якія інкрымінаваліся мне і маім сябрам, як дзеянні хуліганскага характару, з’явіліся адказам сучаснасці. Як любы чулы чалавек, як чалавек з адчыненымі вачыма, так і я з сябрамі вельмі востра перажывалі падзеі ў нашай любімай краіне і за яе межамі. Маючы актыўную грамадзянскую і трывалую палітычную пазіцыю, мы ніколі не саромеліся выказваць яе. Асабліва тады, калі грамадства мэтанакіравана запалохалі.

Канфлікт у братняй Украіне, канфлікт, які развязаны сіламі, што ва ўсе часы зневажалі свой уласны народ – усё гэта не магло не адбіцца на нас. Наша існасць з усёй рашучасцю паўстала супраць той імперскай навалы, якая распачалася, супраць зачыненых вачэй нашага народу, які праглынаў хлусню за хлуснёй. Людзі не заўважалі, што існуе небяспека для нашай незалежнасці, для існавання, як этнаса і культурнай адзінкі ў сям’і народаў сусвету. Постсавецкая ідыялогія ўраду нашай краіны ў сукупнасці з адчыненай расійскай агрэсіяй – ці гэтага не дастаткова, каб любы сумленны беларус сказаў гучнае “не!” этнацыду сваёй культуры, мовы, традыцый?!.. І першае графіці павінна было паказаць, што будучыня нашай краіны – па-за межамі мінулых варожых нашай існасці рэжымаў, якія ў рознай ступені, але нішчылі нашу свядомасць фізічна, духоўна і маральна.

– Другое графіці…

– Другое графіці з’яўлялася адказам на выпрабаванні, якія паставіла сучаснае жыццё перад чалавецтвам, беларусамі ў тым ліку. Мы можам знайсці сваю волю толькі праз рэвалюцыю ў нашых галовах, адрынуўшы страх і мёртвыя аўтарытэты, развіваючы сябе фізічна, інтэлектуальна і духоўна, памятаючы гісторыю і паважаючы традыцыі.

Па трэцяму эпізоду таксама ўсё проста – мяркую, любому беларусу зразумела, што мы імкнуліся сказаць. Мы жывем у краіне, дзе колькасць міліцыянтаў перавышае ўсе нормы адэкватнасці, што зусім не вырашае праблем з парушэннем правоў і злачынствамі. Любы чалавек, хто хоць аднойчы ў жыцці спрабаваў выказвацца вольна, не азіраючыся на цэнзуру і асноўную лінію ідыялогіі стабільнасці, адразу адчуваў на сябе пільную ўвагу гэтых самых “ахоўнікаў правапарадку”. Не мне распавядаць пра шматлікія выпадкі збіцця невінаватых, незаконных прысудах. Любыя грамадзянскія ініцыятывы, шэсці, рухі – ужо чакайце, што можаце пазнаёміцца з міліцыянтамі бліжэй. Яны сядзяць на сваіх бюджэтных пасадах і думаюць пра адно – пакінуць усё, як ёсць. Таму і банеры з выявай гэтых самых супрацоўнікаў, ды пад лозунгам “служу закону, народу, отчизне”, на мой погляд, – гэта хлусня. Бо справы ў нас ствараюцца пад людзей, і калі ты «няправільнай палітычнай арыентацыі», то будуць пагражаць, рэпрэсаваць тых, хто перашкаджае замагільнаму спакою гэтай сістэмы.

Былі да вас прэтэнзіі з боку ўласніка банера?

– Па-першае, шкода была аплочана. І нават сам прадпрымальнік, які рабіў той банэр, напэўна, не жадаючы браць грэх на душу, хацеў бы спыніць справу. Але гэта не спыніла ад працягу пераследу па крымінальным артыкуле.

– Да гэтага часу памятаеце, як вас затрымлівалі?

– Затрымліваў спецыяльны атрад хуткага рэагавання супрацьтэрарэстычнага аддзялення ГУБАЗу. Падчас затрымання вы – ніхто. Непрацяглы, але непрыемны час, калі гэтыя людзі маюць магчымасць здзеквацца з вас – штурхаць, збіваць, пужаць, аблаяць. Так адбылося і са мной, калі мяне забралі акурат з маёй кватэры, дзе я знаходзіўся з дачкой і жонкай. Пазней, без сведак, (акрамя сваіх паплечнікаў) адзін з байцоў вырашыў патрэніраваць на мне баксёрскі ўдар. Вынік – двайны адчынены пералом сківіцы. Не вельмі прыемна, але і не смяротна. Нават у маёй сітуацыі, калі зараз мне пагражае інваліднасць у выніку аперацыі. Зрэшты, не варта лічыць гэта нечым дастатковым, каб знішчыць чалавечую годнасць і гонар.

– Чым зараз займацеся, і на які вынік у гэтай справе разлічваеце?

– Зараз сітуацыя такая – графіці ўсё ж-такі перакваліфікаваныя па іншым артыкуле, за сапсаваныя банеры нас збіраюцца судзіць з Вадзімам Жаромскім па ч. арт.339 КК (“хуліганства” групай асобаў), што пагражае да 6 гадоў зняволення. Але мы – не хуліганы, а цалкам адэкватныя, свядомыя маладыя людзі, якія маюць сваю пазіцыю і выказваюць яе. І фармуліроўка ў тым артыкуле, дзе мы нібыта зневажаем грамадства, – не пра нас. Мы якраз-такі супраць здзекаў з нашага грамадства.

Зрэшты, нягледзячы на ўсё тое, што адбылося з намі, на тое, што нам пагражае, – ніхто духам не ўпаў. Мы цвёрда стаім на сваіх пазіцыях і не баімся казаць праўду. Мы наведваем розныя мерапрыемствы, сябруем з рознымі людзьмі, ствараем вакол сябе тую матрыцу ўзаемаадносін і той варыянт рэчаіснасці, які можа штурхнуць нас наперад, да волі і свабоды думкі, дзеяння, слова.

Як казаў адзін вельмі мудры чалавек Махандас Карамчанд Гандзі: “Ты павінен быць тымі зменамі, якія бачыш у будучыні”.

Напрыканцы ад сябе хацелася б дадаць: ніколі не бойцеся. Калі маеце сваю пазіцыю, калі знайшлі сябе і ўбачылі праўду, ідзіце да канца. Ваша годнасць і ваш гонар – адзінае, што вы сапраўды маеце. Варта змагацца за тое, каб у будучым зазірнуць у вочы сваім дзецям і сябрам без сораму.

palitviazni.info

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international