viasna on patreon

Праваабаронцы і іх правы: нацыянальнае заканадаўства і міжнародныя дакументы

2015 2015-11-30T15:48:59+0300 2015-11-30T15:50:20+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/un_hrc_resolution_of_21.03.2013-be.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Дэкларацыя аб праве і абавязку асобных асоб, груп і органаў грамадства заахвочваць і абараняць агульнапрызнаныя правы чалавека і асноўныя свабоды, прынятая рэзалюцыяй 53/144 Генеральнай Асамблеі ад 9 снежня 1998 года ў артыкуле 6 так вызначае правы праваабаронцаў у галіне пошуку і распаўсюджвання інфармацыі аб правах чалавека і асноўных свабодах:

«Кожны чалавек, індывідуальна і сумесна з іншымі, мае права:

a) ведаць, шукаць, здабываць, атрымліваць і мець у сваім распараджэнні інфармацыю аб усіх правах чалавека і асноўных свабодах, уключаючы доступ да інфармацыі аб тым, якім чынам забяспечваюцца гэтыя правы і свабоды ва ўнутраным заканадаўстве, у судовай або адміністрацыйнай сістэмах;

b) як прадугледжваецца ў міжнародных дамовах аб правах чалавека і іншых прыдатных міжнародных дагаворах, свабодна публікаваць, перадаваць або распаўсюджваць сярод іншых меркаванні, інфармацыю і веды аб усіх правах чалавека і асноўных свабодах;

c) вывучаць, абмяркоўваць, складаць і мець меркаванні адносна захавання ўсіх правоў чалавека і асноўных свабодаў як у заканадаўстве, так і на практыцы, і прыцягваць увагу грамадскасці да гэтых пытанняў, выкарыстоўваючы гэтыя і іншыя адпаведныя сродкі».

Беларускае заканадаўства не ў поўнай меры імплементавала дадзеную норму: па законе «Аб інфармацыі, інфарматызацыі і абароне інфармацыі» дзяржаўныя органы, грамадскія аб'яднанні, службовыя асобы абавязаныя прадастаўляць грамадзянам Рэспублікі Беларусь магчымасць азнаямлення з інфармацыяй, якая закранае іх правы і законныя інтарэсы; гэтая норма абмяжоўвае магчымасць атрымання інфармацыі ў праваабарончых мэтах пра іншых грамадзян. Норма аб тым, што грамадзянам Рэспублікі Беларусь гарантуецца права на атрыманне, захоўванне i распаўсюджванне поўнай, дакладнай i своечасовай iнфармацыi аб дзейнасцi дзяржаўных органаў, грамадскіх аб'яднанняў, аб палітычным, эканамічным, культурным i мiжнародным жыццi, стане навакольнага асяроддзя з'яўляецца асабліва дэкларатыўнай, паколькі парадак прадстаўлення такой інфармацыі фактычна абмежаваны гэтым жа законам і актамі заканадаўства Рэспублікі Беларусь. У адпаведнасці з законам, нават агульнадаступная інфармацыя можа не прадастаўляцца на падставе звароту, напрыклад, у выпадку, калі для атрымання запытваемай інфармацыі патрабуецца правядзенне аналітычнай работы, непасрэдна не звязанай з абаронай правоў і законных інтарэсаў  асобы, якая звярнулася; запытваецца інфармацыя, якая змяшчаецца ў дакладных запісках, даручэннях службовых асоб і іншай ўнутранай перапісцы дзяржаўнага органа, калі такая інфармацыя непасрэдна не звязана з абаронай правоў і законных інтарэсаў асобы, якая звярнулася за атрыманнем агульнадаступнай інфармацыі; гэты пералік не з'яўляецца закрытым. Са студзеня 2014 года ў законе з'явілася яшчэ і вызначэнне «службовай інфармацыі абмежаванага распаўсюджвання", выкарыстоўваючы якое дзяржаўныя органы імкнуцца засцерагчы сябе ад абавязку па выдачы інфармацыі, якая не адносіцца да дзяржаўных сакрэтаў або змяшчае таямніцы.

Такі падыход дазваляе істотна і неабгрунтавана абмяжоўваць выдачу інфармацыі ў грамадскіх інтарэсах.

У адпаведнасці з артыкулам 8 Дэкларацыі, кожны чалавек мае права, індывідуальна і сумесна з іншымі, мець рэальны доступ на недыскрымінацыйнай аснове да ўдзелу ў кіраванні сваёй краінай і вядзенне дзяржаўных спраў. Гэта ўключае, у прыватнасці, права, індывідуальна і сумесна з іншымі, прадстаўляць ва ўрадавыя органы і ўстановы, а таксама ў арганізацыі, якія займаюцца вядзеннем дзяржаўных спраў, крытычныя заўвагі і прапановы адносна паляпшэння іх дзейнасці і прыцягваць увагу да любога аспекту іх працы, які можа абцяжарваць або стрымліваць заахвочванне, абарону і ажыццяўленне правоў чалавека і асноўных свабодаў. Аднак на практыцы такія звароты ў грамадскіх інтарэсах, як правіла, застаюцца без належнага разгляду, паколькі трактуецца як зварот без належна аформленых паўнамоцтваў (даверанасці).

Артыкул 9 Дэкларацыі вызначае правы праваабаронцаў у галіне абароны парушаных правоў: пры ажыццяўленні правоў чалавека і асноўных свабод, уключаючы заахвочванне і абарону правоў чалавека, згаданых у гэтай Дэкларацыі, кожны чалавек, індывідуальна і сумесна з іншымі, мае права на карыстанне эфектыўнымі сродкамі прававой абароны і на абарону ў выпадку парушэння гэтых правоў. З гэтай мэтай кожны чалавек, чые правы або свабоды меркавана парушаныя, мае права асабіста або пры дапамозе законна ўпаўнаважанага прадстаўніка накіраваць скаргу ў незалежны, непрадузяты і кампетэнтны судовы або iншы орган, створаны на падставе закона, разлічваць на яе неадкладны разгляд гэтым органам падчас публічнага разбору і атрымаць ад такога органа, у адпаведнасці з законам, рашэнне, якое прадугледжвае меры па выпраўленні становішча, уключаючы любую належную кампенсацыю, у выпадку парушэння правоў або свабод гэтай асобы, а таксама права на прымусовае выкананне гэтага рашэння або пастановы без неапраўданай затрымкі.

Дэкларацыя прадугледжвае і дзеянні ў абарону парушаных правоў іншых асоб: пры ажыццяўленні правоў чалавека і асноўных свабод кожны чалавек, індывідуальна і сумесна з іншымі, мае, у прыватнасці, права:

a) у сувязі з парушэннямі правоў чалавека і асноўных свабодаў у выніку палітыкі і дзеянняў асобных службовых асоб і дзяржаўных органаў падаваць скаргі ці іншыя адпаведныя звароты ў кампетэнтныя нацыянальныя судовыя, адміністрацыйныя або заканадаўчыя органы або ў любы іншы кампетэнтны орган, прадугледжаны прававой сістэмай дзяржавы, якія павінны вынесці сваё рашэнне па дадзенай скарзе без неапраўданай затрымкі;

b) прысутнічаць на адкрытых слуханнях, разглядах і судовых працэсах з мэтай сфармаваць сваё меркаванне аб іх адпаведнасці нацыянальнаму заканадаўству і дастасавальным міжнародным абавязацельствам і прынцыпам;

c) прапаноўваць і прадастаўляць прафесійную кваліфікаваную прававую дапамогу ці іншыя адпаведныя кансультацыі і дапамогу ў справе абароны правоў чалавека і асноўных свабодаў.

Апошні пункт ніяк не замахваецца на ўстанаўленне абмежаванняў па аказанні юрыдычнай дапамогі без адпаведнай ліцэнзіі: праваабарончая дзейнасць ажыццяўляецца ў куды больш вузкіх рамках і па абмежаванаму колу пытанняў, чым адвакацкая. Прадметам ўдзелу праваабаронцы ў працэсе абскарджання з'яўляецца парушэнне асноўных правоў і свабод, а не любыя справы і спрэчкі, якія вынікаюць з розных грамадзянскіх, крымінальных або адміністрацыйных праваадносін. У адрозненне ад адваката, праваабаронца ажыццяўляе сваю дзейнасць без ўзнагароджання, якое з'яўляецца умовай прадастаўлення прававой дапамогі.

Між тым, крымінальна-працэсуальнае, грамадзянска-працэсуальнае і адміністрацыйна-працэсуальнае заканадаўства ўтрымлівае насуперак названай норме, а таксама палажэнню артыкула 62 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь абмежаванне, ня дапускаючае ўдзел праваабаронцаў у асабістай якасці ці як прадстаўнікоў праваабарончых арганізацый у справах, звязаных з парушэннем асноўных правоў і свабодаў.

Гэта ўяўляецца асабліва важным у святле адсутнасці ў Беларусі незалежнага ад органаў выканаўчай улады інстытута адвакатуры, адсутнасці гарантый незалежнасці практыкуючых на падставе выдадзеных тэрміновых ліцэнзій адвакатаў. Выпадкі пазбаўлення права на працу адвакатаў, якія мелі месца на працягу апошніх 20 гадоў, за ажыццяўленне прафесійнай дзейнасці паралізавалі волю адвакатаў да прынцыповай барацьбе з парушэннямі асноўных правоў і свабодаў.

