Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Лістапад 2015

2015 2015-12-02T18:43:00+0300 2015-12-03T12:30:36+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/human_rights_violations.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Праваабарончы цэнтр "Вясна"

Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Лістапад 2015

Высновы:

- на працягу лістапада якіх-небудзь сістэмных зменаў, якія сведчаць пра гатоўнасць уладаў Беларусі да якаснага паляпшэння сітуацыі з правамі чалавека ў краіне, зафіксавана не было;

- на працягу месяца назіраўся працяг палітыкі “мяккіх практык”, якая пачалася ў жніўні. Цягам лістапада новых палітычна матываваных справаў не распачыналася, а серыя масавых, у тым ліку і несанкцыянаваных мерапрыемстваў, арганізаваных шэрагам апазіцыйных і грамадскіх дзеячаў у сталіцы, прайшла без ўмяшання органаў правапарадку і без арыштаў іх арганізатараў і ўдзельнікаў;

- нягледзячы на ​​некаторыя станоўчыя тэндэнцыі, улады працягваюць практыку прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафаў арганізатараў і ўдзельнікаў несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў. На працягу лістапада таксама зафіксаваны шэраг выпадкаў адвольных затрыманняў. Асаблівую занепакоенасць выклікаюць факты жорсткага і бесчалавечнага абыходжання з боку праваахоўных органаў;

- якіх-небудзь крокаў, накіраваных на аднаўленне ў поўным аб'ёме грамадзянскіх і палітычных правоў раней вызваленых палітвязняў, уладамі краіны не рабілася, а раней распачатыя палітычна матываваныя крымінальныя справы ў дачыненні да А. Міхалевіча, Я. Ульяненкава, М. Пякарскага, В. Жаромскага і В. Касінерава спынены не былі;

- на працягу лістапада зафіксаваныя факты аказання ціску на праваабаронцаў у сувязі з ажыццяўленнем імі сваіх праваабарончых функцый. У прыватнасці, праваахоўнымі органамі распачаты адміністрацыйныя працэсы ў дачыненні да назіральнікаў Праваабарончага цэнтра “Вясна” і РПГА “Беларускі Хельсінкскі камітэт” Наталлі Сацукевіч і Сяргея Каспяровіча, якія ажыццяўлялі маніторынг несанкцыянаванага сходу 24 лістапада ў г. Менску;

- 20 лістапада Гродзенскі абласны суд вынес смяротны прысуд Івану Куляшу. Дадзены прысуд стаў другім смяротны прысудам вынесеным ў гэтым годзе.

1. Палітычна матываваны пераслед

Суд Бярэзінскага раёна 2 лістапада прыняў рашэнне аб спыненні прэвентыўнага нагляду ў дачыненні да Паўла Вінаградава.

Пасля падзеяў снежня 2010 года Павел Вінаградаў быў арыштаваны, а затым асуджаны на 4 гады пазбаўлення волі. 14 верасня 2011 г. актывіст быў вызвалены згодна з указам аб памілаванні, падпісаным кіраўніком дзяржавы. Але за ім быў усталяваны прэвентыўны нагляд тэрмінам на тры з паловай гады.

12 снежня 2014 г. грамадскі актывіст, лідэр моладзевай арганізацыі Zmena Павел Вінаградаў вымушана з'ехаў з Менска, каб пазбегнуць пільнай увагі да сябе з боку праваахоўнікаў і адміністрацыйнага пераследу.

26 лістапада ў дачыненні да Паўла Канавальчыка суд адмяніў папярэджанне аб магчымасці накіравання яго ў лячэбна-працоўны прафілакторый, вынесенае 31 ліпеня 2015 г.

Так, суддзя А. Рудніцкая ўстанавіла, што на момант вынясення папярэджання заяўніку аб магчымасці накіравання ў лячэбна-працоўны прафілакторый ён не з'яўляўся хворым на хранічны алкагалізм, што пацвярджаецца копіяй медыцынскага заключэння, на працягу года не быў прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці тры і больш разоў за ўчыненне адміністрацыйных правапарушэнняў у стане алкагольнага ап'янення. У сувязі з гэтым суд палічыў, што падставаў для вынясення Паўлу Канавальчыку папярэджання аб магчымасці накіравання яго ў ЛПП не мелася.

Юрый Шульган і Павел Канавальчык былі затрыманыя 17 ліпеня каля ўваходу ў ЦВК, куды яны накіроўваліся, каб зарэгістраваць Юрыя ў якасці кандыдата на пасаду прэзідэнта. Там жа на абодвух былі складзеныя пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэнні па арт. 17.3 КаАП – “Распіццё алкагольных, слабаалкагольных напояў ці піва ў грамадскім месцы, або з'яўленне ў грамадскім месцы ў п'яным выглядзе, які абражае чалавечую годнасць і маральнасць”. Да суда актывістаў пратрымалі ў ЦІП, а потым суд Маскоўскага раёна асудзіў кожнага па арт. 17.1 (“дробнае хуліганства”) да штрафу ў 30 базавых велічынь.

31 ліпеня дадому да Паўла Канавальчыка прыйшлі супрацоўнікі міліцыі, якія даставілі яго на спецыяльную медыцынскую камісію з мэтай агляду на наяўнасць дыягназу “сіндром алкагольнай залежнасці”. Аднак камісія не пацвердзіла дадзенага дыягназу. Тым не менш, супрацоўнікі міліцыі вынеслі П. Канавальчыку пісьмовае папярэджанне аб магчымасці накіравання яго ў ЛПП.

Праваабарончы цэнтр "Вясна" расцэньвае дадзены выпадак як палітычна матываваны ціск на Паўла Канавальчыка, які прымаў актыўны ўдзел у спробе вылучэння ў якасці кандыдата ў прэзідэнты Юрыя Шульгана.

17 лістападза 2015 года кіраўнік прадстаўніцтва ЕС у Беларусі Андрэа Віктарын у інтэрв'ю інфармацыйнаму агенцтву БелаПАН заявіла, што Еўрасаюз працягне ўздымаць пытанне аб неабходнасці поўнай рэабілітацыі ў правах былых палітвязняў. Яна, у прыватнасці, нагадала аб сумеснай заяве Высокага прадстаўніка ЕС Федэрыкі Магерыні і Еўрапейскага камісара Ёханэса Хана ад 22 жніўня, у якім вітаецца вызваленне палітвязняў, але гаворыцца, што Еўрасаюз чакае ад уладаў Беларусі “зняцця ўсіх абмежаванняў на поўную рэалізацыю вызваленымі іх грамадзянскіх і палітычных правоў”.

2. Парушэнні свабоды выказвання меркаванняў, свабоды сумлення, свабоды сходаў

1 і 8 лістапада 2015 г. у Менску праходзілі традыцыйныя дэманстрацыі і мітынгі «Дзяды», арганізаваныя партыяй КХП-БНФ. Масавыя мерапрыемствы прайшлі ў адпаведнасці з дазволам Менгарвыканкама без якіх-небудзь здарэнняў і парушэнняў грамадскага парадку.

У лістападзе працягваліся судовыя працэсы па разглядзе адміністрацыйных спраў у дачыненні да ўдзельнікаў мірных сходаў, якія праходзілі ў Менску і іншых гарадах краіны цягам кастрычніка.

Так, 19 лістапада Свіслацкі раённы суд аштрафаваў грамадзкага актывіста Юрыя Глебіка на 25 базавых велічынь за ўдзел у традыцыйным Дні памяці паўстанцаў 1863 года, які прайшоў 31 кастрычніка ў Свіслачы і мястэчку Якушоўка. Разглядаў адміністрацыйную справу старшыня Свіслацкага раённага суда Аляксандр Шылін, які ў ранейшыя гады – у 2012 і 2014 гг. – ужо прысуджаў актывістаў да адміністрацыйнага арышту і штрафаў. Таксама пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэнні па арт. 23.34 КаАП (арганізацыя альбо ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве) былі складзеныя ў дачыненні да гарадзенскіх праваабаронцаў Віктара Сазонава і Уладзіміра Хільмановіча, а таксама грамадскага актывіста Эдварда Дмухоўскага.

20 лістапада суд Цэнтральнага раёна г. Менска вынес пастанову па справе аб адміністрацыйным правапарушэнні па арт. 23.34 КаАП у дачыненні да лідэра апазіцыйнай партыі АГП Анатоля Лябедзькі, які быў аштрафаваны ў памеры 50 базавых велічынь (9 000 000 рублёў) за ўдзел у несанкцыянаваным сходзе памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсій ля будынка КДБ у г. Менску 29 кастрычніка.

Таксама ў гэтым судзе разглядалася адміністрацыйная справа грамадскага дзеяча Вячаслава Сіўчыка. Яе разглядаў суддзя Міхаіл Хома. Вячаслава Сіўчыка аштрафавалі на 60 базавых велічыняў (10 800 000 рублёў): па 30 базавых за брыдкаслоўе і ўдзел у несанкцыянаванай акцыі 4 кастрычніка – мітынгу супраць расійскай ваеннай базы на плошчы Свабоды. Брыдкаслоўе суд ўбачыў у тым, што Вячаслаў Сіўчык у адрас расійскага прэзідэнта Уладзіміра Пуціна сказаў: "Хуцін Пуйло".

24 лістапада 2015 г. у цэнтры Менска прайшоў несанкцыянаваны сход, арганізаваны апазіцыйным дзеячам Мікалаем Статкевічам. Акцыя была прымеркавана да гадавіны рэферэндуму 1996 года. Сход прайшоў без ўмяшання супрацоўнікаў праваахоўных органаў і затрыманняў яго ўдзельнікаў і арганізатараў. Нягледзячы на ​​тое, што мерапрыемства не было санкцыянавана Менгарвыканкамам, яго правядзенне не суправаджалася парушэннем грамадскага парадку, не парушала якія-небудзь іншыя правы, якія ахоўваюцца законам. Нягледзячы на ​​гэта ў дачыненні як мінімум 12 чалавек былі складзеныя пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэнні па ч. 1 арт. 23.34 КаАП. Сярод іх таксама апынуліся назіральнікі ад Праваабарончага цэнтра "Вясна" і РПГА "Беларускі Хельсінкскі Камітэт" Наталля Сацукевіч і Сяргей Каспяровіч. Тым самым супрацоўнікі міліцыі прыраўнялі ажыццяўленне маніторынгу свабоды сходаў да ўдзелу ў акцыі. Таксама пратаколы па аналагічным артыкуле былі складзеныя ў дачыненні да журналістаў Дзмітрыя Галко («Новы час»), Галіны Абакунчык («Радыё Свабода»), Кацярыны Андрэевай («Народная Воля»). Пазней прэс-сакратар ГУУС Менгарвыканкама Аляксандр Ластоўскі паведаміў, што адміністрацыйныя справы ў дачыненні да журналістаў былі спыненыя. У той жа час, на думку супрацоўнікаў міліцыі, назіральнікі праваабарончых арганізацый, якія ажыццяўлялі маніторынг правядзення сходу, не мелі права прысутнічаць у месцы яго правядзення і з'яўляюцца ўдзельнікамі несанкцыянаванага сходу. У сувязі з дадзеным фактам пераследу праваабаронцы праінфармавалі шэраг спецдакладчыкаў ААН і АБСЕ.

24 лістапада чыноўнікі з Міністэрства культуры загадалі прыбраць з выставы дзве працы Аляксея Марачкіна “Дуэль, або супраціў двухгаловаму мутанту” і “Маці Божая Нябеснай сотні”, карціну Алеся Пушкіна “Памяці беларусаў, якія загінулі за Украіну”, а таксама працу мастака Віктара Маркаўца. Пазней карціну “Маці Божая Нябеснай сотні” атрымалася адстаяць.

Аднак на наступны дзень з экспазіцыі выставы па загадзе невядомых чыноўнікаў знялі яшчэ дзве карціны. Гэта праца Алеся Цыркунова, прысвечаная ўдзелу беларусаў у баях каля Монтэ-Касіна і карціна Уладзіміра Крукоўскага пад назвай “Што ж мы за людзі?”.

Дадзеныя факты з'яўляюцца нічым іншым, як праявай цэнзуры. Варта адзначыць, што ў адпаведнасці з арт. 33 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, цэнзура ў краіне недапушчальная.

3. Парушэнні свабоды асацыяцыі, пераслед праваабаронцаў

9 лістапада падатковы інспектар Таццяна Гаспадарова па выніках праверкі дэкларацыі аб даходах і маёмасці склала акт камеральнай праверкі, дзе падатковая прыйшла да высновы, што праваабаронца Леанід Судаленка хаваў заработную плату памерам у 500 рублёў, а таксама ўтойваў 387 000 рублёў ад атрыманых па акцыях дывідэндаў. Адначасова падатковая просіць Судаленку растлумачыць, як і каму ён рэалізоўваў сельскагаспадарчую прадукцыю, ад продажу якой меў грашовы даход за дэклараваны перыяд.

Патрабаванне ўспомніць, каму тры гады таму, у 2012 годзе, ён прадаў цыбулю і буракі, для Леаніда Судаленкі выглядае абсурдным. «А калі б я спытаў у інспектара, у каго ён купляў тры гады таму кавун на рынку? Што тычыцца дывідэндаў, то інспекцыя лічыць налічаную суму, у той час як я ўказаў атрыманую, г.зн. падатак 12% з дывідэндаў у мяне ўжо вылічылі. Утойванне 500 рублёў зарплаты з'яўляецца падліковай памылкай, на якую ў іншага грамадзяніна, думаю, падаткавікі не звярнулі б увагі”, — пракаментаваў праваабаронца.

Варта адзначыць, што на працягу года Леанід Судаленка неаднаразова падвяргаўся ціску з боку розных дзяржаўных органаў у сувязі з яго актыўнай праваабарончай дзейнасцю.

4. Адвольныя затрыманні

Працягваюцца выпадкі жорсткага абыходжання і адвольных затрыманняў у дачыненні да футбольных заўзятараў: на матчы паміж ФК «Слуцк» і ФК «Гомель» 21 лістапада на госцевым сектары фанаты паднялі расцяжку і запалілі петарды. У канцы матчу ўвесь госцевы сектар (каля 50 чалавек) быў у аўтазаку дастаўлены ў РАУС Слуцка. Па дарозе і ў самым аддзеле, як паведамляе belultras.by, прыезджыя заўзятары пастаянна падвяргаліся збіцьцю, пагрозам і абразам ад супрацоўнікаў АМАПа. Паставіўшы затрыманых на расцяжку па перыметры двара РАУС, супрацоўнікі міліцыі ўсіх здымалі на відэа, прымушаючы паказваць малюнкі на майках і татуіроўкі, выбарачна збівалі дубінкамі. Праз некалькі гадзінаў усе былі вызваленыя, на аднаго непаўналетняга затрыманага складзены пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні.

6 лістапада на чыгуначным вакзале г. Менска затрымалі лідэра грамадзянскай ініцыятывы “Супраць беззаконня ў судах і пракуратуры” Тамару Сяргей. Разам з юрыстам знаходзіліся яшчэ некалькі актывістак ініцыятывы. Жанчыны мелі намер прыехаць да месца інаўгурацыі Лукашэнкі, каб перадаць яму петыцыю. Прадугледжаных законам падставаў для затрымання ў супрацоўнікаў міліцыі не мелася; Тамары Сяргей падазравалі ў здзяйсненні ёю крадзяжа.

5. Жорсткае абыходжанне, катаванні

Вячаслаў Касінераў, які абвінавачваецца ў нанясенні графіці ў грамадскіх месцах, атрымаў паведамленне аб узбуджэнні крымінальнай справы па факце нанясення яму менш цяжкага цялеснага пашкоджання пры жорсткім затрыманні яго супрацоўнікамі СОБР (спецыяльны атрад хуткага рэагавання ўнутраных войскаў МУС Беларусі) 11 жніўня гэтага года. Расследаванне праводзіць ўпраўленне Следчага камітэта па г. Менску.

Працягваецца расследаванне гібелі ў выніку жорсткага абыходжання ў менскім следчым ізалятары №1 зняволенага Ігара Пцічкіна, адноўленае па скаргах яго маці Жанны Пцічкінай. Яна, як пацярпелая па справе, азнаёмілася з вынікамі праведзенай дадатковай экспертызы. Расследаванне працягваецца, і Ж. Пцічкінай па-ранейшаму забараняюць выдаваць інфармацыю следства: маці загінулага пазбаўленая магчымасці выказвацца пра даныя расследавання пад пагрозай крымінальнага пакарання.

Не завершанае расследаванне па факце збіцця і грубага абыходжання з удзельнікамі панк-канцэрта ў жніўні гэтага года. Як патлумачыў адзін з пацярпелых, прайшло тры месяцы, але да гэтага часу следчы толькі выклікаў усіх сведак, якіх ён паказаў у заяве, і апытаў іх. Высноваў па справе следства не зрабіла.

Акрамя таго, арганізатарам канцэрту не атрымоўваецца вярнуць канфіскаваную міліцыяй апаратуру і музычныя інструменты: Менскае раённае ўпраўленне ўнутраных справаў канфіскавала абсталяванне з-за парушэння парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў, аднак пазней адміністрацыйная справа па гэтым факце была спынена. Уладальніца інструментаў і апаратуры неаднаразова звярталася ў праваахоўныя органы з патрабаваннем вяртання абсталявання, але ёй адмовілі на падставе таго, што ў яе няма дакументаў, якія пацвярджаюць прыналежнасць апаратуры, паколькі апаратура набывалася на працягу некалькіх гадоў на тэрыторыі розных краін.

Зміцер Хведарук, якога затрымалі 12 кастрычніка на матчы ў Барысаве і пратрымалі амаль суткі ў Барысаўскім РАУС, паскардзіўся на ўмовы ўтрымання ў мясцовым ізалятары часовага ўтрымання. Адказ, які атрымаў актывіст з Рэспубліканскага цэнтра эпідэміялогіі Дэпартамента фінансаў і тылу МУС Беларусі, толькі пацвердзіў яго словы пра ўмовы, у якіх вымушаны знаходзіцца людзі ў чаканні суда або пад арыштам. Пры правядзенні праверкі было ўстаноўлена, што санітарна-тэхнічны стан камеры нездавальняючы: на стыку сцяны і столі каля вокнаў маюцца сляды вільгаці, санітарна-тэхнічнае абсталяванне вельмі зношанае. Рукамыйніца няспраўная. У адным з двух вокнаў адсутнічае шкло. Аконныя рамы зношаныя. Натуральнае асвятленне недастатковае. Капітальны рамонт запланаваны на 2015 год, але ў сувязі з адсутнасцю фінансавання перанесены на больш познія тэрміны.

Праваабарончы цэнтр “Вясна” звярнуўся да начальніка Дэпартамента выканання пакаранняў МУС Рэспублікі Беларусь па пытанні ўмоваў утрымання ў зняволенні былога кіраўніка “Платформы інавейшн” Андрэя Бандарэнкі ў сувязі з тым, што ў перыяд адбыцця пакарання ўзнікла небяспека для яго жыцця і здароўя, у сувязі з чым ён неаднаразова змяшчаўся ў так званае бяспечнае месца, а фактычна – у ізаляваную камеру. Гэта адбылося ў сувязі з патураннем адміністрацый калоній усталяванню сярод зняволеных нефармальных адносінаў, якія дазваляюць ствараць умовы для жорсткага, зневажальнага абыходжання з асобнымі асуджанымі. З усіх магчымых захадаў адміністрацыя вышэйзгаданых калоній здзейсніла толькі адзін, які не вырашае праблемы асуджанага і правапарадку ў калоніях ў цэлым, але абмяжоўвае ступень яго волі адносна правілаў адбыцця пакарання ў выглядзе пазбаўлення волі. Кіраўніцтва калоніі, замест абароны правоў зняволенага праваабаронцы, фармальна і без уліку асаблівых умоваў, створаных некаторай часткай зняволеных для А. Бандарэнкі, у адсутнасць належнага кантролю адміністрацыі калоніі, адрэагавала на фармальнае парушэнне ім дысцыплінарных правілаў. А. Бандарэнка атрымаў некалькі дысцыплінарных спагнанняў, стаў “злосным парушальнікам” парадку адбывання пакарання, у выніку чаго быў пазбаўлены права на амністыю. Больш за тое, адміністрацыя калоніі выказала намер зрабіць больш жорсткімі ўмовы яго ўтрымання – змясціць у турму. Праваабарончы цэнтр "Вясна" заклікаў спыніць неабгрунтаваны пераслед А. Бандарэнкі з боку адміністрацыі калоніі; правесці праверку ўмоваў утрымання асуджанага А. Бандарэнкі; абавязаць калонію стварыць бяспечныя ўмовы ўтрымання асуджанага А. Бандарэнкі, якія б не прыніжалі яго чалавечую годнасць; дазволіць сустрэчу А. Бандарэнкі з прадстаўнікамі праваабарончых арганізацый. Праваабаронцы былі вымушаныя накіраваць таксама паўторны зварот у ДВП і МУС у сувязі з тым, што першапачатковы зварот застаўся без разгляду па прычыне адсутнасці даверанасці А. Бандарэнкі, і нагадаць чыноўнікам пра змест Дэкларацыі аб праве і абавязку асобных асобаў, групаў і органаў грамадства заахвочваць і абараняць агульнапрызнаныя правы чалавека і асноўныя свабоды.

Актывіст "Еўрапейскай Беларусі" Леанід Кулакоў, які скардзіўся на ўмовы ўтрымання ў Смалявіцкім ІЧУ, дзе ён адбываў адміністрацыйны арышт, атрымаў адказ на свой зварот у пракуратуру гэтага ж раёна. Пракуратура сцвярджае, што довады аб парушэннях заканадаўства аб матэрыяльна-бытавым і медыка-санітарным забеспячэнні асобаў, якія ўтрымліваюцца ў ІЧУ Смалявіцкага РАУС, па выніках праведзенай пракуратурай Смалявіцкага раёна праверкі свайго пацверджання не знайшлі. Аднак такая выснова супярэчыць устаноўленым Упраўленнем наглядна-выканаўчай дзейнасці Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі фактам парушэнняў правілаў утрымання зняволеных у ІЧУ: у ходзе праверкі былі устаноўлены асобныя недахопы ў матэрыяльна-тэхнічным забеспячэнні ІЧУ Смалявіцкага РАУС. Пасля звароту Л. Кулакова ў ІЧУ Смалявіцкага РАУС праведзены некаторыя работы па паляпшэнні бытавых умоваў зняволеных ІЧУ, аднак МУС не прызнала парушэнняў правоў зняволеных.

У выніку звароту маці загінулага ў ІЧУ Светлагорскага РАУС А. Акуліча, суд Светлагорскага раёна Гомельскай вобласці адмяніў пастанову следчага аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы; праверка па факце гібелі працягваецца з перапынкамі ўжо больш за тры гады. Падставай прыняцця такога рашэння стала няпоўнасць праведзенай праверкі.

6. Парушэнне сацыяльна-эканамічных правоў. Прымусовая праца

У Круглянскім раёне 27 кастрычніка прайшоў чарговы "Дзень бязвыплатнай працы на працоўных месцах". Згодна з рашэннем Круглянскага райвыканкама, усе работнікі раёна абавязаны пералічыць заробленыя ў гэты дзень грошы на спецыяльны рахунак раённага выканаўчага камітэта.

Раённая газета "Сельскае жыццё" паведаміла, што райвыканкам прыняў рашэнне правесці ў Круглянскім раёне Дзень бязвыплатнай працы “па прапанове шэрагу мясцовых працоўных калектываў у мэтах прыцягнення грашовых сродкаў для выканання работ па добраўпарадкаванні, бягучым рамонце аўтапаркоўкі, рамонту будынка дзіцячай кансультацыі райбальніцы, набыцця мэблі для дзіцячай кансультацыі УА “Круглянская раённая бальніца”.

Арганізацыям раёна рэкамендавана да 20 лістапада пералічыць грашовыя сродкі, заробленыя ў Дзень бязвыплатнай працы, у добраахвотным парадку на пазабюджэтны рахунак раённага выканаўчага камітэта.

Гэтай восенню ў Круглым праходзілі абласныя "Дажынкі", а да гэтага суботнікі ў раёне праводзіліся ледзь ці не кожны месяц. Таксама 25 лютага ў Круглянскім раёне быў праведзены "Дзень бязвыплатнай працы на працоўных месцах" згодна з рашэннем Круглянскага райвыканкама ў мэтах прыцягнення грашовых сродкаў для выканання работ па добраўпарадкаванні г.п. Круглае і ў сувязі з правядзеннем абласнога фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі "Дажынкі-2015" – "па прапанове працоўных калектываў".

7. Смяротнае пакаранне

Каардынатар кампаніі "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі" Андрэй Палуда атрымаў адказ з Міністэрства замежных справаў на свой зварот, у якім інфармаваў МЗС аб рэгістрацыі індывідуальнага звароту асуджанага да смяротнага пакарання жыхара Рэчыцы Сяргея Іванова ў Камітэце па правах чалавека ААН. Праваабаронца нагадаў, што "ў адпаведнасці з пунктам 92 правілаў працэдур Камітэта, дзяржава не павінна прыводзіць у выкананне смяротны прысуд да разгляду гэтага звароту Камітэтам па сутнасці". МЗС у сваім адказе паведамляе, што праінфармаваў Вярхоўны Суд, Генеральную Пракуратуру і Міністэрства ўнутраных справаў Рэспублікі Беларусь аб рэгістрацыі звароту С. Іванова ў КПЧ.

Напярэдадні А. Палуда атрымаў адказы з Генеральнай пракуратуры і Міністэрства ўнутраных справаў. Яны пакінулі звароты без разгляду па сутнасці, спаслаўшыся на тое, што праваабаронца не прадставіў даверанасць на права прадстаўлення Сяргея Іванова ў дзяржаўных органах: даверанасць была складзена, падпісаная С. Івановым, але не была перададзена Дэпартаментам выканання пакаранняў МУС праваабаронцу. Таксама А. Палуда выказаў надзею на тое, што пасля таго як МЗС праінфармаваў кампетэнтныя органы, міжнародныя правілы ў дачыненні да Сяргея Іванова будуць выкананы, а менавіта тое, што смяротны прысуд не будзе прыведзены ў выкананне, пакуль адбываецца разгляд справы ў КПЧ ААН.

20 лістапад 2015 г. Гродзенскі абласны суд пад старшынствам суддзі Анатоля Зайца вынес смяротны прысуд Івану Куляшу. Ён абвінавачваўся ў трох забойствах з ужываннем сякеры, крадзяжы і рабаванні. Дзяржаўнае абвінавачанне запатрабавала выключнай меры пакарання – расстрэлу. Судовы працэс па гэтай справе пачаўся 14 верасня. 28-гадовы Іван Кулеш – выхаванец дзіцячага дома, жыў без сям'і, скончыў ўсяго 9 класаў школы. У 18 гадоў быў асуджаны першы раз за крадзеж. У 2014 годзе яго абвінавачвалі ў ілжывым даносе і крадзяжы. Абаронца прасіў суд прызначыць абвінавачанаму пакаранне ў выглядзе 25 гадоў пазбаўлення волі, улічваючы, што Кулеш падпісаў яўку з павіннай і супрацоўнічаў са следствам.

Савет Еўропы заявіў аб глыбокім шкадаванні ў сувязі з вынесеным прысудам і заклікаў беларускія ўлады ўвесці мараторый на смяротнае пакаранне без усякага прамаруджання. Знешнепалітычная служба ЕС апублікавала заяву прэс-сакратара па смяротным пакаранні ў Беларусі, у якім выказала занепакоенасць з нагоды вынясенне чарговага смяротнага прысуду ў Беларусі і нагадала уладам пра нялюдскасць гэтай меры пакарання. Amnesty International абвясціла тэрміновую акцыю супраць смяротнага прысуду Івану Куляшу: міжнародная праваабарончая арганізацыя распаўсюдзіла паведамленне, у якім заклікае дамагацца адмены смяротнага прысуду Івану Куляшу.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international