У Юрыя Рубцова ў Нямеччыне здарыўся нэрвовы зрыў

2015 2015-12-17T09:41:10+0300 2015-12-17T09:41:10+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/rubcou-na-voli.jpg
Юры Рубцоў.

Юры Рубцоў.

Былога беларускага палітвязьня Юрыя Рубцова, які папрасіў прытулку ў Нямеччыне, перавялі ў Нюрнбэргу з адной мэдычнай клінікі ў другую для абсьледаваньня.

Нямецкія дактары ў Нюрнбэргу працягваюць назіраць за Юрыем Рубцовым і дасьледуюць стан здароўя палітуцекача зь Беларусі, які паступіў да іх 14 сьнежня. «У яго быў нэрвовы зрыў, але што дакладна стала прычынай, мы цяпер высьвятляем. Таксама праводзім ягонае мэдычнае абсьледаваньне», — такія словы лекара з клінікі ў Нюрнбэргу цытуе сын Юрыя Рубцова Віктар.

Віктар Рубцоў апавёў карэспандэнту Свабоды пра вынікі размовы сваёй маці Ядвігі, жонкі Юрыя Рубцова, з расейскамоўным лекарам, які апякуецца хворым.

«Лекар сказаў, што бацька будзе знаходзіцца ў клініцы ня меней за 6 тыдняў. Умовы там добрыя, яму даюць усё неабходнае. Спадзяёмся, яму стане лепш. Лекары лічаць, што у яго быў нэрвовы зрыў, што гэта дакладна было ня сэрца. І кажуць, што цяпер яму лепш, але патрэбны спакой. Наведаць яго пакуль не дазваляюць, усе кантакты пакуль будуць празь лекара. Маці сказала, што будзе чакаць ягонай выпіскі з клінікі ў Нюрнбэргу. Ёй таксама цяжка адной, у лягеры, але сказала, што будзе чакаць, колькі трэба», — паведаміў Віктар Рубцоў.

Віктар Рубцоў падзякаваў за дапамогу беларусам і ўсім тым, хто адгукнуўся на зьвесткі пра тое, што ягоны бацька ў Нюрнбэргу трапіў у складанае становішча. «Асаблівая падзяка дзяўчыне па імі Карына, якая жыве ў Гамбургу ці ў Дрэздэне, дакладна ня ведаю. Карына моцна дапамагла маці, вялікі ёй дзякуй».

14 сьнежня былога беларускага палітвязьня Юрыя Рубцова хуткая дапамога забрала ў мэдычную клініку Нюрнбэргу зь лягеру для ўцекачоў. Напярэдадні Юры Рубцоў зьмясьціў у сацыяльных сетках допіс суіцыднага характару. Учора сваякі Рубцова, у тым ліку ягоная жонка Ядвіга, якая разам зь ім знаходзіцца ў лягеры для ўцекачоў, не выключалі, што ў яго захварэла сэрца.

У кастрычніку былы палітвязень Юры Рубцоў і ягоная жонка Ядвіга прыехалі ў Франкфурт, дзе падалі заявы на атрыманьне ў Нямеччыне палітычнага прытулку. Да пераводу ў Нюрнбэрг Рубцовы пабывалі ў некалькіх лягерах для ўцекачоў, у тым ліку жылі ў намёце і ў спартовай зале. Ядвіга Рубцова назвала ўмовы ў лягеры ў Нюрнбэргу «вельмі цяжкімі»: «Тут фактычна няма падзелу на дзень і ноч, бо калі адныя сьпяць, другія ходзяць, трэція размаўляюць», — апавяла Ядвіга Рубцова. Таксама ўцякачка паскардзілася на недахоп кантактаў у лягеры з прычыны няведаньня замежных моваў.

Юры Рубцоў — былы палітвязень з Гомеля, які неаднаразова публічна патрабаваў адстаўкі Аляксандра Лукашэнкі і быў асуджаны беларускім судом спачатку на 1,5 году «хіміі», а потым на 2 гады зьняволеньня.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international