Пры гэтым працэсуальнае заканадаўства дазваляе ўдзел непрафесійных прадстаўнікоў у шэрагу катэгорый спраў: прадстаўнікоў прафсаюзаў і грамадскіх аб'яднанняў - па справах сваіх членаў, таварыстваў абароны правоў спажыўцоў - па справах аб абароне правоў спажыўцоў, блізкіх сваякоў і мужа і жонкі - па ўсіх катэгорыях спраў у судах (у крымінальным і адміністрацыйным працэсе - па меркаванні органа, які вядзе працэс). Такім чынам, сама па сабе адсутнасць фармальнага прызнання дзяржавай кампетэнцыі праваабаронцы ў якасці юрыста не ўяўляецца адназначна неабходнай для ўдзелу ў абароне правоў і свабодаў.

Заканадаўства аб грамадскіх аб'яднаннях таксама змяшчае абмежаванні на абарону грамадскіх інтарэсаў у рамках статутнай дзейнасці.

Камітэт па правах чалавека ААН у 2006 годзе разгледзеў справу «Звозскаў і інш. супраць Беларусі» па індывідуальным звароце Барыса Звозскава і іншых 23-х асоб на адмову ў рэгістрацыі праваабарончага грамадскага аб'яднання «Хельсінкі-ХХІ» і прыйшоў да высновы, што адмова ў рэгістрацыі супярэчыць патрабаванням Міжнароднага Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах і парушае правы аўтараў на свабоду асацыяцыі. Камітэт адзначыў, што ў адпаведнасці з артыкулам 22 (2) Пакта любое абмежаванне права на свабоду аб'яднання павінна ў сукупнасці адказваць наступным умовам: (а) павінна быць прадугледжана законам; (б) можа быць ўжыта для мэт, названых у 2 пункце; і (с) павінна быць «неабходным у дэмакратычным грамадстве» для дасягнення адной з гэтых мэтаў. Спасылка на «дэмакратычнае грамадства» у кантэксце артыкула 22 азначае, на думку Камітэта, што існаванне і дзейнасць аб'яднанняў, уключаючы тыя, якія мірным спосабам распаўсюджваюць ідэі, не падтрымоўваныя дзяржавай або большасцю насельніцтва, з'яўляецца ключавым момантам любога дэмакратычнага грамадства. Камітэт таксама адзначыў, што аўтар паведамленні і Дзяржава-удзельнік (Беларусь) разыходзяцца ў меркаванні аб тым, ці забараняюць законы рэспублікі абарону правоў і свабод грамадзян, якія не ўваходзяць у склад канкрэтнай арганізацыі. Па-другое, Камітэт адзначае, што нават калі такія абмежаванні прадугледжаныя законам, Дзяржава-удзельнік не вылучыла ніякіх аргументаў, чаму для выканання ўмоў артыкула 22 (2) пры рэгістрацыі аб'яднання неабходна было абмежаваць сферу яго дзейнасці прадстаўленнем і абаронай правоў толькі членаў аб'яднання. Прымаючы пад увагу наступствы адмовы ў рэгістрацыі - незаконнасць дзейнасці незарэгістраванай арганізацыі на тэрыторыі Дзяржавы-ўдзельніка, Камітэт прыходзіць да высновы, што адмова ў рэгістрацыі не адказвае патрабаванням артыкула 22 (2). Правы аўтараў згодна з артыкулам 22 (2), такім чынам, былі парушаныя.

У адпаведнасці з артыкулам 2, пункт 3 (а) Міжнароднага пакта, Камітэт прыйшоў да высновы, што дзяржава-удзельнік абавязана даць аўтарам адпаведнае пакрыццё, уключаючы кампенсацыю і перагляд заявы аўтараў на рэгістрацыю іх аб'яднання ў святле артыкула 22. Дзяржава-удзельнік абавязана прыняць меры, каб прадухіліць падобныя парушэнні ў будучыні.

Прымаючы пад увагу, што, стаўшы ўдзельнікам Факультатыўнага пратаколу, дзяржава-удзельнік прызнае права Камітэта вырашаць, было парушэнне Пакта ці не; а таксама, што згодна з артыкулам 2 Міжнароднага пакта, дзяржава-удзельнік абавязуецца гарантаваць усім асобам на яго тэрыторыі або суб'ектам ў яго юрысдыкцыі правы, прызнаныя Міжнародным Пактам, ці даць адпаведнае пакрыццё ў выпадку выяўленага парушэння, Камітэт выказаў надзею атрымаць ад дзяржавы-ўдзельніка інфармацыю аб мерах, прынятых для забеспячэння рашэння Камітэта на працягу 90 дзён.

Такім чынам, заканадаўства Беларусі сур'ёзна пакутуе няпоўнай адпаведнасцю прынятым на сябе дзяржавай абавязацельствах у частцы забеспячэння правоў і свабод. Гэтыя недахопы дзіўным чынам выяўляюцца, як правіла, у абласцях, найбольш адчувальных з пункту гледжання захавання правоў чалавека.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства