viasna on patreon

Брагін: міліцыя затрымала цыганоў толькі за тое, што яны – цыганы

2015 2015-12-11T13:41:32+0300 2015-12-11T13:41:32+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/cygany.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Гомельскія праваабаронцы на працягу некалькіх гадоў уздымаюць пытанне аб дыскрымінацыі ў СМІ цыганскай меншасці. Часта ў газетах з'яўляюцца артыкулы з назвамі кшталту «Асцярожна, цыганы!», дзе паміж усімі прадстаўнікамі нацыянальнай меншасці і злачынцамі ставіцца знак роўнасці. Праваабаронцы Алесь Яўсеенка і Марыя Клімовіч напісалі шматлікія звароты ў МУС, Міністэрства адукацыі, ідэалагічныя ўпраўленні. Чыноўнікі давалі адказы, у якіх абяцалі разабрацца, «правесці тлумачальныя гутаркі», згаджаліся, што дыскрымінацыя па нацыянальнай прыкмеце забаронена заканадаўствам. Але на практыцы нічога не змянілася.
Так, у чарговы раз прадэманстравала прадузятае стаўленне да цыганоў брагінская раённая газета «Маяк Палесся». У мінулым годзе ў гэтай жа газеце быў артыкул з такой сентэнцыяй: невядомыя злачынцы скралі ў сялян коней. Тут жа аўтар артыкулу піша, што хоць асобы злачынцаў і невядомыя, але напэўна, гэта былі цыганы. Як быццам у Брагіне ніколі не чулі пра прэзумпцыю невінаватасці, тое, што інфармацыю ў СМІ трэба падаваць на падставе фактаў, а не ўласных фантазій.
У чарговым артыкуле, які з'явіўся ў «Маяку Палесся», жыхароў раёна ў чарговы раз папярэджваюць пра небяспеку, якая нібыта сыходзіць ад цыганоў.
Аўтар нагадвае, што ў наступным годзе будзе дэнамінацыя, і махляры могуць скарыстацца такой нагодай, каб скрасці ў даверлівых пенсіянераў грошы пад абяцанні памяняць іх на новыя, без нулёў. «Часцей за ўсё такімі махлярамі аказваюцца людзі цыганскай знешнасці, якія «працуюць» па даўно выпрабаванай схеме. Яны ездзяць па вёсках з нейкім асартыментам тавараў і прапануюць жыхарам нешта набыць. Але асноўная іх мэта – трапіць у дом, задурыць гаспадарам галаву ды выманіць ці скрасці грошы», - упэўнена падае інфармацыю аўтар.
Па словах аўтара, «адну такую групу цыган нядаўна міліцыянеры затрымалі ў Аляксееўцы». «Супрацоўнікі ДАІ разам з участковым інспектарам патрулявалі вуліцы вёскі, калі заўважылі незнаёмы аўтамабіль. У машыне знаходзілася пяць чалавек, чацвёра з якіх аказаліся раней судзімымі. Сапраўдную мэту знаходжання ў населеным пункце яны, вядома, не агучылі, але можна выказаць здагадку, што хацелі пажывіцца за кошт мясцовых жыхароў. Толькі ажыццявіць гэты план ім перашкодзілі», - развівае думку раённае выданне.
Напэўна, нашы міліцыянеры дасягнулі такой высокай ступені інтэлектуальнага развіцця, што ўмеюць чытаць думкі людзей, і загадзя ведаюць, што тыя збіраюцца здзейсніць злачынства, асабліва калі гэта – цыганы.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства