Бялыніцкія ўлады зноў узяліся за школы. Мясцовыя жыхары выказваюць свой пратэст

2015 2015-11-27T16:23:03+0300 2015-11-27T16:23:03+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/shkola-vialik-mashchanica.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Аддзел адукацыі Бялыніцкага райвыканкама таемна ад бацькоў вучняў падрыхтаваў праект рашэння аб рэарганізацыі Машчаніцкай сярэдняй школы ў школу з базавым узроўнем адукацыі. Жыхары аграгарадка Вялікая Машчаніца і бацькі вучняў з такой ініцыятывай чыноўнікаў ад адукацыі не згодны і выказваюць свой пратэст, распачаўшы збор подпісаў пад зваротамі ў упраўленне адукацыі Магілёўскага аблвыканкама і старшыні Бялыніцкага райвыканкама.

“Найбольш абурыла людзей тое, што чыноўнікі ад адукацыі зноў падрыхтавалі праект рашэння аб рэарганізацыі Машчаніцкай СШ у базавую без усялякага грамадскага абмеркавання, не параіўшыся з жыхарамі аграгарадка Вялікая Машчаніца і бацькамі вучняў, - распавядае бялыніцкі журналіст Барыс Вырвіч, які сам пражывае ў Вялікай Машчаніцы. – У грамадскасці складваецца ўражанне, што Закон “Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні”, як і словы кіраўніка краіны Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што ніякіх непапулярных рашэнняў без абмеркавання з народам мы прымаць не будзем, для бялыніцкіх чыноўнікаў не маюць ніякага значэння. Бацькам вучням пра мяркуемую рэарганізацыю на ўмовах ананімнасці паведамілі настаўнікі Машчаніцкай СШ. Сеяльнікі “разумнага, добрага, вечнага” вельмі баяцца згубіць працу, таму неяк выказваць сваю нязгоду з рэарганізацыяй яны не збіраюцца. 26 лістапада я наведаў кабінет дырэктара Машчаніцкай СШ Ліліі Ганчаровай і папрасіў патлумачыць, ці сапраўды Машчаніцкая школа будзе рэарганізавана ў базавую. Паважаная Лілія Іванаўна нешта казаць пад дыктафонны запіс катэгарычна адмовілася, аднак падчас прыватнай гутаркі пацвердзіла, што адпаведнае рашэнне аддзелам адукацыі Бялыніцкага райвыканкама ўжо падрыхтавана. Не змагла дырэктар Машчаніцкай школы нешта патлумачыць і наконт таго, чаму не быў праведзены агульны сход бацькоў вучняў, на якім грамада змагла б абмеркаваць мяркуемую рэагранізацыю навучальнай установы. Мной быў зроблены адпаведны запіс у Кнігу заўваг і прапаноў Машчаніцкай СШ, дзе я прапанаваў адміністрацыі школы ўсё ж правесці сход бацькоў вучняў і вынесці на грамадскае абмеркаванне пытанне рэарганізацыі навучальнай установы”.

Па словах журналіста, у той жа дзень 26 лістапада ён наведаў выканкам Машчаніцкага сельскага Савета, дзе таксама паспрабаваў даведацца нейкую інфармацыю аб плануемай рэарганізацыі Машчаніцкай СШ. Высветлілася, што сельскія чыноўнікі пра ініцыятыву раённых чыноўнікаў чулі, але яны таксама чамусьці не выказалі жадання патлумачыць, чаму адпаведная інфармацыя не даведзена да жыхароў аграгарадка Вялікая Машчаніца. Барыс Вырвіч зарэгістраваў у сельвыканкаме зварот на імя яго старшыні Іны Напрэенка з прапановай у адпаведнасці з Законам “Аб мясцовым кіраванні і смакіраванні ў Рэспубліцы Беларусь” і Законам Рэспублікі Беларусь “Аб рэспубліканскіх і мясцовых сходах” ініцыяваць правядзенне агульнага сходу жыхароў аграгарадка Вялікая Машчаніца, на якім мясцовая грамадскасць змагла б разгледзець пытанне аб далейшым лёсе Машчаніцкай сярэдняй школы.

