Мікалай Статкевіч: Улада мусіць нас цярпець

2015 2015-11-02T09:07:06+0300 2015-11-02T09:07:06+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/piket-statkevich-2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Пікет Статкевіча 10 верасня 2015 года.

Пікет Статкевіча 10 верасня 2015 года.

Былы палітвязень Мікалай Статкевіч распавёў сайту palitviazni.info  пра судовыя выракі пасля акцый, ціск на грамадзянскую супольнасць і сваё стаўленне да прыпынення санкцый Еўразвязу ў адносінах да беларускіх чыноўнікаў.

29 кастрычніка ў Мінску адбылася акцыя памяці ахвяр сталінскіх рэпрэсій, якая праходзіла каля будынка КДБ на праспекце Незалежнасці па ініцыятыве былога палітычнага зняволенага Мікалая Статкевіча.

Супрацоўнікі міліцыі ў чарговы раз склалі пратаколы аб адміністрацыйных правапарушэннях у дачыненні да Мікалая Статкевіча, Уладзіміра Някляева і Анатоля Лябедзькі.

– Гэта будуць не першыя адміністрацыйны справы за акцыі, наперадзе – суды… Як вы ацэньваеце папярэднія судовыя выракі?– запытваем у Мікалая Статкевіча.

– Гэта найбольш спроба запалохаць грамадства. Ва ўлады звязаны рукі, каб хапаць людзей падчас акцый, рэжыму неабходны грошы. І гэтых грошай ужо не стае. Таму яны мусяць цярпець нас, а мы мусім карыстацца момантам, каб вярнуць для пачатку прастору свабоды ў цэнтры Мінска. Бо людзей спачатку заганялі на плошчу Бангалор, а пасля ўжо і тая плошча лічылася “за шчасце”. Зараз ўлады не могуць масава хапаць людзей, не могуць арыштоўваць арганізатараў мерапрыемстваў, а таму выбралі тактыку вялікіх штрафаў. У спадзяванні, што заходнія партнёры не будуць жорстка рэагаваць на такое пакаранне.

– На ваш погляд, ці доўга такая сітуацыя працягнецца?

– Штрафы маглі б даваць бясконца, але, напрыклад, у маёй сітуацыі ёсць абмежаванні. У мяне ўжо ёсць тры адміністрацыйныя спагнанні. І зараз уладзе трэба нешта вырашаць. Альбо спыняцца, альбо ўводзіць прэвентыўны нагляд за Мікалаем Статкевічам, а далей ужо і да зняволення не так далёка. І тады навошта была ўся гэтая гульня з Захадам? Я не ведаю, што будзе далей. Проста карыстаюся магчымасцю, каб зрабіць наша грамадства больш вольным, каб зменшыўся ўзровень страху.

– Ці адчуваеце вы на сабе нейкі ціск з боку ўладаў пасля вызвалення?

– Яго няма. Ціск на нас бывае ў нашай жа галаве. Калі нас палохаюць, а мы баімся, тады гэта ціск. Мяне, магчыма, спрабуюць напалохаць штрафамі, а мне з гэтага проста смешна. Не бойцеся, і будзеце маладыя, прыгожыя і здаровыя!

– Як вы ставіцеся да прыпынення санкцый з боку Еўразвязу ў дачыненні да Беларусі?

– Добра, што санкцыі прыпынілі, а не поўнасцю адмянілі. Мне, напрыклад, было б усё роўна, ці паедуць беларускія чыноўнікі на закупы ў “Акропаліс”. Няхай бы з’ездзілі ды паглядзелі на тыя кошты і параўналі з нашымі. Але я ўвесь час кажу, што тут ёсць і пэўны маральны сэнс. Гэта сігнал нашаму грамадству, што каштоўнасці свабоды і дэмакратыі, якіх вы прагнеце, – не зусім для вас. Такі сігнал цяжка людзьмі ўспрымаецца. А мы будзем даводзіць, што свабода і дэмакратыя – гэта наша. Вось выйшлі да будынка КДБ – і давялі. Паглядзім яшчэ, хто пераканае наша грамадства. А нашы еўрапейскія калегі няхай самі вырашаюць свае справы і глядзяць на тое, з кім ім сябраваць. Але, паўтаруся, санкцыі прыпынілі, але не адмянілі, таму грэх не скарыстацца дадатковай мажлівасцю для працы.

palitviazni.info

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international