viasna on patreon

Закрытыя медустановы: лячэнне або гвалт?

2015 2015-11-24T15:24:22+0300 2015-11-26T11:45:23+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/zakrytaja_balnica.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Фота: dumskaya.net

Фота: dumskaya.net

У Беларусі суды ў год разглядаюць каля 700 спраў пра прымусовую шпіталізацыю і лячэнне грамадзянаў, 90% заяваў па якіх задавальняюць. Між тым, пацыенты закрытых устаноў звяртаюцца да праваабаронцаў са скаргамі на жорсткае абыходжанне.

Эксперт па праблемах месцаў прымусовага ўтрымання грамадзянаў, юрыст Павел Сапелка, прадставіўшы дэталёвы аналіз заканадаўства і практыкі адносна закрытых лячэбных устаноў, заключае, што прававое рэгуляванне ў гэтай сферы з'яўляецца недастатковым.

ЗАКРЫТЫЯ ЎСТАНОВЫ АХОВЫ ЗДАРОЎЯ 

У адпаведнасці з арт.46 Закона Рэспублікі Беларусь ад 18 чэрвеня 1993 г. "Аб ахове здароўя" (у рэдакцыі Закона ад 11 студзеня 2002 г.) асобы, якія маюць захворванні, што ўяўляюць небяспеку для здароўя насельніцтва, у выпадку ўхілення ад лячэння могуць быць падвергнутыя прымусовай шпіталізацыі і лячэнню ў дзяржаўных арганізацыях аховы здароўя па рашэнні суда ў парадку і на ўмовах, прадугледжаных заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

Па дадзеных Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь, судамі рэспублікі штогод разглядаецца каля 700 спраў аб прымусовай шпіталізацыі і лячэнні грамадзянаў, 90% заяў па якіх задавальняецца.

Згодна з Пералікам захворванняў, якiя ўяўляюць небяспеку для здароўя насельніцтва, зацверджаным пастановай Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь ад 13 чэрвеня 2002 г. № 31 (далей - Пералiк захворванняў ад 13 чэрвеня 2002 г.), да такіх захворванняў аднесены: актыўныя сухоты органаў дыхання з бактэрыявыдзяленнем (далей - сухоты), а таксама венерычныя захворванні (пранцы, ганарэя).

Законам Рэспублікі Беларусь ад 07.01.2012 N 345-З "Аб папярэджанні распаўсюджвання захворванняў, якія ўяўляюць небяспеку для здароўя насельніцтва, віруса імунадэфіцыту чалавека" вызначаны некаторыя правілы і вызначэнні адносна прымусовага абследавання і лячэння. Прымусовы медыцынскі агляд асобы, у дачыненні да якой ёсць дастатковыя падставы меркаваць пра наяўнасць у яго сацыяльна небяспечнага захворвання, ВІЧ, праводзіцца дзяржаўнымі арганізацыямі аховы здароўя на падставе вынесенага ўрачэбна-кансультацыйнай камісіяй дзяржаўнай арганізацыі аховы здароўя заключэння аб неабходнасці прымусовага медыцынскага агляду і з санкцыі пракурора. Заключэнне аб неабходнасці прымусовага медыцынскага агляду выносіцца пры наяўнасці ў сукупнасці наступных умоў: у адносiнах да асобы ёсць дастатковыя падставы меркаваць пра наяўнасць у яго сацыяльна небяспечнага захворвання альбо дастатковыя падставы меркаваць пра наяўнасць у яго ВІЧ; асоба ўхіляецца ад абавязковага медыцынскага агляду.

Абавязковы медыцынскі агляд

Дастатковымі падставамі меркаваць пра наяўнасць ў асобы сацыяльна небяспечнага захворвання з'яўляюцца:

прамое ўказанне асобы, якая мае сацыяльна небяспечнае захворванне, на асобу як на магчымую крыніцу свайго заражэння сацыяльна небяспечным захворваннем або як на асобу, што была з ім у цесным бытавым і (або) палавым кантакце;

вынікі клініка-інструментальных і (або) лабараторных даследаванняў, якія паказваюць на наяўнасць ў асобы прыкмет сацыяльна небяспечнага захворвання.

Дастатковымі падставамі меркаваць пра наяўнасць ў асобы ВІЧ з'яўляюцца:

прамое ўказанне асобы, якая мае ВІЧ, на асобу як на магчымую крыніцу свайго заражэння ВІЧ, ці як на асобу, што была з ім у палавым кантакце, ці як на асобу, якая ўводзіла з ім наркатычныя сродкі, псіхатропныя рэчывы ўнутравенна адным шпрыцом;

вынікі клініка-інструментальных і (або) лабараторных даследаванняў, якія паказваюць на наяўнасць ў асобы прыкмет ВІЧ.

Ухіленнем ад абавязковага медыцынскага агляду з'яўляюцца:

няяўка без паважнай прычыны ў дзяржаўную арганізацыю аховы здароўя для праходжання абавязковага медыцынскага агляду асобы, якая атрымала з гэтай арганізацыі аховы здароўя пісьмовае афіцыйнае паведамленне аб выкліку, на працягу трох дзён з названай у паведамленні даты яўкі ў дзяржаўную арганізацыю аховы здароўя для праходжання абавязковага медыцынскага агляду. Адмова асобы ад атрымання паведамлення прыраўноўваецца да няяўкі без паважнай прычыны ў дзяржаўную арганізацыю аховы здароўя для праходжання абавязковага медыцынскага агляду. Пры немагчымасці выяўлення асобы па месцы жыхарства органы ўнутраных спраў прымаюць меры па ўстанаўленні месцазнаходжання такой асобы для ўручэння яму апавяшчэння;

адмова асобы ад медыцынскага агляду, клініка-інструментальных, лабараторных даследаванняў.

Уважлівымі прычынамі няяўкі асобы ў дзяржаўную арганізацыю аховы здароўя для праходжання абавязковага медыцынскага агляду з'яўляюцца: наяўнасць ў асобы захворвання, якое пазбавіла яго магчымасці з'явіцца ў дзяржаўную арганізацыю аховы здароўя для праходжання абавязковага медыцынскага агляду; наяўнасць захворвання, якое патрабуе дагляду з боку асобы, у каго-небудзь з яго блізкіх сваякоў, мужа ці жонкі; смерць гэтых асобаў; абставіны надзвычайнага характару ці іншыя незалежныя ад асобы абставіны, якія пазбавілі яго магчымасці з'явіцца ў дзяржаўную арганізацыю аховы здароўя для праходжання абавязковага медыцынскага агляду.

Заключэнне аб неабходнасці прымусовага медыцынскага агляду ў трохдзённы тэрмiн пасля яго вынясення накіроўваецца дзяржаўнай арганізацыяй аховы здароўя ў органы пракуратуры Рэспублікі Беларусь па месцы жыхарства (месцы знаходжання) асобы, у дачыненні да якой ёсць дастатковыя падставы меркаваць пра наяўнасць у яе сацыяльна небяспечнага захворвання, ВІЧ, для атрымання санкцыі пракурора на прымусовы медыцынскі агляд.

Пракурор дае санкцыю на прымусовы медыцынскі агляд асобы, у дачыненні да якой ёсць дастатковыя падставы меркаваць пра наяўнасць у яе сацыяльна небяспечнага захворвання, ВІЧ, альбо адмаўляе ў яе дачы ў парадку, устаноўленым заканадаўчымі актамі. Санкцыя пракурора на прымусовы медыцынскі агляд накіроўваецца ў дзяржаўную арганізацыю аховы здароўя, урачэбна-кансультацыйная камісія якой вынесла заключэнне аб неабходнасці прымусовага медыцынскага агляду, і тэрытарыяльны орган унутраных спраў Рэспублікі Беларусь па месцы жыхарства асобы, якая падлягае прымусоваму медыцынскаму агляду. Орган унутраных спраў Рэспублікі Беларусь па месцы жыхарства асобы, якая падлягае прымусоваму медыцынскаму агляду, забяспечвае дастаўку такой асобы ў дзяржаўную арганізацыю аховы здароўя на прадастаўленым ёю транспартным сродку.

Прымусовая шпіталізацыя і лячэнне

Прымусовае шпіталізацыя і лячэнне асобы, якая мае сацыяльна небяспечнае захворванне, ажыццяўляюцца ў дзяржаўнай арганізацыі аховы здароўя, якая ажыццяўляе аказанне медыцынскай дапамогі ў стацыянарных умовах. Прымусовае шпіталізацыя і лячэнне асобы, якая мае сацыяльна небяспечнае захворванне, ажыццяўляюцца на падставе рашэння суда аб задавальненні заявы аб прымусовай шпіталізацыі і лячэнні, пададзенай дзяржаўнай арганізацыяй аховы здароўя.

Заяву аб прымусовай шпіталізацыі і лячэнні з прыкладзеным заключэннем урачэбна-кансультацыйнай камісіі дзяржаўнай арганізацыі аховы здароўя аб неабходнасці прымусовай шпіталізацыі і лячэння разглядаецца судом у парадку, устаноўленым Грамадзянскім працэсуальным кодэксам Рэспублікі Беларусь.

Заключэнне аб неабходнасці прымусовай шпіталізацыі і лячэння асобы, якая мае сацыяльна небяспечнае захворванне, выносіцца ўрачэбна-кансультацыйнай камісіяй дзяржаўнай арганізацыі аховы здароўя пры наяўнасці ў сукупнасці наступных умоў:

наяўнасць вынікаў клініка-інструментальнага і (або) лабараторнага даследаванняў, якія пацвярджаюць сацыяльна небяспечнае захворванне; ухіленне асобы, якая мае сацыяльна небяспечнае захворванне, ад лячэння.

Ухіленнем асобы, якая мае сацыяльна небяспечнае захворванне, ад лячэння з'яўляюцца:

няяўка без паважнай прычыны ў дзяржаўную арганізацыю аховы здароўя для лячэння на працягу трох дзён з названай ў паведамленні даты яўкі для лячэння. Адмова асобы, якая мае сацыяльна небяспечнае захворванне, ад атрымання паведамлення прыраўноўваецца да няяўкі без паважнай прычыны для лячэння. Пры немагчымасці выяўлення асобы, якая мае сацыяльна небяспечнае захворванне, па месцы жыхарства органы ўнутраных спраў прымаюць меры па ўстанаўленні месцазнаходжання такой асобы для ўручэння яму апавяшчэння;

адмова ад лячэння ў дзяржаўнай арганізацыі аховы здароўя альбо самавольны сыход з прыёму ўрача-спецыяліста дзяржаўнай арганізацыі аховы здароўя пасля папярэджання аб наяўнасцi ў асобы сацыяльна небяспечнага захворвання і магчымасці заражэння іншых асоб;

невыкананне ўрачэбных прадпісанняў і (або) правілаў унутранага распарадку для пацыентаў дзяржаўнай арганізацыі аховы здароўя, якая ажыццяўляе аказанне медыцынскай дапамогі ў стацыянарных умовах;

няяўка без паважнай прычыны ў дзяржаўную арганізацыю аховы здароўя ва ўстаноўлены ўрачом-спецыялістам тэрмін для кантрольнага назірання і (або) лячэння;

няяўка без паважнай прычыны ў дзяржаўную арганізацыю аховы здароўя асобы, вызваленай з месцаў пазбаўлення волі, якой ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку было паведамлена адміністрацыяй адпаведнай папраўчай установы аб неабходнасці яўкі ў дадзеную арганізацыю аховы здароўя па месцы яе жыхарства (месцы знаходжання).

Уважлівымі прычынамі няяўкі асобы, якая мае сацыяльна небяспечнае захворванне, у дзяржаўную арганізацыю аховы здароўя для кантрольнага назірання і (або) лячэння з'яўляюцца тыя ж, што пазначаны для агляду.

Факт ухілення асобы, якая мае сацыяльна небяспечнае захворванне, ад лячэння павінен быць адзначаны запісам урача-спецыяліста ў медыцынскіх дакументах.

Судовая практыка

У трохдзённы тэрмін пасля вынясення ўрачэбна-кансультацыйнай камісіяй дзяржаўнай арганізацыі аховы здароўя заключэння аб неабходнасці прымусовай шпіталізацыі і лячэння дзяржаўная арганізацыя аховы здароўя накіроўвае ў суд па месцы жыхарства (месцы знаходжання) асобы, якая мае сацыяльна небяспечнае захворванне, або па месцы знаходжання гэтай арганізацыі аховы здароўя заяву аб прымусовай шпіталізацыі і лячэнні з прыкладзеным заключэннем аб неабходнасці прымусовай шпіталізацыі і лячэння.

У судзе амаль пятая частка такога роду заяў разглядаецца без удзелу грамадзяніна, які мае захворванне, паколькі такое права суду прадастаўлена Грамадзянскім працэсуальным кодэксам. Практычна ўсе (да 90%) справы разглядаюцца з удзелам пракурора. Удзел адваката ў судовым пасяджэнні можа мець месца, калі адпаведная дамова заключана з ім непасрэдна грамадзянінам, які мае захворванне, або на падставе адпаведнай даверанасці - іншай асобай. Усё гэта ставіць пад сумнеў гарантыі справядлівага суда.

Копія рашэння суда аб задавальненні альбо аб адхіленні заявы аб прымусовай шпіталізацыі і лячэнні накіроўваецца ў дзяржаўную арганізацыю аховы здароўя, якая звярнулася ў суд.

Дзяржаўная арганізацыя аховы здароўя неадкладна пасля паступлення копіі рашэння суда аб задавальненні заявы аб прымусовай шпіталізацыі і лячэнні накіроўвае яе ў тэрытарыяльны орган унутраных спраў па месцы жыхарства (месцы знаходжання) асобы, якая мае сацыяльна небяспечнае захворванне.

Тэрытарыяльны орган унутраных спраў па месцы жыхарства асобы, якая мае сацыяльна небяспечнае захворванне, забяспечвае ў парадку, устаноўленым Міністэрствам унутраных спраў Рэспублікі Беларусь і Міністэрствам аховы здароўя Рэспублікі Беларусь, дастаўку такой асобы ў дзяржаўную арганізацыю аховы здароўя, якая ажыццяўляе аказанне медыцынскай дапамогі ў стацыянарных умовах, на прадастаўленым дзяржаўнай арганізацыяй аховы здароўя транспартным сродку.

У выпадку самавольнага сыходу асобы, якая мае сацыяльна небяспечнае захворванне, з дзяржаўнай арганізацыі аховы здароўя, гэтая арганізацыя інфармуе аб гэтым тэрытарыяльны орган унутраных спраў, які прымае меры па ўстанаўленні месцазнаходжання гэтай асобы і аказвае садзейнічанне медыцынскім работнікам у яе дастаўцы ў дзяржаўную арганізацыю аховы здароўя.

Прымусовыя шпіталізацыя і лячэнне асобы, якая мае сацыяльна небяспечнае захворванне, ажыццяўляюцца пры наяўнасці названых вышэй умоў (наяўнасць захворванняў і ўхіленне ад іх лячэння) і працягваюцца на працягу часу іх захавання. Аднак на практыцы ніякія запэўніванні ў намеры добраахвотна працягваць лячэнне не маюць значэння для змены рашэння аб прымусовай шпіталізацыі.

На працягу шасці месяцаў з дня шпіталізацыі па рашэнні суда асоба, якая мае сацыяльна небяспечнае захворванне, падлягае медыцынскаму агляду ўрачэбна-кансультацыйнай камісіяй не радзей аднаго разу ў месяц для вырашэння пытання аб неабходнасці падаўжэння прымусовай шпіталізацыі і лячэння. Па выніках медыцынскага агляду ўрачэбна-кансультацыйнай камісіяй выносіцца заключэнне аб неабходнасці падаўжэння тэрміну прымусовай шпіталізацыі і лячэння, якое з'яўляецца падставай для падаўжэння тэрміну прымусовай шпіталізацыі і лячэння і далейшага знаходжання асобы, якая мае сацыяльна небяспечнае захворванне, у дзяржаўнай арганізацыі аховы здароўя.

Падаўжэнне тэрміну прымусовай шпіталізацыі і лячэння звыш шасці месяцаў з дня шпіталізацыі асобы, якая мае сацыяльна небяспечнае захворванне, ажыццяўляецца па рашэнні суда. Дзяржаўная арганізацыя аховы здароўя, не пазней за дзесяць дзён да заканчэння шасцi месяцаў з дня шпіталізацыі асобы, якая мае сацыяльна небяспечнае захворванне, накіроўвае ў суд па месцы знаходжання гэтай арганізацыі заяву аб працягу тэрміну прымусовай шпіталізацыі і лячэння, да якой прыкладае заключэнне ўрачэбна-кансультацыйнай камісіі аб неабходнасці падаўжэння тэрміну прымусовай шпіталізацыі і лячэння. Суд разглядае заяву аб падаўжэнні тэрміну прымусовай шпіталізацыі і лячэння ў парадку, устаноўленым Грамадзянскім працэсуальным кодэксам Рэспублікі Беларусь.

Для падаўжэння тэрміну прымусовай шпіталізацыі і лячэння звыш дванаццаці месяцаў з дня шпіталізацыі асобы, якая мае сацыяльна небяспечнае захворванне, дзяржаўная арганізацыя аховы здароўя звяртаецца ў суд не радзей як адзін раз на год у парадку, прадугледжаным часткай трэцяй гэтага артыкула.

Такам чынам, названыя асобы могуць знаходзіцца на прымусовым лячэнні без абмежавання тэрміну; прычым перагляд судом кожнага выпадку адбываецца толькі адзін раз на год.

Спецыяльныя меры пры прымусовым лячэнні

У адпаведнасці з законам, пры прымяненні спецыяльных мераў па аказанні медыцынскай дапамогі медыцынская дапамога аказваецца ў яе найменш абмежавальнай для пацыента форме, якая забяспечвае яго бяспеку і бяспеку іншых асоб, пры захаванні медыцынскімі работнікамі правоў і свабод пацыента. Закон прадугледжвае меры фізічнага абмежавання і (або) ізаляцыі пры прымяненні спецыяльных мер па аказанні медыцынскай дапамогі, якія прымяняюцца ў адпаведнасці з заканадаўствам толькі ў тых выпадках, формах і толькі на той перыяд часу, калі іншымі мерамі немагчыма прадухіліць дзеянні пацыента, якія прадстаўляюць непасрэдную небяспеку для яго і (або) іншых асоб. Меры фізічнага абмежавання і (або) ізаляцыі прымяняюцца пад пастаянным кантролем медыцынскіх работнікаў. Пра формы і час прымянення мер фізічнага абмежавання і (або) ізаляцыі робіцца запіс у медыцынскіх дакументах.  

Межы удзелу органаў унутраных спраў у прымусовым лячэнні абмежаваныя: яны ажыццяўляюць ахову дзяржаўных арганізацый аховы здароўя, у якіх ажыццяўляюцца прымусовая шпіталізацыя і лячэнне; прадухіляюць дзеянні пацыента, што пагражаюць жыццю і здароўю навакольных, а таксама устанаўліваюць месцазнаходжанне асобы, якая падлягае прымусоваму агляду альбо прымусовай шпіталізацыі і лячэнню.

Правы пацыента вызначаны законам і прадугледжваюць паважлівае і гуманнае стаўленне, якое выключае жорсткасць, бесчалавечнасць і прыніжэнне чалавечай годнасці.

Пацыент, які знаходзіцца ў арганізацыі аховы здароўя, мае права прымаць наведвальнікаў. Гэтае права можа быць абмежавана па рэкамендацыі ўрача, загадчыка аддзяленнем ці кіраўніка арганізацыі аховы здароўя ў выпадках, калі ажыццяўленне гэтага права ўяўляе непасрэдную небяспеку для пацыента і (або) іншых асоб. Таксама пацыент мае права атрымліваць пасылкі, бандэролі, дробныя пакеты, перадачы, змесціва якіх можа быць абмежавана правіламі ўнутранага распарадку для пацыентаў. Па сэнсе гэтага правіла, такія адпраўленні падлягаюць дагляду персаналам установы аховы здароўя.

Пацыент, які мае сацыяльна небяспечнае захворванне, абавязаны паведаміць асобам, з якімі ён быў у цесным бытавым і (або) палавым кантакце, аб магчымасці іх заражэння. Пацыент, які мае ВІЧ, таксама абавязаны паведаміць сваім палавым партнёрам аб магчымасці іх заражэння.

Праблема грамадскага кантролю

У Беларусі няма механізмаў, якія дазваляюць грамадскім аб'яднанням, у тым ліку - праваабарончым, непасрэдна назіраць за выкананнем правоў асобаў, якiя ўтрымлiваюцца ў закрытых лячэбных установах. Між тым, да праваабаронцаў даходзяць звесткі аб парушэнні асноўных правоў і свабод пацыентаў закрытых устаноў, у тым ліку права не падвяргацца жорсткаму абыходжанню.

У красавіку 2008 года 83 пацыенты Рэспубліканскага сухотнага шпіталя "Воўкавічы", што размешчаны ў Дзяржынскім раёне Мінскай вобласці, звярнуліся з адкрытым лістом у Міністэрства аховы здароўя Беларусі: пацыенты закрытай установы скардзіліся на няякаснае харчаванне, абмежаванне спатканняў, прымус хворых прыбіраць тэрыторыю бальніцы, падымаючы пры гэтым цяжкія рэчы, адсутнасць тэлевізараў у палатах, бібліятэкі і гандлёвага шапіка на тэрыторыі ўстановы, а таксама на негуманнае стаўленне персаналу.   

У студзені 2008 года незадавальненне ўмовамі знаходжання ў клініцы выказалі каля ста пацыентаў закрытага сухотнага шпіталя ў пасёлку Наваельня ў Дзятлаўскім раёне Гродзенскай вобласці і абвясцілі галадоўку. Пацыенты скардзіліся на вільгаць і холад у палатах, магчымасць наведваць душ толькі два разы на тыдзень, а таксама на забарону выходзіць за тэрыторыю клінікі.

24 чэрвеня 2010 года 18 пацыентаў Рэспубліканскага сухотнага шпіталя "Воўкавічы" абвясцілі галадоўку ў знак пратэсту супраць умоў утрымання ва ўстанове. Адзін з пацыентаў Анатоль Шавяльчынскі паведаміў пра гэта інфармацыйнаму агенцтву БелаПАН.

"Паводле яго слоў, штуршком да абвяшчэння галадоўкі паслужыла збіццё шасці пацыентаў супрацоўнікамі міліцыі, што адбылося 23 чэрвеня. Нарад міліцыі быў выкліканы таму, што пацыенты "трохі выпілі і пасварыліся паміж сабой". Двух хворых, у тым ліку Шавяльчынскага, пасля збіцця закавалі ў кайданкі і змясцілі ў ізалятар, дзе іх трымалі без вады і ежы, сцвярджае пацыент. Шавяльчынскі заявіў, што пацыенты бальніцы абураныя тым, што адбылося. Яны абвясцілі галадоўку і напісалі заяву ў пракуратуру Мінскай вобласці, дзе патрабуюць расследаваць інцыдэнт і праверыць умовы ўтрымання ў бальніцы. 

"Мы цалкам пазбаўленыя правоў і жывем тут, як жывёлы", - лічыць пацыент. Ён сцвярджае, што ў бальніцы існуе мноства неапраўданых абмежаванняў: на цыгарэты, цукар, чай, прагляд тэлевізара, выкарыстанне тэлефона. На тэрыторыі бальніцы няма крамы, таму пацыенты не могуць набыць самага неабходнага – паперы для прыбіральні і мыла. Хворым не выдаюць пенсію, пазбаўляюць спатканняў і нават неабходнага лячэння. Так, напрыклад, многія не могуць палячыць зубы ці зрабіць неабходныя аналізы. Абход медперсаналу ажыццяўляецца раз у тыдзень, сказаў Шавяльчынскі. "Мы тут як зняволеныя ў лагеры", - заявіў ён. Бальніцу, працягнуў пацыент, акаляе калючы дрот, а ахоўнікі ўзброеныя, чаго няма нават у турме. Выпадкі збіцця пацыентаў не рэдкасць, сцвярджае хворы".  

У ліпені 2012 года ў абласной сухотнай бальніцы, што ў п. Багушэўск Сенненскага раёна Віцебскай вобласці, абвесціў галадоўку пацыент - інвалід другой групы. Як паведаміў адзін з пацыентаў, "У аддзяленні, дзе лечацца прымусова, ёсць палаты на двух, пяць і сем чалавек. На 40 чалавек па адной жаночай і мужчынскай прыбіральні, у якія ўтвараюцца чэргі. Адзін душ. У палатах няма нават рукамыйніц. Чатыры рукамыйніцы знаходзяцца ў асобным памяшканні. Гарачая вада, якая ... мае спецыфічны балотны пах, ёсць не заўсёды. На шпацыр хворыя могуць выйсці толькі два разы на дзень у летні перыяд, на паўтары гадзіны раніцай і ўвечары. Харчаванне хворых нездавальняючае, нягледзячы на сцвярджэнне адміністрацыі, што яно адпавядае нормам, вызначаным Міністэрствам аховы здароўя. У меню няма садавіны, мала гародніны. ... Стаўленне да нас, як да злачынцаў".

Улетку 2015 года ў ПЦ "Вясна" звярнуўся пацыент Рэспубліканскай сухотнай бальніцы "Воўкавічы". Паводле яго слоў, ён быў вымушаны, паколькі з'яўляецца замежным грамадзянінам, пагадзіцца на лячэнне ў закрытай установе, паколькі іншыя варыянты лячэння былі платнымі. Вось вытрымкі з яго звароту ў пракуратуру, накіраванага ў жніўні 2015 года:

«Пагадзіўшыся на лячэнне ў такой спецыфічнай установе, я шмат да чаго апынуўся не гатовы і ніяк не мог прадбачыць усіх, мякка кажучы, нечаканасцяў, якія літаральна пазбаўляюць мяне элементарных чалавечых правоў. З копіяй рашэння суда мяне чамусьці азнаёмілі толькі праз два месяцы. У дадзенай установе знаходзяцца людзі, у большасці з крымінальным мінулым, так званы ,,спец.кантынгент'', што накладвае адбітак на іх лад мыслення і паводзін. Будучы хворымі і знаходзячыся на лячэнні, яны працягваюць, што называецца ,,гуляць у турму''. Я не стаў бы даваць ацэнку іх маральна-этычнаму ўзроўню і ўжо тым больш пазіцыянаваць сваю нейкую ,,выключнасць'', але гэтага патрабуе аб'ектыўная ацэнка сітуацыі, якая склалася. На даволі маленькай плошчы, у цесным суседстве адзін з адным, знаходзяцца больш за трыццаць чалавек, большасць з якіх псіхічна не ўраўнаважаныя, паводніцкія бар'еры размытыя, у прыярытэце міжасобасных адносін - пазіцыя сілы. Вакол пастаянна пануе грубасць, хамства, цынізм, бесцырымоннасць у адносінах да навакольных. Але самае галоўнае, што ўсё гэта рэгулярна пагаршаецца ўсеагульным п'янствам, якому спрыяе, як гэта ні абсурдна, персанал установы, пачынаючы з загадчыка аддзяленнем і сканчаючы санітаркамі.

     Са згоды заг.аддзяленнем Ч. мед.персанал за праведзеныя хворымі гаспадарчыя работы разлічваецца з апошнімі антысептычным растворам, які тыя ў сваю чаргу п'юць.

Таксама некаторыя з мед.сясцёр, па папярэдняй замове, праносяць на ахоўную тэрыторыю гарэлку, дзе ёю спекулююць. Што ўжо казаць пра брагу, якую пры жаданні (бо хворыя нарыхтоўваюць яе ў вялікім аб'ёме) заўсёды можна выявіць і забраць. Але мед.персанал, нароўні з супрацоўнікамі міліцыі, якія тут пастаянна знаходзяцца, гэтым не займаецца, яны выконваюць толькі ахову перыметра, тым самым не забяспечваючы асабістай бяспекі пацыентаў. Бо не цяжка ўявіць, як бывае цвярозаму чалавеку з п'яным, тым больш, калі іх шмат, калі ўсё гэта адбываецца ў замкнёнай прасторы, калі і сама па сабе тэрапія сухотаў мае агрэсіўны характар, негатыўна уздзейнічае на ​​нервовую сістэму.

    Я ... спрабуючы знайсці разуменне, паведаміў аб гэтай праблеме мед.работнікам і ў прыватнасці заг.аддзялення Ч., але мае асабістыя гутаркі з імі адразу станавіліся здабыткам пацыентаў, апошнія, у сваю чаргу, у дачыненні да мяне сталі вельмі агрэсіўнымі. З таго моманту пайшло і паехала. Пачалося з пагрозаў ,,траўматолагіяй'', дайшло ўжо і да рукапрыкладства. Пастаянна падвяргаюся маральнаму ціску ў выглядзе грубых, зневажальных абразаў, пагражаюць расправай падчас сну, некалькі разоў я быў збіты».

«Звяртаюся менавіта ў Ваша ведамства (пракуратуру) не выпадкова, бо мая скарга ў Мін. аховы здароўя не была задаволеная ... Пасля таго, як мною быў адпраўлены вышэйзгаданы зварот, на наступны дзень, заг.бальніцай Г. правёў са мной павучальна-тлумачальную гутарку, падчас якой, у непрыязным тоне пераконваў мяне ў бессэнсоўнасці якіх-небудзь зваротаў, даючы зразумець, што ён і мін. аховы здароўя - адно і тое ж. Вельмі спадзяюся на Вашае неадкладнае ўмяшанне і прашу накіраваць сюды Вашага паўнамоцнага прадстаўніка, якому я мог бы выкласці ўсё больш падрабязна і даць відэаматэрыялы па дадзенай сітуацыі».

Пракуратура не знайшла ў звароце пацыента спецбальніцы падстаў для прымянення мераў  пракурорскага рэагавання і нават апытання заяўніка, пра што яго апавясцілі. Пасля гэтага А.Рачкоўскі паведаміў прадстаўніку ПЦ "Вясна" і інтэрнэт-парталу TUT.BY пра тое, што 11 верасня ён падвергнуўся гвалту з боку пацыентаў бальніцы: яго збілі, пасля чаго трое пацыентаў паспрабавалі здзейсніць сэксуальны здзек. Рачкоўскі стаў клікаць на дапамогу, і на яго крыкі з'явілася медсястра, пасля чаго гвалт спыніўся.

Рачкоўскага на суткі змясцілі ў пакой для спатканняў бальніцы, паколькі іншага бяспечнага месца ў бальніцы не знайшлося. Пасля ён быў змешчаны на абследаванне ў псіхіятрычную бальніцу; неабходнасць такога кроку адміністрацыя бальніцы патлумачыла жаданнем схаваць Рачкоўскага ад магчымай помсты пацыентаў, паколькі да таго часу Следчым камітэтам была распачатая праверка заявы Рачкоўскага па факце гвалтоўных дзеянняў. Сам Рачкоўскі упэўнены, што адной з прычын праявы агрэсіі з боку пацыентаў было тое, што ім стала вядома ад адміністрацыі бальніцы аб накіраванні ім скаргаў у пракуратуру. Рэальнай дапамогі ад супрацоўніка міліцыі, які ахоўваў бальніцу, пацыент не атрымаў.

Выпадак А.Рачкоўскага яскрава ілюструе праблему недастатковага ўзроўню заканадаўчага рэгулявання і практычны стан справаў у закрытых лячэбных установах.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства