Андрэа Віктарын: ЕС працягне ўзнімаць пытанне аб поўнай рэабілітацыі палітзняволеных у Беларусі

2015 2015-11-18T09:20:03+0300 2015-11-18T09:20:03+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/viktaryn.jpg
Андрэа Віктарын

Андрэа Віктарын

Еўрасаюз працягне ўзнімаць пытанне аб неабходнасці поўнай рэабілітацыі ў правах былых палітзняволеных, заявіла ў эксклюзіўным інтэрв'ю БелаПАН новы кіраўнік прадстаўніцтва ЕС у Беларусі Андрэа Віктарын.

Яна нагадала, што ў сумеснай заяве Высокага прадстаўніка ЕС Федэрыкі Магерыні і Еўрапейскага камісара Іаганеса Хана ад 22 жніўня вітаецца вызваленне палітзняволеных, але гаворыцца, што Еўрасаюз чакае ад улад Беларусі "зняцця ўсіх абмежаванняў на поўную рэалізацыю вызваленымі іх грамадзянскіх і палітычных правоў". 

"На працягу апошніх гадоў ЕС пастаянна заклікаў да вызвалення палітычных зняволеных. Не толькі да таго, каб іх выпусцілі з турмы, але і да поўнага іх аднаўлення ў правах. Мы ўзнімалі гэта пытанне і будзем гэта рабіць", — падкрэсліла Віктарын. 

На пытанне, ці адновяцца прыпыненыя на чатыры месяцы санкцыі ЕС у дачыненні да Беларусі, калі да канца лютага палітзняволеных не рэабілітуюць, Віктарын адзначыла, што Еўрасаюз будзе ацэньваць сітуацыю комплексна. "На мой погляд, трэба прайсці пэўны шлях. 28 краін ЕС і інстытуты ЕС возьмуць пад увагу шмат фактараў і прыйдуць да сумеснага рашэння. Рашэнне будзе прымацца не на аснове якога-небудзь аднаго элемента. Мы працягнем гаварыць пра неабходнасць сур'ёзных паляпшэнняў і будзем ацэньваць сітуацыю ў цэлым. Пажывём — пабачым", — сказала кіраўнік прадстаўніцтва ЕС у Беларусі. 

Андрэа Віктарын таксама адзначыла, што ў гэтыя чатыры месяцы (рашэнне Савета ЕС аб прыпыненні санкцый набыло моц 31 кастрычніка. — БелаПАН.) Еўрасаюз будзе ўважліва сачыць за падзеямі ў Беларусі. "Мы будзем назіраць за развіццём сітуацыі з дэмакратыяй, вяршэнствам права і правамі чалавека. Акрамя таго, мы чакаем публікацыі ў канцы года выніковай справаздачы місіі БДІПЧ АБСЕ па назіранні за выбарамі, якую мы таксама будзем улічваць", — заявіла дыпламат. 

Паводле яе слоў, ЕС чакае, што адносіны з Беларуссю будуць развівацца "крок за крокам". "Спадзяёмся на паляпшэнне сітуацыі ў сферы правоў чалавека і вяршэнства права. Ёсць вельмі шмат галін, у якіх мы прапаноўваем Беларусі падтрымку, але чакаем і захадаў да паляпшэння сітуацыі, — падкрэсліла Віктарын. — Напрыклад, мы вельмі ўважліва паставіліся да рэкамендацый місіі БДІПЧ АБСЕ пра неабходнасць змяненняў у выбарчым заканадаўстве. Мы былі б вельмі рады, калі б у адпаведнасці са стандартамі АБСЕ і іншымі сваімі міжнароднымі абавязацельствамі Беларусь правяла неабходныя рэформы выбарчага заканадаўства перад маючымі адбыцца парламенцкімі выбарамі. І мы гатовыя аказаць падтрымку ў гэтым"

Андрэа Віктарын таксама адзначыла, што ЕС зацікаўлены ў "далейшым паляпшэнні сітуацыі ў сферы вяршэнства права" ў Беларусі. "Гэтыя пытанні важныя для ЕС, гэта ўніверсальныя каштоўнасці. І мы заўсёды, з кожнай краінай працуем разам, каб забяспечыць іх выкананне. Пакрокавыя паляпшэнні будуць гэтак жа аб'ектыўна ацэньвацца ў кантэксце адносін з Беларуссю, як яны ацэньваюцца ў адносінах ЕС з любой іншай краінай". 

Нямецкі дыпламат Андрэа Віктарын прыбыла ў Мінск 11 верасня. На пасадзе кіраўніка прадстаўніцтва ЕС у Беларусі яна змяніла латышку Майру Мору.

БелаПАН

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international