Справаздача па выніках маніторынгу масавага мерапрыемства “Дзяды – 2015”

2015 2015-11-02T13:21:49+0300 2016-07-25T12:17:20+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/dziady_2015.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Фота з сайта Радыё "Рацыя"

Фота з сайта Радыё "Рацыя"

Высновы

Акцыя ўшанавання памяці продкаў “Дзяды” ў Мінску насіла мірны характар. Арганізатары атрымалі дазвол на правядзенне мерапрыемства, патрабаванне аб аплаце за аказанне паслуг па ахове грамадскага парадку, медычным абслугоўванні, уборцы тэрыторыі і элементаў добраўпарадкавання было толькі ад мінскага абласнога выканкама на мітынг у Курапатах, што можа трактавацца як перакладанне пазітыўных абавязкаў дзяржавы па забеспячэнні рэалізацыі права на мірныя сходы на арганізатараў масавага мерапрыемства.

Станоўчым момантам можна адзначыць наяўнасць інфармацыйнай групы ад супрацоўнікаў міліцыі, іх камунікацыйнасць з назіральнікамі, аднак, яны прысутнічалі не заўжды на месцы правядзення і не маглі адказаць дакладна на шэраг пытанняў.

Таксама часам супрацоўнікі дарожна-патрульнай службы (ДПС) спрыялі пераходу ўдзельнікаў праз дарогу, але гэта былі адзінкавыя выпадкі, а ў астатні час па-ранейшаму не спрыялі бесперашкоднаму руху калоны на святлафорах.

Пазітыўнай практыкай з’яўляецца суправаджэнне масавага мерапрыемства хуткай дапамогай.

Па-ранейшаму актуальнай праблемай застаецца складанасць ідэнтыфікацыі большасці супрацоўнікаў міліцыі, ігнараванне імі канфліктных сітуацый удзельнікаў з грамадзянамі.

Метадалогія маніторынгу

РПГА “Беларускі Хельсінкскі Камітэт” і Праваабарончы цэнтр “Вясна” цягам некалькіх гадоў праводзяць сістэматычнае назіранне за масавымі мерапрыемствамі ў Мінску на падставе распрацаванай метадалогіі  маніторынгу, якая ўключае ў сябе: набор і навучанне назіральнікаў прынцыпам грамадскага кантролю, стандартам мірных сходаў  і метадалогіі назірання; запаўненне анкеты назірання падчас вочнага кантролю; апрацоўка анкет і напісанне маніторынгавай справаздачы. Анкеты назірання за масавымі мерапрыемствамі сумесна распрацаваныя праваабарончымі арганізацыямі і ўключаюць пытанні па магчымасці выканання функцыяў назіральнікаў і СМІ, адносна паводзінаў арганізатараў і ўдзельнікаў масавага мерапрыемства, супрацоўнікаў міліцыі, а таксама наяўнасць хуткай дапамогі. Назіральнікі дапускаюцца да назірання толькі ў выпадку згоды на выкананне правілаў і прынцыпаў назірання (незалежнасць і палітычная нейтральнасць; апісанне фактаў, а не меркаванняў; неўмяшанне ў падзею, за якой назіраюць; прыхільнасць да прынцыпаў права: адмова ад любых формаў гвалтоўных дзеянняў і дыскрымінацыйных практык; карэктныя паводзіны). Падчас выконвання сваіх абавязкаў назіральнікі трымаюцца адасобна ад удзельнікаў. Яны абазначаныя бэйджам назіральніка і сінімі камізэлькамі.

Папярэдняя інфармацыя

Са сродкаў масавай інфармацыі стала вядома, што 1 лістапада 2015 года ў Мінску пройдзе шэсце і вулічная акцыя, прымеркаваныя да дня памяці продкаў Дзяды. Арганізатарам стала Кансерватыўна-Хрысціянская партыя — БНФ. Дазвол на традыцыйную штогадовую акцыю далі Мінскі гарадскі і Мінскі абласны выканкамы. Збор удзельнікаў акцыі быў прызначаны з 11.00 да 11.30 на пляцоўцы перад будынкам Мінскага гадзіннікавага завода. Потым шэсце павінна было ісці да 14.30 па тратуары па маршруце: прасп. Незалежнасці — вул. Каліноўскага — вул. Сядых — вул. Карбышава — вул. Гамарніка — вул. Мірашнічэнкі — Мінская кальцавая аўтамабільная дарога да ўрочышча Курапаты. З 14.30 да 17.00 на тэрыторыі ўрочышча, дзе існуюць масавыя пахаванні ахвяр сталінскіх рэпрэсій, адбудзецца жалобны мітынг. Заяўленая колькасць удзельнікаў акцыі — да пяці тысяч чалавек.

Мінскі абласны выканкам патрабаваў заключыць дамовы з міліцыяй, хуткай дапамогай і камунальнымі службамі, якія абышліся б арганізатарам у 32 мільёны рублёў.

ГУУС Мінгарвыканкама быў праінфармаваны пра прысутнасць назіральнікаў падчас акцыі “Дзяды” з просьбай забяспечыць бяспеку назіральнікам і камунікаваць з імі.

Падчас правядзення масавага мерапрыемства 1 лістапада 2015 года вочна і бесперапынна ажыццяўлялі грамадскі кантроль 5 назіральнікаў, якія прайшлі адпаведнае навучанне і былі абазначаныя належным чынам.

Ход масавага мерапрыемства

  1. Мерапрыемства праходзіла па запланаваным маршруце і графіку.
  2. Колькасці ўдзельнікаў мерапрыемства складала да 370 чалавек.
  3. Колькасць супрацоўнікаў было складана вызначыць праз адсутнасць апазнавальных знакаў на значнай частцы супрацоўнікаў. Так супрацоўнікаў ДАІ/ДПС было каля 15 чалавек, у форме з надпісам “Міліцыя” – 2 чалавекі, у форме і сініх камізэльках з надпісам “Информационная группа” – 2 чалавекі, каля 40 – у грамадзянскай вопратцы з адметнымі прыкметамі (навушнікі, рацыі). Усё кіраўніцтва ГУУС Мінгарвыканкама і РУУСаў было ў грамадзянскай вопратцы без апазнавальных знакаў. Пры сабе супрацоўнікі міліцыі мелі: гумовыя палкі, сродкі звязвання. Каля 5 супрацоўнікаў у цывільнай вопратцы ажыццяўлялі відэа-фіксацыю акцыі.
  4. Сярод спецыяльны тэхнікі былі заўважаныя: 2 аўтазакі, МАЗ з гукаўзмацняльнай тэхнікай, газэль з камерай на даху, машыны міліцыі і ДАІ/ДПС, 2 цывільныя машыны з супрацоўнікамі.
  5. Адсутнічалі перашкоды з патрапленнем на месца збору, працы СМІ і назіральнікаў.
  6. Усе арганізатары масавага мерапрыемства былі абазначаныя бэйджамі, 6 чалавек з бела-чырвона-белымі павязкамі на рукавах выступалі ў якасці дружыны, дапамагалі людзям пераходзіць праз дарогу на нерэгулюемых пешаходных пераходах.
  7. Заклікаў да гвалтоўных дзеянняў з боку ўдзельнікаў не зафіксавана (лозунг “Слава нацыі - смерць ворагам” не расцэньваем, як гвалтоўны праз адсутнасць канкрэтызацыі “ворага” ў дадзеным кантэксце).
  8. Удзельнікі выкарыстоўвалі наступныя плакаты і транспаранты: расцяжкі “Курапаты – наш народны мемарыял”, “Дзяды”, “Кансерватыўна-хрысьціянская патыя – БНФ”, “Дзякуй продкам за мову”, “Хайсы – віцебскія курапаты”, плакат “Няма нічога страшней за неабмежаваную ўладу ў руках абмежаванага чалавека”, плакат “Деды Літвы, мы помним вас», “Беларуская салідарнасьць – наш супраціў райскай акупацыі”. Таксама былі партрэты Міхася Зарэцкага, Платона Галавача, Алеся Дудара, Цішкі Гартнага, Ізі Харыка. Выкарыстоўваліся стужкі на ілбе бела-чырвона-белыя і чорныя з белым надпісам “Дзяды”, каробка з надпісам “Ахвяраваньні на крыжы ў Курапатах”.
  9. Выкарыстоўвалася наступная сімволіка: бела-чырвона-белыя сцягі проста і з Пагоняй ці гербам Магілёва, сцягі Маладога Фронту, Беларускага народнага фронту, маленькі польскі сцяг, украінскія стужкі.
  10. Ужываліся лозунгі: “Жыве Беларусь”, “Слава Ўкраіне – героям слава”, “Слава нацыі - смерць ворагам", "Верым, можам, пераможам”, спяваліся песні “Пагоня”, “Магутны Божа”, “Грай” і іншыя.
  11. Патрабаванняў да ўдзельнікаў з боку арганізатараў не паступала, з боку праваахоўных органаў усе патрабаванні ўдзельнікі выконвалі (спыняцца на чырвоны колер святлафора).
  12. Падчас масавага мерапрыемства супрацоўнікі міліцыі не ўжывалі фізічную сілу. Інфармацыйная група і супрацоўнікі ДПС ішлі на камунікацыю, адказвалі на пытанні, аднак не змаглі агучыць колькасць супрацоўнікаў міліцыі, што ахоўвае мерапрыемства.
  13. Ход калоны “разрывалі” на святлафорах і ўсіх пераходах супрацоўнікі ДАІ/ДПС і міліцыі, у выніку чаго калона была падзеленая на часткі.
  14. Назіральнікі зафіксавалі ад 2 машыны хуткай дапамогі, адна суправаджала калону ўсё шэсце.

Рэкамендацыі

Арганізатарам:

  • Рэгуляваць рух калоны, мінімалізаваць разрывы ў шэсці пасля пераходаў праз праезджую частку.

Мінаблвыканкаму:

  • Не абмяжоўваць беспадстаўна права на мірныя сходы, не дэвальваваць права адвольнымі зменамі часу правядзення масавага мерапрыемства і накладаннем абавязкаў на арганізатараў па аплаце грамадскага парадку, працы санітарных і медычных службаў.

Супрацоўнікам праваахоўных органаў:

  • Ажыццяўляць ахову грамадскага парадку падчас масавых мерапрыемстваў у форменнай вопратцы, а таксама быць пазначанымі ідэнтыфікацыйнымі карткамі (бэйджамі ці нагруднымі знакамі).
  • Забяспечыць бесперашкодны рух калоны ўдзельнікаў праз перакрыжаванні са спыненнем руху транспартных сродкаў.

Суб’ектам, якія валодаюць правам заканадаўчай ініцыятывы:

  • Ініцыяваць змены ў беларускае заканадаўства з мэтай прывядзення яго ў адпаведнасць з міжнароднымі стандартамі ў галіне свабоды мірных сходаў.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international