viasna on patreon

Бярозаўскай міліцыі прыйшлося знізіць заяўлены кошт паслуг па ахове пікету

2015 2015-11-05T00:13:23+0300 2015-11-05T11:25:27+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/milicija-belarusi1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Тамара Шчапёткіна, Таццяна Тарасевіч і Сяржук Русецкі -- арганізатары пікету, які адбыўся 27 ліпеня ў Бярозе, былі выкліканы ў мясцовы РАУС для перазаключэння дамовы на аплату паслуг міліцыі па ахове масавага мерапрыемства. Менавіта так сфармуляваў мэту выкліку супрацоўнік аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Міхаіл Пракурат.

Перазаключэнне дамовы звязана з наступствамі скаргі арганізатараў пікету ў МУС. Арганізатары прасілі абавязаць Бярозаўскі РАУС перагледзець выстаўлены рахунак у звыш чым 4 000 000 рублёў за абслугоўванне пікету, паколькі супрацоўнікамі міліцыі былі парушаны пункты дамовы. У адказе з МУС паведамлялася, што УУС Брэсцкага аблвыканкама дадзенае ўказанне зрабіць пераразлік, сыходзячы з рэальна аказаных паслуг.

М.Пракурат назваў новую суму паслуг міліцыі -- каля 3 000 000 рублёў і патлумачыў, што час інструктажу з 16 да 17 не ўлічаны, таму аплата зменшана на 1 000 000. Арганізатары настойвалі, што рэальная сума складала каля 2 000 000, якую яны ўжо і аплацілі.

Дзве з паловай гадзіны ішлі перамовы з прадстаўленнем доказаў абодвума бакамі. У выніку было вырашана было зрабіць перапынак і ў 15 гадзін сустрэцца зноў. Так і было зроблена. У 15.00 Міхаіл Пракурат паведаміў, што яны яшчэ раз перагледзелі рахунак і што арганізатарам да заплачаных 1 980 000 рублёў трэба яшчэ даплаціць 34 000. На гэтым бакі пагадзіліся.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства