viasna on patreon

Былыя палітычныя вязні ў Беларусі

2015 2015-12-10T15:45:00+0300 2015-12-21T12:58:15+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Праваабрончы цэнтр “Вясна” прызнае наяўнасьць у Беларусі палітычных вязьняў - асобаў, якія незакона пазбаўлены Свабоды за свае палітычныя перакананьні, і патрабуе іх неадкладнага вызваленьня.

Мікалай Статкевіч - узяты пад варту з 20 снежня 2010 г., асуджаны 26 траўня 2011 г. судом Ленінскага раёна г.Менску па ч. 1 арт. 293 КК (арганізацыя масавых беспарадкаў, якія суправаджаліся гвалтам над асобай,  пагромамі, падпаламі, знішчэньнем маёмасьці і узброеным супрацівам прадстаўнікам улады) да 6 гадоў пазбаўленьня волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Рашэньнем суду ад 12 студзеня 2012 г. умовы адбыцця пакараньня былі змененыя на больш жорсткія, пераведзены з калоніі №17 у Шклове ў турму №4 г. Магілёва. 12 студзеня 2015 года этапаваны для далейшага адбыцця пакарання ў шклоўскую папраўчую калонію №17.

4 траўня суддзя Шклоўскага раённага суда Святлана Баранцава прызнала Статкевіча вінаватым у парушэнні правілаў унутранага распарадку калоніі, задаволіла хадайніцтва Шклоўскай калёніі № 17  і прыняла рашэнне накіраваць палітвязня да сканчэння тэрміну зняволення ў "крытую" турму №4 г. Магілёва.

Мікалай Дзядок – узяты пад варту з 3 верасня 2010 г., асуджаны 27 траўня 2011 г. судом Заводскага раёна г.Менску па ч.2 арт. 339 КК (злоснае хуліганства) да 4,5 гадоў пазбаўленьня волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Рашэньнем суду ад 5 сьнежня 2012 г. умовы адбыцця пакараньня былі змененыя на больш жорсткія, пераведзены з калоніі №17 у Шклове ў турму №4 г. Магілёва.

У лістападзе 2014 года на Мікалая Дзядка завялі новую крымінальную справу па 411-м артыкуле за “злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы”. 26 лютага 2015 года суд працягнуў яго зняволенне на 1 год і 3 дні.

12 мая стала вядома, што Мікалая Дзядка перавялі ў папраўчую калонію №9 г. Горкі.

Ігар Аліневіч  – узяты пад варту з 29 лістапада 2010 г., асуджаны 27 траўня 2011 г. судом Заводскага раёна г.Менску па ч.2 арт. 339 КК (злоснае хуліганства), ч.2 і ч.3 арт.218 КК (пашкоджаньне маёмасьці агульнанебяспечным спосабам і ў асабліва буйным памеры) да 8 гадоў пазбаўленьня волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Знаходзіўся ў калоніі №10 у Наваполацку, у ліпені 2014 года пераведзены у калонію "Віцьба-3".

* Яўген Васьковіч – узяты пад варту з 17 студзеня 2011 г., асуджаны 18 траўня 2011 г. судом Бабруйскага раёна і г.Бабруйску ч.2 арт.339 КК (злоснае хуліганства) і ч.3 арт.218 КК (пашкоджанне маёмасьці ў асабліва буйным памеры) да 7 гадоў пазбаўленьня волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Рашэньнем суду ад 12 кастрычіка 2011 г. умовы адбыцця пакараньня былі змененыя на больш жорсткія, пераведзены з калоніі №15 у Магілёве ў турму №4 г. Магілёва. 12 кастрычніка 2014 года быў зноў пераведзены ў  калонію №15 у Магілёве.

* Арцём Пракапенка - узяты пад варту з 17 студзеня 2011 г., асуджаны 18 траўня 2011 г. судом Бабруйскага раёна і г.Бабруйску ч.2 арт.339 КК (злоснае хуліганства) і ч.3 арт.218 КК (пашкоджаньне маёмасьці ў асабліва буйным памеры) да 7 гадоў пазбаўленьня волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Знаходзіцца ў калоніі №15 у Магілёве.



Юрый Рубцоў - 6 кастрычніка 2014 года асуджаны судом Цэнтральнага раёну Менскапа арт.391 Крымінальнага кодэкса (“Абраза судзьдзі або народнага засядацеля”) да 1 года і 6 месяцаў абмежаваньня волі з накіраваньнем ва ўстанову адкрытага тыпу №7. 22 сьнежня 2014 года накіраваны для адбыцьця пакараньня ў вёску Куплін Пружанскага раёна. Новая крымінальная справа на Юрыя была заведзена 18 сакавіка 2015 года па артыкуле 415 КК “Ўхіленне ад адбыцця пакарання ў выглядзе абмежавання волі”. Пад варту яго ўзялі 6 красавіка, з 13 красавіка этапаваны ў СІЗА г.Баранавічы.   28 мая 2015 года суд Пружанскага раёна прызнаў палітвязня Юрыя Рубцова вінаватым ва ўхіленні ад адбыцця пакарання і пакараў двумя гадамі калоніі агульнага рэжыму з улікам неадбытага тэрміну. Палітвязня Юрыя Рубцова перавялі ў папраўчую калонію №2 г. Бабруйска, пра што ПЦ "Вясна" стала вядома 11 жніўня.

*У дзеяньнях дадзеных асобаў углядаюцца прыкметы правапарушэньня, але адзначаем несправядлівую кваліфікацыю іх дзеяньняў і празмернасць вынесенага пакараньня. Лічым, што яны адбылі ўжо дастатковае пазбаўленне волі для здзейсненага ўчынку і ўтрыманьне надалей іх у зняволеньні палітычна матываванае.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства