«Хто наступны?». Суд па ліквідацыі Праваабарончага цэнтру «Вясна» вачыма кіраўніка Саюзу беларусаў у Польшчы Яўгена Вапы, які прысутнічаў на працэсе.

2003 2003-11-05T10:00:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Хто наступны?
Яўген ВАПА
І зноў павеяла сумам. У канцы кастрычніка Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь задаволіў зыск Міністэрства юстыцыі ў справе ліквідацыі адной з найбольш паважаных у рэспубліцы і па-за яе межамі няўрадавай арганізацыі — Праваабарончага цэнтра „Вясна”. Узнікла яна ў 1996 г. з мэтай давесці беларускаму грамадству важнасць патрэбы змагання за правы чалавека і непасрэдна дапамагаць рэпрэсаваным дзяржаўнай сістэмай. Адказнасць і заангажаванасць людзей, што стваралі структуру арганізацыі ва ўсёй краіне, хутка прынесла вынікі. Грамадскія прыёмныя, дзе бясплатна можна было атрымаць юрыдычню дапамогу, штодзённая аператыўная і прафесіянальная інфармацыя пра парушэнні законаў у дачыненнях дзяржава — грамадзянін, распаўсюджваная ў Беларусі і замежжы ў выглядзе прэс-рэлізаў і штогадовых рапартаў, заангажаванасць у падтрымку сем’ям загінуўшых апазіцыйных палітыкаў і журналістаў — усё гэта не было да спадобы ўладзе. Яшчэ адной станоўчай якасцю ў працах „Вясны” пад кіраўніцтвам Алеся Бяляцкага быў ейны беларускамоўны воблік. Бо на жаль, а гучыць гэта як жахлівы парадокс, у Беларусі адным з найчасцей парушаных правоў чалавека і грамадзяніна з’яўляецца абмяжоўванне дзяржавай беларускамоўнай адукацыйнай і інфармацыйнай прасторы ў карысць русіфікацыі. І калі ў 2001 г. у час прэзідэнцкіх выбараў Бяляцкі ачоліў структуру незалежнага назірання за іх правядзеннем, якая зафіксавала факты фальсіфікацыі і парушэння ўладай выбарчага закону, усім стала зразумелым, што дзяржаўныя служкі гэтага не забудуць. Цэнтральная выбарчая камісія вынесла „Вясне” папярэджанне за ангажаванасць у працэс назірання, а з загаду Міністэрства юстыцыі распачаліся ў арганізацыі шматлікія праверкі, мэта якіх была адна — ліквідаваць структуру „Вясны”.
Ліквідацыя па палітычным заказе
„Ганьба, ганьба” — такія словы прагучалі 28 кастрычніка ў зале Вярхоўнага суда, калі суддзя Валянціна Кулік прызнала зыск Міністэрства юстыцыі пра ліквідацыю праваабарончай арганізацыі. Суддзя аднак у цэлым захавала крыху свой прафесійны твар: адкінула ў вынесеным прысудзе ўсе тыя адміністрацыйныя закіды мінюста, якія быццам былі знойдзены ў час праверак, а сваё рашэнне прыняла на аснове толькі аднаго вышэйзгаданага папярэджання з боку Цэнтральнай выбарчай камісіі. Такім чынам яна прадэманстравала, што ліквідацыя „Вясны” мае толькі і выключна палітычны характар. Трэба зазначыць, што ў выніку патрабаванняў абвінавачаных увесь судовы працэс быў ведзены на беларускай мове, а сакавітая беларуская мова ў вуснах суддзі Кулік дае спадзяванні, што чынавенства ў любы момант можа нармальна ёю карыстацца. На сёння аднак малая ад гэтага радасць для ліквідаванай арганізацыі, што выслухалі прысуд на роднай мове. Старшыня арганізацыі Алесь Бяляцкі перад суддзёю заявіў: „Няўрадавыя арганізацыі зноў, як і пры камуністах, заганяюцца ў падполле, а ўлады бачаць у іх не партнёра ў грамадскіх узаемадачыненнях, а суперніка і нават ворага, якога неабходна знішчыць. Прыклад „Вясны” — тут проста класічны”.
Ужо сёння можна адкрыта сказаць, што 2003 год сумны для беларускіх няўрадавых арганізацый: сёлета ўключна з „Вясною” было ліквідаваных 19 арганізацый рознага напрамку і кшталту дзейнасці. Чым жа правінавацілася грамадзянская супольнасць Беларусі перад такой атакай з боку ўладаў? Адказу трэба шукаць у недалёкім мінулым і хуткім будучым.
Прэзідэнцкія выбары 2001 года паказалі, што рэальны арганізацыйны патэнцыял беларускай дэмакратычнай супольнасці ў большасці замацаваўся ў няўрадавых арганізацыях, чымсьці ў зацкаваных уладай палітычных партыях. Для вялікай большасці актыўнага палітычна беларускага грамадства зусім незразумелым і неўспрыймальным аказаўся спосаб вылучэння незалежнага кандыдата як і сам кандыдат у прэзідэнты. У такой сітуацыі партыйныя лідэры нат як дэкларавалі сваю працу ў карысць прафсаюзніка Ганчарыка, то звычайныя сябры партыі занадта не хацелі ўдзельнічаць у тым, у што проста не верылі. Відавочным стала, што цяжар арганізацыйнай працы лёг на плечы трэцяга сектара, які з большымі ці меншымі поспехамі спраўляўся з патрабаваннямі выбарчага змагання. Улады пабачылі, што няўрадавыя арганізацыі, так як і незалежныя сродкі масавай інфармацыі, з’яўляюцца істотным фактарам для беларускай рэчаіснасці. На практыцы абазначала гэта наступ на дзве гэтыя вельмі важныя часткі кожнай дэмакратычнай дзяржавы. Доказам значэння ўзрастаючай ролі няўрадавага руху ў грамадстве сталі выбары ў мясцовыя саветы вясной гэтага года. Сярод кандыдатаў ад дэмакратычных сілаў, якім пашчасціла ў няроўным змаганні з кандыдатамі ўлады перамагчы і стаць дэпутатамі, большасць звязана была з трэцім сектарам. І вось праз год, у 2004 г., у Беларусі чарговыя выбары, гэтым разам у гэтак званаю „палатку” — мясцовы парламент. У сувязі з падзеямі, якія чакаюць беларускі народ у наступным скліканні парламента, аўтарытарная сістэма не хоча дапусціць туды істотнай групы ад дэмакратычнай апазіцыі. Будучыя парламентарыі праўдападобна будуць рашаць аб удзеле Аляксандра Лукашэнкі ў прэзідэнцкіх выбарах на трэці тэрмін. Згодна з канстытуцыяй пасля другога тэрміну сваёй улады Лукашэнка павінен яе аддаць. Але калі народ папросіць, а палата зменіць канстытуцыю... Усё магчымае. Другая справа — ратыфікацыя народнымі абраннікамі, невядома яшчэ толькі ў якім выглядзе, галоўнага козыра прэзідэнта — абяцанага раю ў выглядзе Саюза Беларусі і Расіі. Таму абсалютна не могуць патрапіць у парламент людзі іншага складу думкі. Мо некалькі асобаў ад апазіцыі. Толькі на тое, каб суцішыць сусветную супольнасць і легімітызаваць беларускую заканадаўчую ўладу ў міжнародных структурах. Дзеля гэтага на сённяшні дзень для ўлады самай важнай задачай з’яўляецца максімальнае паслабленне арганізаванай дэмакратычнай структуры. Няўрадавыя арганізацыі — гэта канкурэнтаздольная структура, якую ліквідуецца па палітычнаму заказу. Не можа быць аніякага поля для палітычнай гульні. Ёсць толькі месца для адной фігуры. Таму ў хуткім часе атрымаем, на жаль, адказ пра наступную ахвяру гэтых зачыстак.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international