Гары Паганяйла: Замест таго, каб праводзіць прафілактыку, чалавека схіляюць да здзяйснення злачынства

2015 2015-12-11T09:38:05+0300 2015-12-11T09:38:05+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/paganiajla.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабаронца Гары Паганяйла

Праваабаронца Гары Паганяйла

Беларускія праваабарончыя арганізацыі прызналі палітычным зняволеным Міхаіла Жамчужнага, заснавальніка цяпер закрытай установы «Платформ інавейшн», якая займалася пытаннямі парушэння правоў людзей, што знаходзяцца ў месцах пазбаўлення волі.

Юрыст Беларускага Хельсінкскага Камітэту Гары Паганяйла распавядае сайту palitviazni.info, чаму справа Міхаіла Жамчужнага носіць палітычнае адценне.

Пад тэкстам заявы падпісаліся старшыня ліквідаванага ўладамі праваабарончага цэнтра «Вясна»Алесь Бяляцкі, старшыня Беларускага Хельсінкскага камітэта Алег Гулак, старшыня праўлення Цэнтра прававой трансфармацыі (Lawtrend) Алена Танкачова, кіраўнік камітэта дапамогі рэпрэсаваным «Салідарнасць» Іна Кулей, кіраўнік Беларускага дакументацыйнага цэнтра Раіса Міхайлоўская, прэзідэнт Беларускага дома правоў чалавека імя Барыса Звозскава Таццяна Равяка і экс-старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Жанна Літвіна,паведамляе spring96.org.

«Асуджэнне Міхаіла Жамчужнага з’яўляецца неабгрунтаваным і палітычна матываваным. Лічым, што пазбаўленне Жамчужнага свабоды было ажыццёўлена з парушэннем права на справядлівы судовы разгляд, гарантаваны Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах. Пазбаўленне волі было заснаванае на пастаўленых у віну дзеяннях, справакаваных прадстаўнікамі ўлады, а значыць незаконных, а працягласць ці ўмовы пазбаўлення волі відавочна непрапарцыянальныя правапарушэнню, у якім асоба была прызнаная вінаватай», – гаворыцца ў заяве.

Праваабаронцы лічаць неабходным запатрабаваць неадкладнага перагляду судовага рашэння ў дачыненні да Жамчужнага «пры захаванні права на справядлівы судовы разгляд».

Нагадаем, Міхаіл Жамчужны быў затрыманы неўзабаве пасля вынясення прыгавору Бандарэнку. 10 ліпеня 2015 года Віцебскі абласны суд прызнаў яго вінаватым на падставе артыкулаў 376 (ч. 1, ч. 2), 375 (ч. 1) і 431 (ч. 1, ч. 2) КК (наўмыснае выдаванне звестак, што складаюць службовую тайну; незаконнае набыццё (выраб) сродкаў для сакрэтнага атрымання інфармацыі, што складае службовую тайну; даванне хабару) і прыгаварыў да шасці гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму.

23 кастрычніка судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда Беларусі разгледзела касацыйную скаргу на прыгавор і прызначыла Жамчужнаму больш строгае пакаранне – шэсць з паловай гадоў пазбаўлення волі.

– Відавочна, што сілавікі хочуць стварыць уражанне важнасці іх ведамства ў барацьбе з ворагамі, а таму і з’яўляюцца такія крымінальныя справы, як “справа Жамчужнага”, – кажа Гары Паганяйла. – Падчас так званых “аператыўных следчых эксперыментаў” людзей уцягваюць у злачынную дзейнасць. Што датычыцца Міхаіла Жамчужнага, то не выключаю, што ён дзесьці праявіў нейкія сакрэтныя дакументы аператыўнага значэння, і замаскіраваныя аператыўнікі пачалі заводзіць з ім кантакты, каб за грошы падвесці чалавека пад злачынства. Адным словам, ініцыятыўныя дзеянні па ўцягненні ў злачынную дзейнасць зыходзілі не ад самога Жамчужнага, а ад аператыўнага супрацоўніка міліцыі, які працаваў у кантакце з калегамі з іншых сілавых структур. Жамчужнага асудзілі па некалькіх эпізодах і, наколькі я разумею, паўсюль Міхаіла ўцягвалі ў аванцюры. Там справа ледзь да шпіянажа не дайшла, вось куды яго цягнулі. У краіне маглі правесці чарговую спецаперацыю па выяўленні чарговага шпіёна, якія працаваў на замежную разведку. Але Жамчужны на гэта не павёўся. Увогуле, непрыгожая сітуацыя. Замест таго, каб праводзіць прафілактыку злачынстваў, чалавека схіляюць да здзяйснення злачынства.

– Такія “аператыўныя эксперыменты” нярэдка практыкуюць?

– Натуральна, што гэта не першы выпадак, а таму, калі пад выглядам такіх эксперыментаў людзей штурхаюць на злачынствы, то мы гэта ацэньваем, як правакацыю. Гэта недапушчальныя метады працы. У дэмакратычным грамадстве спецслужбы не павінны так працаваць.

– Наколькі вядома, праваабаронцы ў некаторых момантах крытычна паставіліся і да дзеянняў самога Міхаіла Жамчужнага…

– Так, бо ў той жа час мы асуджаем такога кшталту кантакты праваабаронцаў з супрацоўнікамі аператыўнага значэння. Ёсць легальныя каналы ўзаемадзеянняў паміж праваабаронцамі і праваахоўнымі органамі, іх і патрэбна выкарыстоўваць. Ісці на злачынства дзеля нейкіх праваабарончых мэтаў недапушчальна. У гэтай частцы праваабарончая супольнасць асудзіла Міхаіла, але, паўтаруся, дзяржава таксама дзейнічала незаконна. Да таго ж, шэсць з паловаў гадоў зняволення – абсалютна неадэкватнае судовае рашэнне. Мы адзначылі, што працэс быў негалосны. Відаць, праваахоўнікі не захацелі раскрываць метады сваёй работы, якія, напэўна, не ўпісваюцца ў нормы дзеючага заканадаўства Рэспублікі Беларусь. Улічваючы ўсе гэтыя аспекты, праваабаронцы і вырашылі, што справа ў пэўнай ступені палітычная і патрабуе новага судовага разгляду. Будзем спадзявацца на справядлівы суд.

palitviazni.info

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international