Ва Украіне празрыстыя скрыні працуюць - у сукупнасці з празрыстасцю працэдураў

2015 2015-11-21T17:44:58+0300 2015-11-21T17:57:44+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/vybory_ua2015.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Сябры Праваабарончага цэнтра “Вясна” ў складзе місіі Еўрапейскай сеткі арганізацый па назіранні за выбарамі ENEMO назіралі за другім турам мясцовых выбараў ва Украіне, паколькі цэнтр з’яўляецца адным з заснавальнікаў ENEMO і прымае актыўны ўдзел у працы сеткі.    

Намеснік старшыні арганізацыі Валянцін Стэфановіч падзяліўся ўласнымі назіраннямі ў складзе місіі ENEMO за працай выбарчых участкаў у дзень галасавання, а таксама меркаваннем наконт таго, чаму беларускія ўлады не запрашаюць місію ENEMO назіраць за выбарамі ў нашай краіне.  

- Паводле папярэдніх высноваў ENEMO, назіральнікі ацанілі працэс галасавання 15 лістапада на "добра" і "вельмі добра" на 98,9% выбарчых участках. Ці супадаюць Вашыя асабістыя ацэнкі з агульнымі?

- Разам з калегамі я прымаў удзел у місіі ENEMO ў якасці кароткатэрміновага назіральніка, наша задача заключалася ў наведванні шэрагу выбарчых участкаў у дзень галасавання, а таксама непасрэдным назіранні за падлікам галасоў. Я ажыццяўляў назіранне ў абласным цэнтры Сумы на паўночным усходзе Украіны. Паводле ўласнага назірання, я ў прынцыпе згодны з агульнымі высновамі місіі, што выбарчы працэс у цэлым і працэдуру падліку галасоў можна ацаніць на “добра” і “вельмі добра”.

- Што пры гэтым маеце на ўвазе?  

- Мы ацэньвалі працэдуры правядзення галасавання, падліку галасоў, адказваючы на пытанні, звязаныя з міжнароднымі стандартамі ў галіне свабодных і дэмакратычных выбараў. Найперш, яны павінны адпавядаць асноўным прынцыпам: выбаршчыкі павінны рабіць свой выбар добраахвотна, свабодна, без уздзеяння з боку іншых асобаў, яны не павінны мець ніякіх перашкодаў у рэалізацыі сваіх выбарчых правоў. Таксама нас цікавілі іншыя працэдуры: наколькі падлік галасоў быў празрыстым, адпавядаў міжнародным прынцыпам, а таксама ўкраінскаму нацыянальнаму заканадаўству.

Магу сказаць, што адзіны недахоп, які я назіраў, гэта недастатковасць інфармацыі на выбарчых участках. Фактычна на ўсіх выбарчых участках не было плакатаў па працэдуры галасавання для выбаршчыкаў, таксама не было інфармацыйных плакатаў пра кандыдатаў, якія балатаваліся ў мэры. Хаця тут трэба адзначыць, што ўкраінскі закон адносна мясцовых выбараў не прадугледжвае наяўнасці гэтай інфармацыі, указвае, што на ўчастку павінны быць толькі два плакаты – па працэдуры галасавання і напамін пра крымінальную адказнасць за парушэнне выбарчага заканадаўства. Гэта можна назваць недахопам як заканадаўства, так і практыкі, таму што, мне падаецца, выбаршчык мусіць усё ж мець дастатковую інфармацыю пра кандыдата: біяграфічныя звесткі і фатаздымак. Я не кажу пра агітацыйныя матэрыялы.

- Кажучы пра выбарчыя працэдуры, ці можаце параўнаць іх з беларускімі?

- Канешне, параўноўваючы выбары ўкраінскія і беларускія, адразу бачыш адрозненні. Я далёка не першыя выбары назіраў ва Украіне і хачу адзначыць эвалюцыю выбарчага заканадаўства. З аднаго боку, яно часта змяняецца, што, можа быць, не надта добра. Але з іншага боку, яно адказвае на тыя выклікі, што паўстаюць перад грамадствам і ўладамі. Напрыклад, зараз украінцы цалкам адмовіліся ад такой працэдуры як галасаванне па адмацавальных талонах, таму што з імі былі злоўжыванні – падвоеныя, патроеныя галасаванні, калі адны і тыя ж асобы па некалькі разоў галасавалі ў розных месцах краіны, спецыяльна цэлымі аўтобусамі ездзілі туды-сюды. Зараз гэтую магчымасць з заканадаўства выключылі, зыходзячы з таго, што адказныя людзі, якія лічаць галасаванне сваім грамадзянскім абавязкам і жадаюць скарыстацца сваім выбарчым правам, ідуць на выбарчыя ўчасткі. Ніякага датэрміновага галасавання ва Украіне таксама няма. Усе грамадзяне галасуюць на падставе рэгістрацыі ў дзень галасавання.