27 лістапада бацькі вучняў Машчаніцкай сярэдняй школы пачалі збор подпісаў жыхароў аграгарадка пад калектыўнымі зваротамі ва ўпраўленне адукацыі Магілёўскага аблвыканкама і Бялыніцкі райвыканкам з просьбай захаваць за Машчаніцкай школай статус сярэдняй навучальнай установы. Па словах адной з ініцыятараў збору подпісаў Таццяны Кандраценка, людзі падпісваюцца вельмі ахвотна, бо выдатна разумеюць тое, што калі прыйдзе ў заняпад школа, то ў хуткім часе сумныя перспектывы чакаюць і аграгарадок Вялікая Машчаніца. Між тым, у Машчаніцы пражываюць дзясяткі сям’яў з малымі дзецьмі, шмат з якіх пераехалі ў гэты населены пункт з іншых месцаў. У пачатковых класах школы і дзіцячым садку шмат дзяцей, і яны хацелі б працягнуць сваё далейшае навучанне ў Машчаніцкай сярэдняй школе.

Бацькоў вучняў таксама здзіўляе тое, чаму бялыніцкія чыноўнікі імкнуцца рэарганізаваць у базавую менавіта Машчаніцкую СШ, у рэканструкцыю якой за апошнія гады ўкладзена процьма бюджэтных грошай. Школа знаходзіцца у выдатным стане, між тым, у Бялыніцкім раёне хапае навучальных устаноў, дзе вучні навучаюцца ў значна горшых умовах, і іх агульная колькасць меншая.

Большасць бацькоў навучэнцаў працуюць у мясцовым ААТ “Новая Друць”. У свой час гаспадарка належала Нацыянальнаму банку Рэспублікі Беларусь, у яе развіццё было ўкладзена мільярды рублёў бюджэтных грошай. На жаль, вынікі гэтых укладанняў сумныя, зараз ААТ “Новая Друць” нават не можа своечасова выплаціць заробак сваім працаўнікам, да таго ж зарабатная плата ў працаўнікоў значна знізілася. Заробленыя грошы за верасень працаўнікі гаспадаркі змаглі атрымаць толькі 5 лістапада, заробак за кастрычнік, па стане на 27 лістапада, пакуль наогул не выплочваўся, хоць, згодна калектыўнай дамовы, ён павінен выплочвацца да 25-га чысла наступнага месяца.

Напачатку 2014 года аддзел адукацыі Бялыніцкага райвыканкама ўжо спрабаваў ініцыяваць прыняццё рашэння аб рэарганізацыі Машчаніцкай СШ у базавую. Аднак бацькі вучняў выказалі свой пратэст і здолелі адстаяць школу. Тады планавалася, што пасля 9 класаў навучання ў школе з беларускай мовай навучання вучні для далейшага атрымання адукацыі павінны пайсці ў адну з рускамоўных школ г. п. Бялынічы.

“Што мяне здзіўляе больш за ўсё, дык гэта тое, як нашы чыноўнікі, “слугі народа”, любымі метадамі імкнуцца схаваць свае рашэнні і ініцыятывы ад гэтага самога народа, - кажа Барыс Вырвіч. – Між тым гэта з’яўляецца прамым ігнараваннем беларускага заканадаўства. Ну хто перашкаджае ім сабраць людзей, патлумачыць, што, дзякуючы іх мудраму кіраванню, на вясковыя школы ў бюджэце няма грошай, як і на далейшую падтрымку сельскагаспадарчых прадпрыемстваў. Магчыма, чыноўнікі проста баяцца даць адказ на нескладанае пытанне, якое могуць задаць грамадзяне: хто адкажа за нерацыянальнае выкарыстанне мільярдаў бюджэтных грошай, укладзеных у рэканструцыю Машчаніцкай СШ і развіццё ААТ “Новая Друць”.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international