Алесь Бяляцкі пра Дзяды: «Мы паспрыялі адраджэньню народнага сьвята, актуалізаваўшы трагічныя падзеі 1930-х»

2015 2015-11-01T09:15:46+0300 2015-11-01T09:15:46+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/dziady-1988.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Фота vytoki.net

Фота vytoki.net

1 лістапада адбудзецца традыцыйнае шэсьце ў Курапаты з нагоды дня памяці продкаў «Дзяды».

Арганізатарам акцыі выступае Кансэрватыўна-хрысьціянская партыя БНФ. Збор удзельнікаў прызначаны аб 11:00 на пляцоўцы каля Менскага заводу гадзіньнікаў. Пачатак шэсьця ў 11:30. Калёна пройдзе звыклым маршрутам зь невялікімі зьменамі з прычыны рамонту на дарогах.

Мяркуецца, што ў 14:00 у Курапатах распачнецца мітынг. Арганізатары заявілі пяць тысяч удзельнікаў.

Першая масавая акцыя па адзначэньні Дзядоў у Беларусі адбылася ў 1987 годзе, ладзілі яе моладзевыя суполкі — «Тутэйшыя», «Талака». Праваабаронца Алесь Бяляцкі стаяў ля вытокаў Дзядоў, ён быў арганізатарам самай першай імпрэзы ў 1987-м каля помніка Янку Купалу і заяўнікам акцыі 1988 году, якая атрымала вялікі розгалас ня толькі ў Беларусі, а і ў сьвеце — з прычыны брутальнага разгону:

«Калі мы пачыналі адзначаць Дзяды, гэтая імпрэза мела некалькі падтэкстаў. Па-першае, мы рабілі гэта ў рэчышчы адраджэньня беларускіх нацыянальных сьвятаў. Ужо тады сьвяткавалі Купальле, адзначалі Каляды — гэта пачалося недзе зь сярэдзіны 1980-х гадоў.

А 29 кастрычніка 1987 году споўнілася 50 гадоў з часу расстрэлу вялікай групы беларускай інтэлігенцыі. Таму разам з аднаўленьнем беларускай народнай традыцыі мы мелі на ўвазе і антысталінскі, я б сказаў, нават антысавецкі падтэкст. Таму што савецкая ўлада была ўкаранёная ў сталінскае мінулае, не прызнавала сваіх памылак, не прызнавала трагічных падзеяў, якія так моцна ўдарылі па беларусах як па народзе, як па нацыі. Мы акцэнтавалі на гэтым увагу, што, не прызнаўшы сваіх памылак, вельмі цяжка будзе ісьці далей. У 1987 годзе яшчэ не была шырока вядомая праўда пра Курапаты. І акцыю мы праводзілі ў парку Янкі Купалы. Тады сабралася некалькі соцень чалавек. На мой погляд, першая акцыя на Дзяды была даволі ўдалая, хоць улады і не дазвалялі нам яе правесьці».

Калі першыя Дзяды ў 1987 годзе ладзілі ў асноўным моладзевыя суполкі, то да адзначэньня наступных Дзядоў у 1988 годзе ўжо далучыўся аргкамітэт Беларускага Народнага Фронту. Тая акцыя набыла вельмі вялікі грамадзкі рэзананс. Бо супраць грамадзян, якія мірна крочылі і зьбіраліся адзначыць ва ўрочышчы Курапаты Дзень памяці продкаў, улады накіравалі міліцыю і ўнутраныя войскі. Для разгону дэманстрацыі былі выкарыстаныя вадамёты і сьлезацечны газ «Черемуха».

Зь «Дзядоў-1988» пачаліся і вельмі сур’ёзныя зьмены ў беларускай гісторыі, у беларускім дэмакратычным руху, які пачаў фармавацца менавіта ў 1988 годзе, кажа Алесь Бяляцкі. Тады Беларускі Народны Фронт здолеў вельмі рэзка і вельмі хутка пашырыцца на хвалі пратэсту супраць здушэньня і нацыянальных традыцыяў, і дэмакратычных памкненьняў беларускага народу. Гэты разгон Дзядоў быў вельмі нэгатыўна ўспрыняты творчымі саюзамі, пісьменьнікамі, мастакамі, інтэлігенцыяй:

«На мой погляд, гэта быў вельмі моцны ўдар па тагачаснай савецкай уладзе. І вось так, крок за крокам, мы расхіствалі гэтую жалезабэтонную савецкую сыстэму, якая не давала беларусам дыхаць свабодна. Ну, і апатэозам былі наступныя Дзяды — 1989, 1990, 1991 гадоў, калі колькасьць людзей павялічвалася і дасягнула некалькіх тысяч. Традыцыйна акцыі завяршаліся ў Курапатах. Тады ж і нарадзілася традыцыя курапацкіх талокаў, усталёўваліся першыя памятныя знакі, крыжы. І традыцыйна Дзяды былі зьвязаныя з памінаньнем ня толькі сваіх продкаў, але і з ушанаваньнем памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў, савецкіх рэпрэсіяў. І таму нічога дзіўнага не адбылося, калі ў 1994 годзе ўлады зрабілі ўсё, каб перашкодзіць масавым акцыям на Дзяды. Па-першае, адмянілі выходны дзень на Дзяды, па-другое, максымальна абцяжарылі правядзеньне гэтых акцыяў і зьвялі правядзеньне нацыянальных акцыяў, якія вельмі важныя для выхаваньня моладзі, усяго народа, фактычна да прыватнай справы толькі палітычных і грамадзкіх актывістаў».

У апошнія гады Дзяды праводзяцца даволі стэрэатыпна — людзі зьбіраюцца каля гадзіньнікавага заводу і па ходніках цягам некалькіх гадзін крочаць да Курапатаў. На думку Алеся Бяляцкага, добра, што традыцыі захоўваюцца хоць так:

«Я думаю, што калі зьменіцца агульная сытуацыя ў Беларусі, адзначэньне Дзядоў набудзе моцны грамадзкі падтэкст. Але я і так рады, што мы рэанімавалі гэта як народнае сьвята і тысячы беларусаў у гэты дзень згадваюць сваіх продкаў, сваіх прашчураў. Гэтае сьвята ўжо трывала ўвайшло ў абавязковы гадавы каляндар багата каго зь беларусаў, і гэта вельмі радуе. Мы паспрыялі адраджэньню народнага сьвята, актуалізаваўшы ў свой час тыя трагічныя падзеі, якія адбыліся ў 30-я гады. Я думаю, гэта добры падмурак для працягу гэтай працы пры зьмене палітычнай сытуацыі ў Беларусі, што непазьбежна раней ці пазьней у нас наступіць».

Радыё "Свабода".

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international