Валянцін Стэфановіч каментуе некаторыя аспекты праблемы наёмніцтва, закранутыя МУС

2015 2015-11-20T14:28:57+0300 2015-11-20T17:28:01+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/stefanovich_v.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Намеснік старшыні ПЦ "Вясна" Валянцін Стэфановіч

Намеснік старшыні ПЦ "Вясна" Валянцін Стэфановіч

Кіраўнік МУС Беларусі Ігар Шуневіч, адказваючы 19 лістапада на пытанні журналістаў, паведаміў, што ведамства праводзіць праверачныя мерапрыемствы і збірае інфармацыю наконт удзелу беларусаў у баявых дзеяннях ва Украіне. Ён патлумачыў, што гэта можа быць падставаю для ўзбуджэння крымінальных спраў па артыкуле «Наёмніцтва».

У сувязі са словамі міністра, намеснік старшыні Праваабарончага цэнтру “Вясна” Валянцін Стэфановіч пракаментаваў некалькі аспектаў праблемы наёмніцтва з юрыдычнага боку:

 - Па-першае, факт наёмніцтва, вярбоўкі, безумоўна з’яўляецца сур’ёзным злачынствам і ўяўляе праблему ў сусветным масштабе. Гэта парушэнне правілаў вядзення вайны і міжнародных канвенцый, датычных правілаў вядзення вайны. Найміты, якія ваююць выключна ў мэтах атрымання матэрыяльнага ўзнагароджання ў розных кутках свету, уяўляюць пагрозу, у некаторым сэнсе падобную да тэрарыстычнай, і таму адказнасць за наёмніцтва існуе фактычна ва ўсіх краінах свету.  На наймітаў нават не распаўсюджваецца Жэнеўская канвенцыя аб статусе ваеннапалонных.

Валянцін Стэфановіч адзначыў, што беларускае заканадаўства таксама прадугледжвае адказнасць як за вярбоўку, абучэнне, фінансаванне і дастаўку наймітаў (артыкул 132 Крымінальнага кодэксу), так і непасрэдна за наёмніцтва (артыкул 133 Крымінальнага кодэксу). Гэтыя артыкулы адносяцца да раздзелу “Ваенныя злачынствы ды іншыя парушэнні законаў і звычаяў вайны”.

“Для вызначэння асобы найміта важныя два абавязковыя складнікі, - кажа ён. - Гэта мусіць быць асоба, якая ўдзельнічае ў баявых дзеяннях на тэрыторыі замежных дзяржаў у фарміраваннях, якія не ўваходзяць у склад узброеных сілаў ваюючых бакоў і дзейнічае ў мэтах атрымання матэрыяльнага ўзнагароджання”.

Закранаючы сітуацыю ва Ўкраіне і канкрэтна выказвання Ігара Шуневіча, Валянцін Стэфановіч палічыў важным ўдакладніць фамуліроўку: “ўваходзяць у склад узброеных сілаў ваюючых бакоў”. 

- Калі, скажам, асоба дабраахвотна ўступіла ва ўкраінскую армію, якая зараз ўдзельнічае ў ваенным канфлікце, а Україна і ёсць той ваюючай дзяржавай, то такая асоба не можа лічыцца наймітам. Калі ж асоба ўдзельнічае ва ўзброеных фарміраваннях, якія не з’яўляюцца ўзброенымі сіламі дзяржавы, а ў дадзеным выпадку тут можна назваць ДНР і ЛНР, якіх Рэспубліка Беларусь юрыдычна не прызнае, то адпаведна можна казаць, што яны не маюць арміі як такой, і украінскае заканадаўства іх ацэньвае як незаконныя ўзброеныя фарміраванні. Вось такія асобы, калі будзе даказана, што яны атрымлівалі пры гэтым матэрыяльную узнагароду – будуць з’яўляцца наймітамі. Дарэчы, як і тыя, што ваююць на баку Украіны ў фарміраваннях, якія афіцыйна не ўваходзяць у склад Міністэрства абароны Украіны, альбо МУС, альбо у іншыя падобнага кшталту структуры. Фармальна, калі дакажуць што такія асобы атрымліваюць ўзнагароджанне, альбо маюць яго на мэце, можна будзе казаць пра найміцтва і адпаведны склад злачынства.

Наколькі мне вядома пра дабраахвотныя батальёны, кшталту “Данбас”, “Азоў” ды іншыя – яны ўваходзяць у структуры Міністэрства абароны ці МУС. Адносна іншых, “Правага сектару”, напрыклад,  сказаць дакладна нічога не магу.

Праваабаронца дадаў, што Крымінальны кодэкс Беларусі не тлумачыць падрабязна, што такое матэрыяльная ўзнагарода.

– Зразумела, што жаўнер, які ўдзельнічае ў баявых дзеяннях, забяспечваецца нечым, харчаваннем і амуніцыяй, напрыклад. Ці лічыцца гэта ўзнагароджаннем – тут дакладна сказаць цяжка.

І яшчэ дадам адзін важны аспект. Калі асоба дабраахвотна ўступіла ва ўзброеныя сілы замежнай дзяржавы, то, паводле Канстытуцыі Беларусі і Закону аб грамадзянстве Рэспублікі Беларусь, гэта можа быць падставаю для страты беларускага грамадзянства.

Па падліках з розных крыніцаў у складзе узброеных фарміраванняў, якія дзенічаюць як на баку Украіны, так і на баку непрызнаных ДНР і ЛНР, знаходзіцца ад 100 да 150 грамадзян Беларусі.

P.S. Праўда, начальнік контртэрарыстычнага ўпраўлення КДБ Дзяніс Восіпчык у інтэрв’ю газеце «Советская Белоруссія» паведаміў, што сёння рыхтуюцца змены ў Крымінальны кодэкс, якія будуць тычыцца наёмніцтва.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства