У Мінску адбыўся круглы стол “Разам супраць дыскрымінацыі”

2015 2015-12-11T11:41:49+0300 2015-12-11T11:41:49+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/salidarnascj-krugly-stol.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Фота: salidarnasc.org

Фота: salidarnasc.org

На мерапрыемстве, арганізаваным Камітэтам “Салідарнасць”, сярод запрошаных гасцей былі намесніца старшыні Руху “За Свабоду” Галіна Cкараход, кіраўніца Беларускай жаночай партыі “Надзея” Алена Яськова, а таксама Уладзімір Дунаеў (Грамадскі балонскі камітэт), Людміла Гразнова (Праваабрончы альянс), Таццяна Агеева (Беларускі дакументацыйны цэнтр), Зміцер Чарных (Беларускі хельсінскі камітэт).

Як адзначыла старшыня камітэта “Салідарнасць” Іна Кулей, звяртаючыся да прысутных, зараз узнікаюць усё новыя формы рэпрэсій з боку дзяржавы, якія маюць няяўны характар. Адна з іх – дыскрымінацыя, якая патрабуе нашай сумеснай рэакцыі. “Ні ў кога не напісана, што чалавек звольнены альбо адлічаны па палітычных матывах, альбо за грамадскую дзейнасць. Афіцыйна – сканчэнне кантракту, згода бакоў. Доказы пераследу могуць даць толькі незалежныя СМІ”.

На сустрэчы былі прэзентаваныя відэадакументы, прысвечаныя выпадкам дыскрымінацыі сябраў незалежных прафсаюзаў на прыкладзе працаўнікоў бабруйскага заводу БЗТДіА, прадстаўнікоў акадэмічнай супольнасці на прыкладзе звольненых выкладчыкаў Гарадзенскага ўніверсітэта, а таксама грамадзян, адпраўленых на прымусовае лячэнне ў Лячэбна-працоўных прафілакторыях.

Удзельнікі круглага стала таксама падзяліліся прыкладамі і напрацоўкамі сваіх арганізацый на тэму змагання з дыскрымінацыяй.

Алена Яськова распавяла пра пастаянны пераслед незалежнага прафсаюзнага руху ў Беларусі з боку ўладаў, а таксама пра контрмеры, а менавіта – актыўнае інфармаванне міжнародных прафсаюзных структураў, што дае пэўны плён. “Незалежныя прафсаюзы зазвычай адхіляюць ад калектыўных дамоваў. Сябраў суполак пазбаўляюць ільготаў і даплат. Дыскрымінацыя незалежных прафсаюзаў працягваецца” – адзначае Алена Яськова.

Галіна Скараход звярнула ўвагу на дыскрымінацыю па гендарнай прыкмеце.
“Пра гендар трэба казаць у маштабах усёй краіны. Дыскрымінацыя на рынку працы, у ахове здароўя ў сістэме адукацыі. Патрэбны закон пра гендарную роўнасць. Інакш дыскрымінацыя будзе працягвацца”, – кажа Галіна Скараход.

Было прызнанае вельмі актуальным пытанне прымусовай працы. Зміцер Чарных распавёў пра аспект прымусовай працы ў ЛПП. “Парушаецца права на непрымусовую працу. Згодна з нашай Канстытуцыяй да прымусовай працы можна прыцягваць толькі па рашэнні суда. Суд у ЛПП толькі накіроўвае “на лячэнне”. Удзельнікі сустрэчы адзначылі, што сумнавядомы Закон “пра дармаедаў” таксама прадугледжвае арышт з прымусовай працай.

Уладзімір Дунаеў распавёў пра парушэнні акадэмічных свабод і выпадкі дыскрымінацыі выкладчыкаў і студэнтаў: “Людзей звальняюць не за палітыку, а за сваю прафесійную дзейнасць, “няправільную” працу з пункту гледжання ўладаў. На Гарадзеншчыне звольнена 12 навукоўцаў”. Кіраўнік Балонскага камітэту таксама звярнуў увагу на тое, што ўсё цяжэй атрымліваць нават статыстычную інфармацыю пра дзейнасць сістэмы адукацыі. Вялікі аб’ём звестак засакрэчваецца альбо мае грыф “не для друку”.

Юрыст Камітэта “Салідарнасць” Тамара Сідарэнка азнаёміла ўдзельнікаў круглага стала з Аналітычным аглядам адвольных звальненняў у Рэспубліцы Беларусь (2012-2015), які падрыхтаваны юрыдычнай службай Камітэта “Салідарнасць”. “Многія факты дыскрымінацыі працоўных абумоўлены існаваннем кантрактнай сістэмы. Яна дазваляе звальняць любога працаўніка нематывавана і караць такім чынам актывістаў”, – адзначае Тамара Сідарэнка.

Юрыст таксама агучыла ідэю падпісання сумеснай заявы ў Савет Міністраў з патрабаваннем ініцыяваць адмену Дэкрэта №29 “Аб дадатковых мерах па ўдасканаленні працоўных адносінаў, умацаванні працоўнай і выканаўчай дысцыпліны”, а таксама адмяніць дыскрымінацыйную кантрактную сістэму найму. Прапанова была пазітыўна ўспрынятая ўдзельнікамі круглага стала, якія пагадзіліся цесна супрацоўнічаць і надалей у пытанні змагання з рознымі формамі дыскрымінацыі.

Падчас імпрэзы таксама была прэзентаваная друкаваная прадукцыя, прысвечаная дыскрымінацыі, якую выпусціў Камітэт “Салідарнасць”. Усяго было падрыхтавана 9 тэматычных каляровых буклетаў для моладзевай аўдыторыі, каб яны разумелі з юнацтва праблемы дыскрымінацыі, бачылі іх і стараліся не дапускаць у сваім жыцці.

Напрыканцы сустрэчы Людміла Ісакава распавяла пра планы стварэння відэакансультацый у працяг праекта па змаганні з дыскрымінацыяй: “Для асвятлення праблемаў дыскрымінацыі важная візуалізацыя. Мы хочам працягнуць гэтую тэму ў праекце “Відэакансультацыі для ахвяраў дыскрымінацыі”. Нас запытваюць людзі: Ці магчыма дзесьці дамагчыся праўды? Паспрабуем з дапамогай юрыстаў шукаць кампетэнтныя адказы і распаўсюджваць карысныя парады”.

salidarnasc.org

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international