Праблема смяротнага пакарання ў Беларусі застаецца прыярытэтам для краін ЕС

2015 2015-11-30T12:17:35+0300 2015-11-30T12:37:29+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/devid-spaerz.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Намеснік кіраўніка дыпламатычнай місіі Вялікабрытаніі Дэвід Спаерз

Намеснік кіраўніка дыпламатычнай місіі Вялікабрытаніі Дэвід Спаерз

Аднаўленне дыялогу паміж ЕС і Беларуссю паспрыяе больш шырокаму абмеркаванню праблемы смяротнага пакарання.

Такое спадзяванне выказаў у інтэрв’ю сайту ПЦ “Вясна” намеснік кіраўніка дыпламатычнай місіі Вялікабрытаніі Дэвід Спаерз.

Ён з’яўляецца каардынатарам працоўнай групы па пытанні смяротнага пакарання ў Беларусі, створанай у 2014 годзе з прадстаўнікоў еўрапейскіх амбасадаў у Мінску.

Спадар Дэвід, у сваім выступе на мерапрыемстве ў межах сёлетнега тыдня супраць смяротнага пакарання Вы адзначылі, што зараз у працоўную групу ўваходзяць 14 чальцоў. Ці маглі б Вы падрабязней распавесці, хто за апошні год далучыўся да групы? Якія мэты і задачы вы ставіце ў сваёй дзейнасці?

Ад пачатку, у групе былі чатыры чальцы: прадстаўнікі амбасадаў Балгарыі, Чэхіі, Францыі і Вялікабрытаніі. У гэтую групу ўваходзілі чатыры чалавекі, якія шчыра цікавіліся тэмай смяротнага пакарання. Пасля ўтварэння гэтай базавай групы, мы вырашылі пашырыць яе склад, уключыўшы ў дыялог прадстаўнікоў больш шырокай грамадскасці: прадстаўнікоў царквы, Праграмы развіцця ААН, Рады Еўропы і іншых краінаў ЕС, які хацелі да нас далучыцца.

Асноўнай мэтай з’яўляецца каардынацыя дзейнасці групы, аб’яднанне рэсурсаў і праца з тэмай смяротнага пакарання ў шырэйшым складзе, які выходзіць за межы ЕС. Мы таксама хочам больш даведацца пра сітуацыю ў Беларусі, зразумець, што патрэбнае дзеля вырашэння гэтай праблемы з пункту гледжання грамадзянскай супольнасці і патрабаванняў закона.

З кім з беларускага боку вы вядзеце супрацу?

Мы супрацоўнічаем з шырокім спектрам беларускіх арганізацый. Перадусім, гэта Праваабарончы цэнтр “Вясна”, Беларускі Хельсінкскі камітэт. Таксама актыўна камунікуем з Міністэрствам замежных справаў, з беларускімі ўладамі і ўсімі іншымі арганізацыямі, якія цікавяцца тэмай смяротнага пакарання. Мы адкрытыя да дыялогу з людзьмі, якія ў ім зацікаўленыя.

Якія крокі ў вырашэнні праблемы смяротнага пакарання робіць група?

Я хацеў бы патлумачыць сваю пазіцыю: група не мусіць вырашаць гэтую праблему. У беларускім заканадаўстве існуюць механізмы, якія дазваляюць увесці мараторый на смяротнае пакаранне. Мы памятаем, што, паводле рашэння Канстытуцыйнага суда ад 2004 года, вырашэнне гэтага пытання знаходзіцца ў руках прэзідэнта і парламента. Менавіта яны адказваюць за вырашэння гэтай праблемы. Задача групы – абмен досведам і прадастаўленне падтрымкі ўсім, хто звязаны з гэтай тэмай. І дзеля гэтага мы імкнемся працаваць з усімі бакамі.

З пункту гледжання вашай працоўнай групы, якія важныя крокі яшчэ можа зрабіць грамадзянская супольнасць Беларусі дзеля адмены смяротнага пакарання?

Я лічу, што грамадзянская супольнасць Беларусі ўжо зрабіла шэраг вельмі важных крокаў дзеля разумення прычынаў прымянення смяротнага пакарання. Была вывучаная гісторыя пытання, даследавана разуменне тэмы ў грамадстве. На маю думку, вельмі істотна, нават жыццёва неабходна, каб гэтае пытанне не ўспрымалася на эмацыйным узроўні. Я думаю, гэта мусіць быць адным з базавых прынцыпаў, на якім грамадзянская супольнасць будзе будаваць абмеркаванне гэтай тэмы. На думку нашай групы, увядзенне мараторыя мусіць грунтавацца на меркаваннях гуманнасці. І шмат у якіх выпадках уладам даводзіцца прымаць рашэнне аб увядзенні мараторыя або адмене смяротнага пакарання, сыходзячы з меркаванняў гуманнасці, нават калі само грамадства з гэтым нязгоднае.

Калі звярнуцца да гісторыі гэтай праблемы ў Вялікабрытаніі, то ў нас апошняе смяротнае пакаранне адбылося 50 гадоў таму. На заканадаўчым узроўні яно было адмененае ў 1967 годзе. З таго часу, мы назіраем зніжэнне ўзроўню забойстваў і гвалтоўных злачынстваў. У той час грамадства не падтрымлівала адмену смяротнага пакарання. І гэта пацвярджае наша перакананне, што смяротнае пакаранне не ўплывае на прадухіленне злачынстваў.

Праца за адмену смяротнай кары ў Беларусі – гэта Ваш першы падобны досвед?

Я раней працаваў з пытаннямі правоў чалавека ў некалькіх краінах і ў сябе на радзіме. Але гэта мой першы досвед працы менавіта з праблемай смяротнага пакарання. На працягу доўгага часу супрацоўніцтва з уладамі розных краінаў дзеля адмены смяротнага пакарання або ўвядзення мараторыя з’яўляецца адной з найважнейшых задачаў як для уладаў Вялікабрытаніі, так і для краінаў ЕС. Мы працавалі ў гэтай галіне ў шмат якіх краінах і маем вялізны досвед разумення аргументаў як за, так і супраць смяротнага пакарання. Але мы абсалютна перакананыя, што смяротнаму пакаранню няма месца ў ХХІ стагоддзі. Яно мае незваротны характар і з’яўляецца неэфектыўным як сродак барацьбы са злачыннасцю.

Зараз мы назіраем тэндэнцыю да паляпшэння стасункаў паміж Еўразвязам і Беларуссю. На вашую думку, ці можа гэта паспрыяць увядзенню мараторыя на смяротнае пакаранне?

Я лічу, што гэта пытанне датычыць не толькі стасункаў паміж ЕС і Беларуссю. Склад нашай групы якраз і сведчыць пра гэта. Праблема выходзіць за межы гэтых стасункаў у геаграфічным, палітычным і сацыяльным плане. Ужо больш за 100 краінаў свету або ўвялі мараторый, або адмянілі смяротнае пакаранне. Таму гэта праблема датычыць не толькі ЕС. Я спадзяюся, што аднаўленне дыялогу паміж ЕС і Беларуссю стане асновай для больш шырокага абмеркавання гэтай тэмы. Праблема смяротнага пакарання была закранутая ў час апошняга раўнда дыялогу па правах чалавека ў ліпені гэтага года. Мы спадзяемся, што ў будучыні будзе наладжана больш шырокае грамадскае абмеркаванне гэтай праблемы.

З пункту гледжання закона, увядзенне мараторыя або адмена смяротнага пакарання знаходзіцца ў кампетэнцыі прэзідэнта і парламента. Акрамя таго, пашырэнне сувязей Беларусі з міжнароднай супольнасцю можа палепшыць перспектывы для абмеркавання гэтай тэмы. Напрыклад, прадстаўнікі Балгарыі, якая ў дадзены момант старшынюе ў Радзе Еўропы, заявілі, што Рада Еўропы імкнецца да асацыяцыі з Беларуссю пры ўмове гатоўнасці краіны адпавядаць асноўным прынцыпам і каштоўнасцям гэтай арганізацыі, у прыватнасці што датычыць адмены смяротнага пакарання.

Якія перспектывы вам бачацца ў вырашэнні праблемы смяротнай кары ў Беларусі?

Вельмі важна, каб тэма смяротнага пакарання больш шырока і адкрыта абмяркоўвалася ў самой Беларусі. Гэта можа паспрыяць аздараўленню адкрытага грамадства. І мы, як група, прыкладзем усе намаганні, каб пераканаць улады ўвесці мараторый, які дазволіць краіне распачаць працэс асацыяцыі з Радай Еўропы. Мы перакананыя, што гэта стане вельмі важным і станоўчым крокам.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international