viasna on patreon

Грамадскі актывіст са Светлагорску: «У маёй кватэры нехта гаспадарыў, пакуль я быў у Польшчы»

2015 2015-11-21T19:39:41+0300 2015-11-22T13:50:20+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/liashenka-jury-svetlagorsk.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Юры Ляшэнка.

Юры Ляшэнка.

Днямі грамадскі актывіст і прадпрымальнік са Светлагорску Юрый Ляшэнка вярнуўся з Польшчы, дзе ён быў па справах разам з жонкай Аленай. Па вяртанні, па словах актывіста, яны заўважылі, што іх кватэру нехта наведаў у іх адсутнасць. «І гэта пры тым, што жытло на сігналізацыі. Так, на калонцы быў пыл за нашу адсутнасць, і там мы заўважылі адбітак рукі. Стол у пакоі быў шчыльна прысунуты да канапы, Біблія, якую я пакінуў на стале – ляжала на падлозе. Нехта варушыў тэчкі з дакументамі, жонка гэта адразу заўважыла, бо яна вядзе дакументацыю па бізнесу, і тэчкі стаялі не на сваіх месцах, іх нехта пераставіў, і паперы ў тэчках ляжалі не ў храналагічным парадку. Жонка вельмі ўважліва ставіцца да дакументаў, тым больш там шмат папер па бізнесу, і пячатка ляжала нашага прадпрыемства, мала ці хто мог бы ёй пакарыстацца!», - пракаментаваў Юрый Ляшэнка.

Ён адразу выклікаў міліцыю, але тыя прыехалі з вялікай неахвотай, а першапачаткова наогул не хацелі прымаць выклік. Па словах актывіста, супрацоўнікі міліцыі знялі адбіткі пальцаў – як у гаспадароў кватэры, так і ў месцах імавернага «гаспадарання» «таемных гасцей».

Юрый Ляшэнка, нягледзячы на некаторыя абмежаванні (ён інвалід першай групы), займае актыўную грамадзянскую пазіцыю – удзельнічае ў акцыях, ладзіць дабрачынныя мерапрыемствы. У лістападзе ён удзельнічаў у акцыі памяці ахвяр сталінскіх рэпрэсій, якія прайшлі ў Мінску і Гомелі. А неўзабаве атрымаў запрашэнне з'явіцца ў райвыканкам – каб праверыць яго транспарт (Юрый мае прыватнае прадпрыемства, якое займаецца пасажырскімі перавозкамі). «Камісія моўчкі агледзела мае аўтамабілі, нічога не каментавалі, сказалі чакаць пісьмовы адказ. Можа, праз бізнес хочуць чыніць на мяне ціск, пакінуць мяне без сродкаў да існавання. Маўляў, сядзі дома, калі ты інвалід», - дадаў актывіст.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства