viasna on patreon

Заканадаўцы прыслухаліся да праваабаронцы (дакумент)

2015 2015-11-09T15:54:40+0300 2015-11-09T15:54:40+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/ugolovno-processuaknyj-kodeks.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Праваабаронца Сяргей Усцінаў атрымаў адказ на свой зварот у пастаянную Камісію па заканадаўстве Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Праваабаронца прасіў распрацаваць законапраект па ўнясенню ў Крымінальна-працэсуальны кодэкс (КПК) зменаў, якія рэгламентуюць правядзенне агляду такім чынам, каб пры правядзенні дадзенага следчага дзеяння копія пратаколу агляду або канфіскацыі, як і ў выпадку ператрусу і выемкі, уручалася пад распіску асобе, у якога яны былі праведзены, альбо паўналетняму члену яго сям'і.

Як вынікае з адказу, «прапанова па карэктоўцы Крымінальна-працэсуальнага кодэкса будуць разгледжаны з удзелам усіх зацікаўленых дзяржаўных органаў пры падрыхтоўцы адпаведнага законапраекта да разгляду Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь з улікам усіх патрабаванняў заканадаўства ў галіне законапраектнай дзейнасці».

Пастаянная Камісія па заканадаўстве выказала праваабаронцу ўдзячнасць за выказанае меркаванне аб неабходнасці ўдасканалення заканадаўства Рэспублікі Беларусь.

«На сённяшні дзень ужо можна казаць пра тое, што дзяржава фактычна прызнала наяўнасць сур'ёзнага прабелу ў заканадаўстве. Мяркую, што заканадаўчы орган таксама прыняў да увагі ацэнку маёй прапановы Нацыянальным цэнтрам заканадаўства і прававых даследаванняў, які палічыў, што дадзеная прапанова заслугоўвае ўвагі», - лічыць Сяргей Усцінаў.

Існуючы прабел у заканадаўстве можа пацягнуць сур'ёзныя наступствы для асобаў, у якіх быў праведзены агляд, у выпадку незаконных дзеянняў супрацоўнікаў праваахоўных органаў. Без копіі пратаколу немагчыма быць упэўненым у захаванасці канфіскаваных рэчаў, акрамя таго, нельга выключыць магчымасць фальсіфікацыі. Сяргей Усцінаў звярнуў увагу на гэтую праблему пасля таго, як у палітычна матываваных справах Салігорскага актывіста Уладзіміра Лемеша і гомельскага праваабаронцы Леаніда Судаленкі праводзіўся менавіта агляд, а не ператрус, і адпаведна, не выдаваліся копіі пратакола з вопісам адабранай маёмасці.

«Спадзяюся, што пасля падрыхтоўкі законапраекта будзе прыняты адпаведны закон, які ліквідуе існуючы прабел у крымінальна-працэсуальным Кодэксе, што ўстановіць адзіны падыход прадастаўлення копій пратаколу пры правядзенні аналагічных следчых дзеянняў - ператрусу і агляду», - патлумачыў праваабаронца.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства