КПЧ прызнаў, што ўлады Беларусі парушылі правы віцебчука

2015 2015-12-15T10:21:54+0300 2015-12-15T10:30:49+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/surgan-2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Тарас Сурган.

Тарас Сурган.

Камітэт ААН па правах чалавека апублікаваў чарговае рашэнне, прынятае наконт скаргі жыхара Віцебска. Згодна з гэтым рашэннем, Беларусь парушыла правы Тараса Сургана, якія забяспечваюцца часткай 2 артыкулу 19 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах.

Частка 2 артыкулу 19 пакту абвяшчае: «Кожны чалавек мае права на свабоднае выказванне свайго меркавання; гэтае права ўключае свабоду шукаць, атрымліваць і распаўсюджваць усялякага кшталту інфармацыю і ідэі, незалежна ад дзяржаўных межаў, вусна, пісьмова ці праз друк або мастацкія формы выражэньня, ці іншымі спосабамі на свой выбар».

Падзеі, якія вымусілі Тараса паскардзіцца ў КПЧ, здарыліся шэсць з паловай гадоў таму. 16 ліпеня 2009 году, у дзень салідарнасці з ахвярамі рэпрэсіяў з боку палітычнага рэжыму, ён паспрабаваў прымацаваць бел-чырвона-белы сьцяг да парапету моста Блахіна. Віцебскія супрацоўнікі аховы правапарадку актывіста затрымалі, адвезлі ў міліцэйскі пастарунак, дзе склалі пратакол аб правапарушэнні, а сцяг канфіскавалі.

Празь некалькі дзён адбыўся суд. Дзеянні актывіста былі кваліфікаваныя як удзел у несанкцыянаваным пікеце, і ў адпаведнасці з часткай 1 артыкулу 23.34 КаАП ён быў аштрафаваны на 175 тысяч рублёў (на той час гэта было эквівалентна 43-м эўра). Спробы Тараса Сургана абскардзіць судовую пастанову поспеху не прынеслі: і Віцебскі абласны, і Вярхоўны суды прызналі рашэнне суду Чыгуначнага раёну Віцебску слушным.

У сваім звароце ў КПЧ Тарас Сурган паведаміў, што праз вывешванне беларускага нацыянальнага сцяга, які не забаронены ў краіне, ён сапраўды выказваў свае палітычныя погляды, а права публічна выказваць сваё меркаванне гарантуецца артыкулам 33 Канстытуцыі. На яго думку, суд памыліўся, паставіўшы яму ў віну парушэнне працэдуры арганізацыі або правядзення масавага мерапрыемства, бо ў акцыі ён удзельнічаў адзін, таму ніякага масавага мерапрыемства не было.

Падчас камунікацыі з КПЧ, бок дзяржавы нічога ня стаў каментаваць па сутнасці справы, а толькі настойваў, што зварот Сургана Камітэт павінен прызнаць непрымальным, бо той нібыта ня вычарпаў усіх унутраных сродкаў прававой абароны, не падаўшы ў Генпракуратуру нагляднай скаргі. Пазней прадстаўнікі дзяржавы наогул заявілі, што Камітэт зарэгістраваў зварот віцебскага актывіста ў парушэнне артыкулу 1 Факультатыўнага пратаколу да Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах.

Нежаданне Беларусі супрацоўнічаць з КПЧ не засталося без увагі апошняга. У рашэнні па справе Сургана пазіцыі, заяўленай беларускімі ўладамі, прысвечаны асобны раздзел:

«Камітэт нагадвае, што артыкул 39 (2) Пакту дае Камітэту права ўводзіць свае ўласныя правілы працэдуры, якія дзяржавы-ўдзельнікі пагадзіліся прызнаваць... Мяркуецца, што, далучаючыся да Факультатыўнага пратаколу, дзяржава бярэ на сябе абавязак супрацоўнічаць з Камітэтам у духу добрай волі... З'яўляецца несумяшчальным з гэтымі абавязацельствамі, калі дзяржава-ўдзельнік робіць што-кольвек, замінаючы або перашкаджаючы камітэту разглядаць і вывучаць паведамленні ды прымаць свае рашэнні. Гэта вырашае менавіта Камітэт – рэгістраваць ці не справу. Адмовіўшыся прызнаваць кампэтэнцыю Камітэту вызначаць, ці павінна быць зарэгістраванае тое ці іншае паведамленне, і адкрыта абвясціўшы пра сваё непрызнанне рашэнняў Камітэту наконт прымальнасці і па сутнасці паведамленняў, дзяржава-ўдзельнік парушыла свае абавязкі, прадугледжаныя артыкулам 1 Факультатыўнага пратаколу».

Віцебская вясна

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international