Што тычыцца галасавання па месцы знаходжання выбаршчыка, то ва Украіне яно забяспечана: грамадзянін, які з прычыны хваробы не можа прыйсці на выбарчы участак, мае права галасаваць дома. Але, каб пазбегнуць розных маніпуляцый, ён мусіць звярнуцца ў выбаркам з адпаведнай пісьмовай заявай і медыцынскай даведкай да дня галасавання, а не падчас галасавання і ў вуснай форме, як гэта робіцца ў Беларусі. Асобна ў выбаркамах ёсць спісы нерухомых людзей, якія не могуць перасоўвацца працяглы час, гэтыя спісы складаюцца на падставе дзяржрэестра выбаршчыкаў. Назіральнікі могуць азнаёміцца з усімі заявамі, даведкамі, выпіскамі выбаршчыкаў, якія галасуюць па месцы знаходжання. Ізноў жа, такая вядомая праблема, як няякасныя спісы выбаршчыкаў (то бок, наяўнасць там “мёртвых душаў”, памылковых звестак пра выбаршчыкаў альбо адсутнасць выбаршчыкаў у спісах), ва Украіне вырашаецца праз увядзенне Дзяржаўнага рэестра выбаршчыкаў па кожнай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінцы, чаго няма ў Беларусі.

Канешне, не магу не сказаць пра адрозненні ў працэдурах падліку галасоў. Украінская працэдура істотна адрозніваецца ад беларускай. Па-першае, кожны крок дэтальна прапісаны ў заканадаўстве. Па-другое, падлік галасоў там абсалютна празрысты. Спачатку адзін сябра камісіі сартуе выбарчыя бюлетэні па стосах кандыдатаў, затым ізноў жа адзін сябра камісіі ўголас падлічвае колькасць бюлетэняў за кожнага кандыдата. Пры гэтым назіральнік мае магчымасць стаяць непасрэдна каля стала, фактычна прымаючы ўдзел у гэтым падліку галасоў, бачыць, якія бюлетэні прызнаюцца несапраўднымі і так далей. У нас жа зусім інакш: сябры камісіі адначасова моўчкі лічаць бюлетэні кожны ў сваім стосіку, потым кожны піша нейкую лічбу, і з’яўляецца пратакол па выніках галасавання. Назіральнік, такім чынам, не бачыць, як з’явіўся гэты вынік. Не кажучы пра тое, што вельмі часта назіральнікам адводзяць аддаленыя ад стала падліку галасоў месцы, адкуль яны нічога не бачаць.

- Магчымасць знаходжання назіральніка на выбарчым участку – заўжды асобная праблема на выбарах у Беларусі. Як Вы пачуваліся на выбарчых участках ва Украіне?

- Я пачуваўся абсалютна спакойна, меў доступ да патрэбнай мне інфармацыі, мог задаваць пытанні старшыні выбарчай камісіі па розных аспектах. Выбарчыя ўчасткі адпаведна абсталяваныя. Выбарчыя скрыні празрыстыя. І ў сукупнасці з празрыстымі працэдурамі гэта, канешне, працуе. Пры адкрыцці ўчастка бачна, што ў скрыні няма ніякіх стосаў бюлетэняў, у скрыні можна бачыць кантрольны ліст з указаннем колькасці атрыманых бюлетэняў, калі бюлетэнь выдаецца выбаршчыку, у камісіі застаецца кантрольны карэньчык. То бок, існуюць дадатковыя механізмы кантроля, і ты як назіральнік усё гэта можаш бачыць і супастаўляць. Мы не сутыкаліся з тым, каб нас хтосьці пачаў праганяць з участкаў, адмовіў у прадастаўленні інфармацыі ці чыніў нам іншыя перашкоды. Я асабіста з гэтым не сутыкаўся, ніхто з маіх калегаў пра гэта таксама не распавядаў.

- Што можаце сказаць пра ўкраінскіх выбаршчыкаў? З якім настроем яны прыходзілі на ўчасткі?

- Выбаршчыкі ішлі, галасавалі. Парога яўкі няма, але з іншага боку, там ніхто і не імкнецца забяспечваць яйку адміністрацыйнымі метадамі, як гэта робіцца ў Беларусі. Агульная па краіне яўка была каля 30 працэнтаў. Думаю, гэта не кепска. Прыкладна такой яна і бывае, а не як 80 працэнтаў на мясцовых выбарах у Беларусі, якія ўвогуле нікому не цікавыя. Затое ўкраінскі выбаршчык можа адказаць на пытанне аб тым, за каго ён галасаваў. У адрозненне ад нашых студэнтаў, якіх загналі на датэрміновае галасаванне і якія пасля выбараў кажуць, што не памятаюць прозвішча свайго кандыдата.

Я на выбарчых участках бачыў людзей з пачуццём таго, што яны грамадзяне, у іх ёсць права абіраць сабе ўладу і яны прыйшлі, каб гэта зрабіць. Я чуў, як людзі паміж сабой размаўлялі, і заўважу, што ў іх ёсць разуменне сваіх правоў, яны паміж сабой разважаюць у рэчышчы “мы народ і выбіраем тут сабе ўладу”, дыскутавалі, за каго галасаваць, і ім гэта цікава. У нас падобных развагаў мне чуць не даводзілася, асабліва наконт мясцовых выбараў, якія, на мой погляд, у прынцыпе мала каго цікавяць. Ну і яшчэ істотная розніца: ва Украіне выбаршчыкі абіралі сабе мэраў, чаго пазбаўленыя беларусы, паколькі старшыні выканкамаў у нас прызначаюцца ўладай, а не абіраюцца грамадзянамі.            

- Чым ENEMO адрозніваецца ад іншых арганізацый па назіранні за выбарамі і чаму ўлады Беларусі не запрашаюць яе на выбары?

- Сапраўды, місія ENEMO ніколі не назірала за выбарамі ў Беларусі, паколькі для гэтага яна павінна быць запрошаная ў краіну пэўнымі дзяржаўнымі суб’ектамі – абедзьвюма палатамі парламента, Цэнтрвыбаркамам, Саветам міністраў, Міністэрстам замежных справаў. Сёлета напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў кіраўніцтва ENEMO звярталася з адпаведнай просьбай у Цэнтрвыбаркам, які перанакіраваў гэтае пытанне ў МЗС, якое, наколькі я разумею, ніякага адказу не дало, што фактычна азначала, што ўдзельнічаць у назіранні за выбарамі ў Беларусі ENEMO не можа.

Трэба адзначыць, што гэтая еўрапейская сетка назіральнікаў мае сур’ёзную рэпутацыю ў краінах Цэнтральнай і Усходней Еўропы, яна ажыццяўляла назіранне шмат у якіх краінах былога Савецкага Саюза – Украіне, Азербайджане, Грузіі, Арменіі, Малдове, Кыргызстане, Казахстане, у некаторых балканскіх краінах, у прыватнасці ў Косава. То бок, у тых месцах, дзе ёсць патрэба ў назіранні за выбарамі. Да ўсяго, у ENEMO ёсць пэўная спецыфіка. Гэта не міждзяржаўнае ўтварэнне (як, напрыклад, АБСЕ), а міжнародная сетка, якая аб’ядноўвае няўрадавыя арганізацыі з розных краінаў Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, якія прафесійна займаюцца назіраннем за выбарамі і з’яўляюцца незалежнымі, партыйна не заангажаванымі. Магчыма, сапраўды, гэтая прафесійнасць сябраў ENEMO насцярожвае беларускія ўлады.

Дададзім, што ад Беларусі ў ENEMO ўваходзяць дзве арганізацыі – Праваабарончы цэнтр “Вясна” і Беларускі Хельсінкскі камітэт, якія з 2008 года ладзяць назіранне на нацыянальным узроўні ў межах кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары”. Падчас другога туру мясцовых выбараў ва Украіне ажыццяўлялі назіранне 15 сябраў “Вясны” і БХК.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international