Жыхары Вялікай Машчаніцы дамагліся, каб школа ў аграгарадку засталася сярэдняй

2015 2015-12-11T23:58:44+0300 2015-12-11T23:58:44+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/mashchanica-shkola-sluhanni.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

11 снежня ў памяшканні Машчаніцкай сярэдняй школы ў аграгарадку Вялікая Машчаніца Бялыніцкага раёна адбыўся агульны сход бацькоў навучэнцаў школы, на якім прысутнічалі і райвыканкамаўскія чыноўнікі. Намеснік старшыні Бялыніцкага райвыканкама па сацыяльных пытаннях і інфармаванню Андрэй Ганчук запэўніў бацькоў вучняў, што пытанне аб рэарганізацыі Машчаніцкай сярэдняй школы ў базавую не будзе разглядацца ў бліжэйшыя два гады.

Сход бацькоў вучняў Машчаніцкай СШ вымушаны былі правесці пасля таго, як напачатку гэтага тыдня жыхары аграгарадка Вялікая Машчаніца накіравалі калектыўныя звароты ва ўпраўленне адукацыі Магілёўскага аблвыканкама і на імя старшыні Бялыніцкага райвыканкама. У зваротах, подпісы пад якімі паставілі восемдзесят чалавек, грамадзяне патрабавалі захаваць Машчаніцкую сярэднюю школу ў сучасным статусе і не разглядаць пытанне аб яе пераводзе ў базавую. Пры гэтым бацькі вучняў спасылаліся на тое, што ў аграгарадку Вялікая Машчаніца пражываюць дзесяткі сем’яў з малымі дзецьмі, шмат з якіх пераехалі ў гэты населены пункт з іншых месцаў. У пачатковых класах школы і дзіцячым садку шмат дзяцей, і яны хацелі б працягнуць сваё далейшае навучанне ў Машчаніцкай сярэдняй школе.

Цікава, што яшчэ на мінулым тыдні ў сваім пісьмовым адказе на зварот журналіста Барыса Вырвіча з прапановай ініцыяваць правядзенне сходу жыхароў аграгарадка па гэтаму пытанню старшыня выканкама Машчаніцкага сельсавета Іна Напрэенка адказала адмоўна, спаслаўшыся на тое, што пытанне аб рэарганізацыі Машчаніцкай СШ Бялыніцкім райвыканкамам не разглядалася. Аднак жыхары аграгарадка ўсё ж здолелі прымусіць чыноўнікаў правесці сход і даць канкрэтны адказ на іх пытанні, даслаўшы калектыўныя звароты.

На сходзе намеснік старшыні Бялыніцкага райвыканкама паведаміў бацькам вучняў, што пытанне рэарганізацыі Машчаніцкай сярэдняй школы ў базавую Бялыніцкім райвыканкамам не разглядалася і не плануецца да разгляду ў наступным 2016 годзе, таму школа захавае свой сярэдні статус. Як падкрэсліў Андрэй Аляксандравіч, чуткі пра магчымую рэарганізацыю Машчаніцкай СШ у базавую маглі ўзнікнуць на падставе таго, што ў наступным годзе ў Бялыніцкім раёне будзе праходзіць атэстацыя школ. Па словах спадара Ганчука, у 2016 годзе ў раёне будзе аптымізавана толькі адна навучальная ўстанова – Навасельская пачатковая школа, якая ўваходзіць у ДУА “Навасельскі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы садок-пачатковая школа Бялыніцкага раёна”, бо там засталося зусім няшмат вучняў.

Удзельнікі сходу падзякавалі Андрэю Ганчуку за прадастаўленую інфармацыю. Па словах ініцыятараў напісання калектыўнага звароту, яны спадзяюцца, што Бялыніцкі райвыканкам выканае свае абяцанні, але ўсё-роўна будуць уважліва сачыць за сітуацыяй вакол Машчаніцкай СШ.

Нагадаем, што напачатку 2014 года аддзел адукацыі Бялыніцкага райвыканкама ўжо спрабаваў ініцыяваць прыняццё рашэння аб рэарганізацыі Машчаніцкай СШ у базавую. Аднак бацькі вучняў выказалі свой пратэст і здолелі адстаяць школу. Тады планавалася, што пасля 9 класаў навучання ў школе з беларускай мовай навучання вучні для далейшага атрымання адукацыі павінны былі пайсці ў адну з рускамоўных школ г. п. Бялынічы.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international